...Што было потым. Анічога. Сяк-так яны абмылі кроў, апрануліся, ня гледзячы адно на адное, моўчкі, нібыта саромеючыся, сабралі рэчы, намёт, пайшлі на станцыю. За ўсю дарогу не перакінуліся ні словам. Марыйка толькі дрыжэла, усё не магла сагрэцца. Калі прыехалі ў Менск быў вечар – што добра, бо людзі не зважалі на іх – узялі таксоўку... Калі разьвітваліся ля пад’езду – Марыйка заплакала... Ён пастаяў трохі побач, а потым павярнуўся і пайшоў... А што ён мог зрабіць? Супакойваць яе – дык любыя словы выклікалі б толькі істэрыку...
Не… не…. не….. не…… не………
Гэта цяпер ён думае, што так было. Каб апраўдацца. Каб апраўдаць сябе, сваю слабасьць, ды што там – здраду і маладушша. Бо было ўсё зусім ня так. Было нашмат прасьцей…
Хлопцы і сапраўды падыйшлі нечакана. З вудамі, трохі п’яныя. Трое, самы старэйшы, “лідэр” – невысокі, зусім курдупель. Пачалі пажартоўваць з іх зьмерзлых. Але па-добраму. Прыселі побач. Параілі яму, дзе можна рыбу павудзіць, калі захоча. Паказалі злоўленых карасікаў – яшчэ жывых, жвавых: як сьмешна трапяталі яны ў яе руках, пырскаючы на шыю і грудзі дробненькімі кропелькамі празрыстае вады… Дасталі пляшку. Выпілі. Самі. Іх з Марыйкай запрашалі, але яны адмовіліся. Усё нейк без напружаньня, натуральна. Хоць і хвалявала яго тое, што прыйшлі гэтыя хлопцы, што сядзяць тут… Нібыта прадчуваньне, што ўсё гэта можа дрэнна скончыцца для яго. Прадчуваньне? Гэта цяпер ён, зноў жа, шукае апраўданьня сабе. Ніякога прадчуваньня не было. Выпітага хлопцам падалося мала. Звычайная справа. “Слухай, – зьвярнуўся да яго “лідэр”, – а ці ёсьць што ў вас? Сядзіце, дрыжыце… Давайце пагрэемся. Ну, даставай, гарэлку! Шкадуеш? А ну – паказвай!” У яго гарэлка была. І яму не шкада яе было. Але тон, з якім прамаўляў “лідэр”, яму не спадабаўся. Захацелася агрызнуцца. А п’яным ці шмат трэба? Карацей, далі яму ў рыла раз-другі і прапёрлі да электрычкі. Ён ускочыў у вагон і паехаў да Менску, а яе, Марыйку, так атрымалася, пакінуў адну з чужымі мужчынамі…
З “Дзёньніка” Аляксандра К.
“...У гэтым жыцьці ўсё прадвызначана і ўсё ўжо недзе там, наперадзе, адбылося. І час такі ж матэрыяльны, як і прастора, што вакол нас.
Таму і мажлівыя падарожжы ў часе.
Мы можам у ім перамяшчацца гэтаксама, як у лесе, у вадзе, у горадзе.
У розных месцах мы бываем у розны час – у розным часе мы бываем у розных месцах. І калі мы можам вярнуцца ў тое месца, дзе ўжо былі ці пайсьці туды, дзе нас яшчэ няма, значыць мы можам патрапіць і ў той час, дзе ўжо былі.
Час нязьменны ў сваёй зьменлівасьці. Час – дарога, па якой мы ідзем. Ад падзеі да падзеі, ад учынку да ўчынку...
Усё ўжо адбылося – гэта мы называем лёсам, наканаваньнем. Там, наперадзе, мы памёрлі ўжо – гэтаксама, як там, ззаду, – нарадзіліся. Ужо...
Хто гэта аспрэчыць?
І шлях наш – да сьмерці – расьпісаны і пазначаны.
