Ён прыйшоў дахаты зусім ачмурэлы ад мрояў. Не распранаючыся ўпаў на ложак. І доўга ляжаў, гледзячы ў столь, пракручваючы адны і тыя ж думкі...
З “Дзёньніка” Аляксандра К.
“Пазнаёміўся з адною дзяўчынаю. У яе брат – змагар, як яна кажа. Разам з іншымі змагаецца з дыктатурай. Расклейвае ўлёткі, распаўсюджвае анты-газеткі, ходзіць на пікеты ды мітынгі, “лёзунгі” на сьценах піша...
Мне сьмешна стала: тожа мне – героі-падпольшчыкі... Як пры немцах: улёткі расклейваюць, “жыцьцём рызыкуюць”.
Праўда, яна мой сьмех не зразумела. Кажа, і сапраўды рызыкуюць, і сапраўды героі: міліцыянты, калі затрымліваюць, б’юць тых хлопцаў моцна, не шкадуючы, “суткі” даюць, штрафуюць.
Я: дык ёсьць за што – сьцены псуюць, клеем мажуць, графіці – слова якое прыдумалі! – пішуць, пэцкаюць фарбаю дамы і платы – “Жыве Беларусь!” Ну жыве, а хто супраць? Няхай жыве…
Карацей, не паразумеліся з ёю. Яна іх героямі лічыць. А мне – сьмешна...”
Што ён зробіць з Марыйкаю – яму прысьнілася ў тую ж ноч... Яны ідуць па лесе. А лес ня змрочны, а чысты-чысты. Залаты – хваёвы, белы – бярозавы. Дзень сонечны. Трава зялёная. Неба блакітнае – ні хмурынкі. Прыгажосьць неапісальная. Марыйка нагінаецца, каб сарваць ягадку. Сунічку. А сукенка ў яе кароткая. Вецер-гарэза падхоплівае спаднічку, загортвае на сьпіну. А Марыйка там, далей – без нічога, і тое, што ён бачыць, набліжаецца да яго, заварожвае, павялічваецца, як у кіно, на ўвесь экран... і ён прачынаецца, прахопліваецца ў ложку.
Вакол цемра. Ён мацае яе перад сабою і ня можа адразу зразумець, дзе ён? Вакол пустэча... Ён палохаецца, але цемра патроху ападае, і ён бачыць абрысы коўдры на нагах, потым белую лямпу ля ложку і здагадваецца, што ён дома, у сваім пакоі... “Вельмі важна, – думае ён у працяг сну, – запрасіць яе так, каб ніхто ня ведаў, што яна з ім. На ўсялякі выпадак. Ці мала што. Мяркуючы па адносінах у іхняй сям’і, Маша нікому ня скажа пра яго. Магла б сказаць брату, мажліва, магла б, але брат цяпер пад арыштам. А бацькам – ніколі ня скажа... (А Сьвета сказала б сястры – пахвалілася. Ці мужу яе... Вось дзе падсьвядомасьць дапамагла, вынырнула своечасова.) Усё сыходзілася. Усё было як найлепш. Ён, нарэшце, знайшоў тое, што яму трэба... Добра, што жыцьцё, часам, дае нам права на выбар. І я выбіраю... я выбіраю... лепшае... Ён усьміхнуўся, і з гэтаю ўсьмешкаю на вуснах заснуў.
З “Дзёньніка” Аляксандра К.
“Адна заве мяне Сашам, як мама, другая Алесем, як ніхто больш ня кліча.
І хоць я вельмі люблю маму, сэрцам схіляюся да той, што называе мяне Алесем. Хоць нават вершы свае, і беларускамоўныя, я падпісваю – прынцыпова – Аляксандр, а не Алесь…
Навошта мне гэтыя дзяўчаты? Чаму я столькі гадоў жыў бяз іх, жыў не зважаючы на іх прысутнасьць і раптам кінуўся ў “каханьне”?
Шчыра прызнацца – а як іначай у сваім дзёньніку, які, спадзяюся, ніхто не пачытае – ёсьць у мяне да жанчын, да дзяўчат, нейкая боязь, ці што, з таго самага часу, як у мяне не ат… (далей закрэсьлена, шчытна замазана атрамантам, так што не расчытаць)...
Але – не, ня буду пісаць цяпер, хай застанецца гэта толькі маім…
А яшчэ таму, што дастала маці.
Не, яна ня лезе з лішнімі роспытамі, не задае пытаньні пра “маіх” дзяўчатаў. Думаю, яна здагадваецца, так, яна безумоўна, ведае, што ў мяне нікога няма. Прынамсі, да нядаўняга не было.
А час ужо.
Гады падціскаюць. Мне 27. Маці ня супраць ужо і бабуляй стаць, унукаў пагушкаць.
Ёй, пэўна, і перад сяброўкамі няёмка. Таму з месяц назад, пасьля таго як “выправіла” мяне на першае спатканьне, яна асьцярожненька пачала распытваць. Ды так, што я падумаў раптам: ці не падазрае яна мяне ў тым, што я “блакітны”, як многіх адзінотных хлопцаў цяпер падазраюць, бо, нарэшце, дачуліся пра такую зьяву, якой раней у нас, як і сэксу, “не было”….
А ў мяне ж і хлопцаў-сяброў няма...”
...А Марыйка, між тым, зноў прапала. Не на дзень, не на два і не на тыдзень. Зьнікла, нічога не сказаўшы яму. Ён тэлефанаваў, вечарамі прыходзіў да яе пад’езду, сядзеў, чакаў непадалёку на лаўцы, назіраючы за ўсімі, хто заходзіў у дом, але Марыйкі сярод іх не было. І, падобна, што вечарамі не гарэла сьвятло ў ейнай кватэры. А дзе ў іх лецішча, ён так і не дадумаўся спытаць.
Усе ягоныя планы разбурыліся. Больш за тое, ён адчуў раптам, што яму не хапае той дзяўчыны, што там, дзе яна была ў ягонай душы, у сэрцы – пуста. Вецер гуляе... “Забудзься... – паспрабаваў было супакоіць ён сябе. – Такіх, як яна – тысячы. Добра, што зьехала, і ў цябе ёсьць час агледзецца і адумацца. Каб не нарабіць глупстваў”. Але – не магла яна так вось, не сказаўшы нічога – зьехаць. Пэўна, нешта здарылася... А калі зьехала, не падумаўшы пра яго – дык трэба забыцца пра яе як мага хутчэй. Але – а як жа брат яе? Можа, і яе пасадзілі – сьледчыя выведалі, што і яна была там, ля школы?.. І перадачы ёй нават няма каму насіць... І ён у каторы раз з надзеяй ішоў да яе дому. І “забыцца” на яе ня змог, нават выпадкова даведаўшыся, што і сапраўды яна зьехала з бацькамі адпачываць на поўдзень, а брат нібыта нейкім незразумелым чынам вызваліўся, і адразу ж, зноў праз Украіну, махнуў у Чэхію (пачуў гэта ад суседак-бабулек, што перамаўляліся пры пад’езьдзе).