“Т-с-с!” – прыклаў ён палец да вуснаў: “Больш ні слова...”
“А я падумала – нарэшце заўважыў, запрасіў, дык...” – яна заплакала.
А што ён мог ёй сказаць, чым суцешыць. І навошта ён яе запрашаў? І што рабіць цяпер? Супакойваць яе. Цалаваць... Браць... Мілае дзяўчо, мілае дзяўчо...
“Давай сустрэнемся заўтра. А сёньня – спаць. Дзень цяжкі быў...” – ён парадаваўся сабе, што знайшоў выйсьце.
Яна нібыта супакоілася, спытала:
“Увечары?”
“Так.”
“Дзе?”
“Сама прыдумай.”
“У кіно я больш ужо не хачу.”
“Давай пагуляем па парку.”
“Чалюскінцаў?”
“Так.”
“Тады ля ўваходу?”
“Ля ўваходу.”
“У пяць?”
“У пяць...”
“Да заўтра...”
“Бывай...”
А назаўтра, у суботу, пад абед, пазваніла Марыйка:
“Даруй. Я не была ў Менску. Ад’язджала. Мо сустрэнемся?”
Ён быў агаломшаны: то не было ў яго нікога, а тут адразу дзьве... сяброўкі... І што рабіць, як раздвоіцца і ці варта раздвойвацца?..
Ён маўчаў і Марыйка перапытала:
“Сустрэнемся?”
Ён адчуў: калі паўза зноў зацягнецца, ён страціць яе назаўсёды.
“А дзе ты была? Далёка?”
“Справы... Убачымся – раскажу”.
З “Дзёньніка” Аляксандра К.
“Учора на працы ў мяне адбылася сутычка з начальнікам. Ён заўважыў, што я “на службе” нешта чытаю. А хіба забаронена? Дый чытаў я кніжку Шукшына якраз тады, калі на прахадной быў “мёртвы час”: ніхто не заходзіў і не выходзіў.
“Сутычка” – гэта не зусім праўда: начальнік крычаў, я маўчаў. Ён наляцеў на мяне, выхапіў кнігу і пачаў шкуматаць яе. Выглядала сьмешна: ён тужыцца разарваць кнігу напалам, а яна ня рвецца. Тады ён пачаў хапаць і вырываць па некалькі старонак... А потым шпурлянуў кнігу мне ў твар...
За што? Крыўдна. Але я – змаўчаў, сьцярпеў…
А сёньня раніцай, ідучы на працу, начальнік кіўнуў мне: паздароўкаўся. Мне падалося: вінавата…
І ў мяне адлягло на сэрцы: усё нармальна...
Адно – кнігу шкада: аднаўленьню не падлягае...”
“Мо перанесьці сустрэчу назаўтра”, – падумаў ён, бо адчуваў сваю віну перад Сьветай: сам жа запрасіў... Але Марыйка... Марыйка настойвае...
“Я змагу, толькі не раней, чым у сем.”
“Добра.”
“Дзе?”
“Там жа.”
“А мо лепш у інстытуцкім скверыку? Тым, дзе паседжаньні…”
“Мне усё роўна.”
“Тады ў сем?”
“У сем...”
“Дзьве гадзіны, каб разабрацца са Сьветай хопіць, – прыкінуў ён, – што-небудзь прыдумаю...” – і сеў чытаць Шукшына. Таго самага. Якога любіў бязьмежнай чытацкай любоўю.
Аднак не чыталася: перагортваючы старонку, ён заўважыў, што ня памятае, што на ёй прачытаў, настолькі быў заняты сваімі думкамі. Узяў сшытак, асадку, паспрабаваў пісаць – не пісалася. І не сядзелася. Ён заўважыў раптам, што ходзіць з кута ў кут пакою ўзбуджаны – узрушана. У яго сапраўды дагэтуль не было дзяўчатаў. Калі не лічыць аднакласьніцаў, якія падавалі яму нейкія знакі ўвагі на сумесных вечарынках ці днях народзінаў сяброў. Ну, бывала, таньчылі – цесна, шчыльна. Неяк была нават спроба пацалавацца, калі яны з Таняю засталіся ўдвух у цёмным пакоі – адыйшліся, так ім захацелася, на дні народзінаў у Толіка, аднак нічога не атрымалася: толькі тыцнуліся гарачымі вуснамі няўмела ды цмокнулі – паветра ў сябе ўцягнулі, а потым проста краналі сухімі-сухімі вуснамі шчокі, шыю, лоб адзін аднаго...
Пасьля таго ён увогуле ніколі ні з кім не сустракаўся – не было і жаданьня, пакуль ня ўбачыў на паседжаньні Марыйку... Сьвета праходзіла паўз яго сотні разоў да таго, какетліва зыркаючы і нават загаворваючы, але не ўзьнікала ў яго нават памкненьня, а ня тое што жаданьня запрасіць яе хоць бы раз у кіно, тым болей: наўмысна шукаць сустрэчы...
Значыць, усё ж – Марыйка... Але Сьвета ўжо ягоная, а Марыйка – яшчэ невядома, якія конікі пры сустрэчы выкіне... Што лепей: журавель у небе ці сініца ў руках? Зрэшты, што тут думаць, што выбіраць, калі пра дзяўчат ён абсалютна нічога ня ведаў, апроч іхніх імёнаў. І цяпер, згадваючы іхнія твары, постаці, ён вырашыў – дзеля эксьперыменту, дзеля праверкі сваіх здольнасьцяў, інтуіцыі – паспрабаваць угадаць хто яны, з якіх сем’яў, што любяць, што ненавідзяць... А потым праверыць з часам, што з гэтага атрымалася, наколькі ягоныя ўяўленьні супалі з праўдай.
Ён сеў за стол, узяў аркушык паперы, напісаў на ім зьверху: “Марыйка”, адступіў трохі ўправа і вывеў: “Сьвета”. Далей пачаў запаўняць паралельна нібыта адказы на анкету:
Марыйка