Сьвета
Бацька:
навуковец, канд. навук, не гуманітарый;
Шафёр
Маці:
хатняя гаспадыня, па адук. урач;
Вых. дзіц. саду.
Брат:
(Ён ужо ведаў – старэйшы ў Чэхіі). Вучыцца. Тэхнар. Але – адзін;
Няма;
Сястра:
Няма.
Дзьве сястры... (Тут запрацавала ў яго фантазія напоўніцу.) Старэйшая за яе і малодшая. Старэйшая замужам. Няўдала. Малодшая – школьніца. 8-клас;
Сябры:
Толькі дзяўчаты. Хлопцы былі, але не сябры, не сур’ёзна;
Аднакласьнікі. Быў хлопец. Цяпер у войску. Але без надзеі, што вернецца і возьме...
Натура:
Засяроджаная ў сабе. непасьлядоўная. Можа нечым сур’ёзна захапіцца.
Плаксівая, мяккая, Настойлівая. Упартая.
Ён спыніўся: дужа розныя ў яго дзяўчаты выходзяць, проста антыподы. Прычым адная, відочна, са знакам плюс, другая – мінус... І таму наступную графу зрабіў агульнаю, хоць, можа, і зарана:
Чым падобныя:
Любяць марыць. Акуратныя.
І ўсё? Далей зноў пайшло рознае:
Што любяць?
Есьці:
смаж. бульбу;
бульбу ў любым выглядзе
Піць:
пепсі;
ліманад, квас
А сьпіртное?
Хіба што чырвонае віно;
шампанскае
Чытаць:
паэзію, жаночую прозу;
ня любіць
Якія мужчыны падабаюцца:
Высокія, прыгажунчыкі, “душа” кампаніі;
любыя, абы каб любіў ці рабіў выгляд, што любіць: сьцерпіцца, важна не застацца адной...
Не стрымаўся і пасьміхнуўся – ён відавочна сімпатызаваў Марыйцы, але намаляваў яе “ідэал” такім, пад які сам аніяк не падыходзіў. Бо сам быў звычайным. Простым: ні прыгожым, ні брыдкім, ні высокім, ні нізкім, не душой кампаніі, але і не губляўся пры патрэбе... Сярэднячок – можа быць... Але – ён так і ня скончыў ні адну ВНУ, у якія паступаў, ён так і ня мае прыстойнай адукацыі, і не прыстойнай нават, – ніякой. А, мяркуючы па тым, як пачаў расьпісваць якасьці дзяўчат – мае нейкія патрабаваньні да іх. Ды – які з яго муж, бацька? У Сьветы ён мог бы сядзець на шыі, яна б да пары да часу, пакуль не пайшлі дзеці, цярпела б яго, а з Марыйкай гэты нумар ня пройдзе... Бацькі не дапусьцяць. На першай жа сустрэчы спытаюць: і як ты зьбіраешся жыць далей – на заробак вахцёра? Гэта праца для пенсіянераў, а табе ж сям’ю гадаваць... І ўсё. Пралёт. Злазьце, прыехалі: вашая станцыя, выходзьце. Цікава, а ці вучыцца Марыйка? І Сьвета, вядома...
Вучоба:
філфак, бел. аддзяленьне, 2 (закрэсьліў) 3 курс;
не, ужо скончыла тэхнікум, паступаць далей ня думае;
Захапленьні:
літаратура
гатаваць
Намеры адносна яго:
ніякіх;
а чаму б і не...
Далейшыя адносіны:
усё можа ў любы момант абарвацца...
адчапіцца ад яе будзе цяжка, тым болей – агульнае мейсца працы...
Такім чынам, нічога пра дзяўчат ён ня ведаў, а з прыдуманага ім вынікала адназначна хіба адное: прыярытэт для сябе ён вызначыў – Марыйка. Прынамсі, дабіцца яе, а тым болей пакінуць пры сабе, будзе цяжка, значна цяжэй. Між тым, як Сьвету ён ужо лічыў сваёй, даступнай.
Значыць, мужчына-паляўнічы (як добра ён пра сябе думае...) выбірае Марыйку... Та-а-ак... Сёньня варта пастарацца ўтрымаць яе, зацікавіць нечым, не пасварыцца... Чым яе ўтрымаць? Адзіны пакуль агульны інтарэс – літаратура. Калі ён не памыляецца. Тут – прасьцей... Але – утрымаць мала. Трэба яшчэ і сёе-тое выведаць... Даведацца між іншым, і не для гэтай паперкі. Ён склаў сьпісаны аркушык і акуратна разарваў яго, потым яшчэ і яшчэ раз – каб ні ў кога не зьявілася ахвоты складваць кавалачкі.
Зірнуў на гадзіньнік. Да сустрэчы са Сьветай засталося 40 хвілінаў. Калі зараз выйсьці, то можна і не спазьніцца. Ён апрануўся насьпех, не выбіраючы, у тое, што насіў звычайна, і пайшоў.
З “Дзёньніка” Аляксандра К.
“Горад, родны горад нейк прашоў міма мяне, хоць я і пражыў у ім ўсё жыцьцё. Не было тут у мяне сяброў – нават у двары, а тым болей – сябровак. Неяк не цікавілі яны мяне. Можа, таму, што з-за частых пераездаў бацькоў – а мы памянялі чатыры кватэры ў розных раёнах – мне давялося вучыцца ў чатырох розных школах, а значыць, прыходзіць навічком ва ўжо зьбіты клас.
Мая сарамлівасьць (і заіканьне) не спрыялі хуткаму зьяўленьню сяброў, а як толькі я звыкаўся і мяне пачыналі прымаць у свае кампаніі аднакласьнікі такога, які я ёсьць, мы зноў пераязджалі...
Па вяртаньні з вёскі, праўда, я шукаў працягу тых кантактаў, што былі ў мяне з Наташаю. Аднак зацягнуць дамоў аднакласьніцаў было цяжкавата. Дый неяк саромеўся я. Але калі мне было гадоў дзевяць патрапіў я да суседскай дзяўчынкі Алесі, якой было гадоў трынаццаць. Здаецца, мама мая пайшла ў тэатр і папрасіла яе паглядзець за мною.