Выбрать главу

Параю яны былі прыгожаю – ён бачыў гэта па позірках пасажыраў у электрычцы. “Цікава, ці ня­вінная, ці цнатлівая яна?” – думаў ён, гледзячы скосу на Ма­рыйку, якая сядзела побач і, калі электрычка на поўнай ходзе паварочвала ці прытарможвала, іх целы судакраналіся, і па ім пераможна прабягалі дрыжыкі прыемнасьці.

Яны выйшлі на лясным прыпынку. Вёска была не­дзе побач, але яе не было відаць з-за дрэваў. Яны па­йшлі ў супрацьлеглы ад вёскі бок – да возера. Пайшлі ад­ны – як ён і разьлічваў: усе іншыя, хто ехаў адпачываць, выйшлі раней. Марыйка заставалася вясёлай і непасрэднай, радавалася навакольнай пры­гажосьці і, чапляючыся за ягоную руку, пры­хіналася да яго ў захапленьні ад незвычайных края­відаў. А калі адкрыўся від на возера – у яе ажно дых перахапіла: “Ніколі ня думала, што пад Менскам ёсьць такая пры­гажосьць, такія файныя мясьціны... І што дзіўна – людзей зусім няма”.

Яны знайшлі ўтульную паўвыспачку, што неглы­бока ўдавалася ў возера, спы­­ніліся.

Праз дзясятак хвілінаў куточак гэты выглядаў ужо абжытым. Стаяў намёт, перад ім палала вогнішча, а яны, выкупаныя, стаялі выцягнуўшы да яго рукі, і хоць было адносна цёпла і вада не была халоднаю, дрыжэлі саграваючыся. Ён глядзеў на яе сьсінелую, у гусіных пупырышках, і зьдзіўляўся: як дзіцё, ну зусім дзіцё... Пэўна, вочы выдалі ягонае, замілаваньне ёю, бо яна зірнула на яго і усьміхнулася – нібыта вінавата, нібыта саромеючыся...

– О-о-о, ды тут сямейка адпачывае... – пачуў ён ззаду голас і ўздрыгнуў ад нечаканасьці. Азірнуўся, да іх ад лесу ішло трое хлопцаў. Двое высокіх, адзін нізкі – горкае хлапчанё. Гаварыў якраз гэты – самы нікчэмны, але, відаць, тут лідэр. Па ўзросьце яны былі, пэўна, аднагодкі – гадоў па васямнаццаць, і толькі зблізку, ён убачыў, што старэйшым з іх быў якраз той, каго ён здалёк палічыў за “хлапчанё”: яму было далёка за дваццаць.

– Занялі нашае месца і не вітаюцца, – працягваў “лідэр”, – ну, здароўце...

Ён нешта мармытнуў у адказ і для пэўнасьці хіт­­нуў галавою – ведаў з вясковага жыцьця, што адмаўчацца – значыць, пакрыўдзіць іх і ад пачатку займець варажнечу. Ма­ша прамаўчала – крыху пагардліва паглядала на хлопцаў, што стаялі ўжо ў двух-трох кроках.

– А краля, гля ты, якая краля ў яго, – працягваў “лідэр” (астатнія панура, як яму падалося) маўчалі. – І цю-цю-цю – дай памацаю... – і пайшоў да Ма­рыйкі.

Намеры ягоныя, ды і ўсёй кампаніі былі віда­воч­нымі. Пэўна, яны нейкі час сачылі за імі з узьлеску і абмеркавалі ўжо, што і як будуць рабіць. Ён гэта зразумеў яшчэ і па насупленым маўчаньні астатніх: ролі былі падзеленыя. “Лідэр” чапляецца да дзяўчыны, і, гледзячы на драбнату хлапечую, ён вымушана заступаецца за яе, і тады на яго накідваюцца астатнія...

Ён разумеў гэта, але і не адказаць, не ўступіцца за Марыйку, да якой падышоў ужо “малеча” і цягнуў рукі, а яна адхіналася і біла па іх нешта мармычучы, ён ня мог. І толькі зрабіў крок да “лідэра” і Марыйкі, як апынуўся на зямлі і адчуў удары ног – босых, (ён зьдзівіўся – босых, бо ня бачыў ног хлопцаў, калі яны падыходзілі), з падкурчанымі пальцамі, а таму ўдары былі хоць і балючымі, але слабымі. На яго на­валіліся двое, пачалі зьвязваць рукі за сьпінай, а “малеча-лідэр” паваліў і цягнуў Марыйку ў намёт. Яна крычала, вырывалася, і калі ён памкнуўся быў да яе – атрымаў удар ці не паленам нейкім па галаве і страціў прытомнасьць...

...У апошнія імгненьні яму падалося, што ён сьпіць. І нават сьніць (ці ўжо – адсьніў) нейкі сон. Ду­жа цьмяны, няпэўны, незапамінальны. І вось ён пра­­чынаецца... Але спаў ён у дзіўнай паставе, нязручнай: но­гі закляклі, шыя баліць не павярнуць... Ён расплюшчвае – з неймавернай, неверагоднай цяжкасьцю – вочы: так і хочацца прадраць іх рукамі, пальцамі... рукі ня слухаюцца... першае, туманнае, як між сьлёзаў, сьвятло – вакол дзень, ня ноч і ня раніца, хутчэй другая палова дня, паварот да вечару. І ляжыць ён ня ў ложку, а на траве, на беразе нейкае вады – возера ці рэчкі... Ён падымае галаву, сядае, пазнае свой намёт і пачынае прыгадваць, што было: так, яны прыйшлі сюды раніцай з... Марыйкай... А дзе МАРЫЙКА?!! – ледзь не крычыць ён, хоча ўскочыць, каб агледзецца, і зноў падае, амаль губляючы прытомнасьць. Мацае галаву – на пальцах кроў, а ў левай руцэ – крывавыя, прыліплыя да далоні, прыкарэлыя кроўю... жаночыя плаўкі... Што я нарабіў? Хто гэта зрабіў!!! Ён ступае некалькі крокаў наперад, да вады, і раптам бачыць Марыйку – жоўтую пляму ейнага цела... Ён жахаецца, падае на калені і паўзе да Марыйкі, паўзе, абапіраючыся на рукі і рукамі падцягваючы сваё непаслухмянае цела. Як яму хацелася б, каб Марыйка проста спала... каб была яна – жывая, але – уся яе пастава, голая, ненатуральна скурчаная... І гэтая кроў закарэлая, карычнева-чыр­воная на жываце, на клубах... І яна – ня дыхае... не... не... не... Ён прыпаў вухам да аголеных грудзей – і пачуў, што сэрцайка б’ецца... Кінуўся да вады, набраў прыгаршні, але пакуль данёс – уся яна вылілася, зьбегаў яшчэ раз, шчыльней сьціснуў далоні, і выліў на вусны Марыйкі колькі кропляў вады. Потым пачаў яе трэсьці яе за плечы: ачніся, ачніся, ачніся... І яна расплюшчыла вочы...