Раней я думаў, што мы – на гэтай жыцьцёвай дарозе, у пэўныя, лёсавырашальныя моманты, можам нешта зьмяніць: пайсьці налева, а не направа, выбраць у жонкі чарнявую, а не бялявую і г. д. Цяпер бачу: не.
Усё ужо адбылося. Жыцьцё – кінастужка з пачаткам і канцом. І мы проста глядзім яе не падазраючы, што на ёй ўжо ўсё адзьнята да самага канца.
Проста мы ня ведаем гэтага. І заўтрашні дзень на ёй ужо ёсьць, і пасьлязаўтрашні... І ўсе выпадковасьці спланаваныя, і ўсе твае нават самыя нечаканыя крокі – спрагназаваныя”.
…Не, хлопец, до! Досыць! Прызнавайся хоць самому сабе. Хоць тут, у апошнія свае хвіліны, не выдумляй сабе версіяў. Кажы самому сабе праўду. Нарэшце. Кажы!..
Так, хлопцы прыйшлі. Выпілі. Пачалі чапляцца да іх. “Вы трахацца прыехалі? Ну дык трахніцеся перад намі. А мы паглядзім… Як у кіно. Вам што – шкада?..” Іх было трое, на чале з курдупелем-“лідэрам”. Яна пасьмейвалася ў адказ. Нібыта абыякава, а нібыта і з цікавасьцю, нібыта ня супраць… Нібыта падыгрывала ім, імкнучыся ўсё ператварыць у жарт. А ён успрыняў іхнія прапановы ўсур’ёз. Пачаў адпірацца, аднеквацца. Далей – болей. Далей – горай. Хлопцы кінуліся да яго пачалі сьцягваць плаўкі. Жарт? Які там жарт… А яна сьмяялася… Псіхануў ён. Вырваўся з іхніх рук, апрануўся і сыйшоў. Сам. Пакінуў яе адну з тымі хлопцамі. Пайшоў злы да электрычкі. Яна і не памкнулася спыніць яго. Засталася… Цягнік якраз падыходзіў да станцыі. Ён нават падбег трохі і, не раздумваючы, ускочыў у апошні вагон. І толькі там усьвядоміў раптам, што зрабіў… Прывёз дзяўчыну за горад і пакінуў з-за сваіх псіхаў і надуманай злосьці на яе – адну з чужымі мужчынамі… Нават і не падумаў, што ёй пагражае… Ня будзе яму дараваньня… Як яна там? Што яны там?... Ледзь дачакаўся, калі электрычка спыніцца на наступнай станцыі, выскачыў, пабег назад... Колькі часу прайшло пакуль ён вярнуўся? Мо гадзіна, мо – трохі больш. Ці нават менш. Гэта яму сьцягнулася дарога назад. Хвілінаў трыццаць, пэўна… Але бераг быў пусты. Недагарэлае вогнішча – залітае, чорнае, галавешкі яшчэ дымяцца шызай кволасьцю… трава вакол прымятая… І нікога. Згадаў пра тэлефон. Працуе. Набраў яе нумар. Цішыня, а потым “тэлефон у недасягальнай зоне альбо адключаны”. Дзе шукаць Марыйку? Кінуўся ў адзін бок, у другі. І сеў у роспачы… Добра, калі ўсё добра… А калі… Малюнкі паўставалі перад ягонымі вачыма адзін жахлівей за другі… Як дабраўся ён да Менску – ня памятае. Паехаў да яе дому. Стаяў пад вокнамі. Доўга. Навокал счарнела ад ягонага чаканьня ноч. Мільгануў цень за фіранкаю (праз колькі часу?) – здаецца яе, Марыйкі. Патэлефанаваў у каторы раз. Слухаўку не бярэ. Патэлефанаваў на хатні. Маці сказала: “Марыйка дома…” Потым спытала: “А што здарылася: яна ня хоча падыходзіць… Мо пасварыліся?..” “Не, нічога…” – толькі і змог ён вымавіць... Марыйка дома – і дзякуй Богу.