Выбрать главу

Вярнуўшыся Марыйка, як ні ў чым ні бывала, па­­тэлефанавала яму:

“Дзень добры... Убачымся?..”

Ён ішоў на спатканьне ўскрыўдаваны дарэшты з намерам “закаціць” скандал, а прыйшоў, убачыў яе і адмяк, ледзь не заплакаў ад радасьці сустрэчы. Яна пахарашэла, нібыта нават пасталела. Паўднёвы загар ёй дужа пасаваў. Ён ня стаў распытваць яе пра адпачынак, хоць адчувалася, што яна чакае пытань­няў, ёй карціць распавесьці. І яна ня вытрымала. Ён слухаў і ня чуў яе, а думаў пра сваё. І раптам, ні з таго ні з сяго, між яе словаў пра пякучую гальку на беразе – аж пяткі шыпяць, бы на патэльні – сказаў:

“Давай на выходныя наладзім пікнічок у лесе...”

“З кампаніяй?”

“Не, удвох...”

“Давай...” – пагадзілася яна, па інерцыі, між ін­шым, але разам нібыта і адчуваючы-залечваючы сваю віну перад ім. А потым перапытала:

“Удвох? А як гэта?”

“Звычайна. Арганізацыю я бяру на сябе. Выедзем у суботу. А дзявятай чакаю цябе на чыгуначным вак­зале пад табло.”

І ўсё. Што было далей, як яны разьвітваліся – ён ня памятае. Здаецца, не – дакладна, ён давёў яе да дому, да пад’езду, здаецца, ён быў вясёлы і нават непасрэдны з ёю, здаецца, ён спадабаўся ёй у той вечар. Але ён ня памятае... Дакладна ня памятае. Бо ў думках радаваўся: як лёгка ў яго атрымалася запрасіць яе, і як лёгка яна пагадзілася.

Не сказаць, каб час да суботы цягнуўся, як стары ды­зелёк пад гару, не сказаць, каб праляцеў зьнічкаю-электрычкаю, але ў пятніцу вечарам Марыйка патэ­лефанавала:

“Што ўзяць з сабою?”

“Апраніся па-спартоваму.”

“Што ўзяць?”

“Нічога. Я ж сказаў – гэта мой клопат.”

“Мо што з харчоў?”

“Я сам...”

“Тады а дзявятай.”

“А дзявятай...”

Ён пракруціў потым у памяці гэтую размову і па­­­думаў: дужа халодная яна была нейкая, нібыта не каханкі пра спатканьне дамаўляліся, а крымінальнікі “на справу” зьбіраліся. Што дзіўнага, супакоіў ён сябе: Марыйка адчувае сваю віну, а я і сапраўды “на спра­ву” зьбіраюся... Ён усё ўжо прадумаў, усё пралічыў. Ён ведаў, што сітуацыя ўносіць свае карэктывы, але, здаецца, быў гатовы да любых нечаканасьцяў, да любых паваротаў. Ён не сказаў ёй узяць купальнік, хоць едуць яны да возера. Але – месца там ціхае, бязьлюднае, і можна будзе пры жаданьні пакупацца, пэўна, ужо і не саромеючыся адзін аднога... Намёт ён узяў напракат, падсьцілак сабраў дома, ежы і пітва набыў у бліжэйшай краме.

Ноччу доўга ня мог заснуць, пракручваў мажлівыя варыянты. Ад гвалту да гвалту: ад – з ягонага боку, што натуральна, да – з ейнага, што ня выключана. І пажадана – падумаў ён. Паварочаўся яшчэ трохі і нарэшце – заснуў.

З “Дзёньніка” Аляксандра К.

“Мой апошні верш – паводле сну:

...Язычок чырвона-чорны

вытыркаецца з жоўтае дзюбы

пры галаве невядомае птушкі

Цела, зьедзенае мурашамі,

Перамяшанае з зямлёю

Ляжыць побач

Пёркі адрываюцца ветрам

І нясуцца ў неба, у сьвет,

Пераліваюцца жывымі колерамі на сонцы

Злавіў адное пёрка

Паказытаў ім шчаку каханай,

Што заснула пасьля...

Яна сьмешна зморшчыла нос

І адвярнулася

І толькі цяпер я ўбачыў,

Што і да нас паўзуць

Чырвоныя Мурашы...”

Прахапіўся за пяць хвілінаў да званка будніка. Ху­­ценька сабраўся і выехаў на вакзал. Хвілінаў дваццаць пасьля доўгай чаргі і набыцьця білетаў чакаў Марыйку. Яна вынырнула з натоўпу сьвежая – выспаная і крыху ўзбуджаная. “Прадчувае, зда­гадваецца” – падумаў ён. Пэўна, таксама пралічыла варыянты...