Усялякая дыктатура – часовая. І гэта ведаюць і кожны дыктатар, і ягоная сьвіта. І трымаюцца яны толькі на страху, які імкнуцца пасяліць у свой народ.
Пераадолець гэты страх, які ўплывае ня толькі на палітычную актыўнасьць людзей, але і на простыя чалавечыя адносіны – вось што важна.
Дыктатура не разумее, што трымаючы ў страху народ, яна разбурае яго, гэты народ, псіхалагічна, а значыць, зьнішчае і сваю дзяржаву, сваю ўладу, урэшце рэшт...
Рабы ня могуць паўстаць, але яны ня могуць і ствараць… А таму ня можа быць ні ў іх, ні ў такой дзяржавы будучыні.
Пераадолець страх, стаць Чалавекам Вольным і Незалежным, трэба кожнаму. І забіць дракона страху неабходна найперш у сабе…
Так, пачынаць трэба з сябе…
З сябе!”
Выспа свабоды, альбо Загляне сонца.
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Вось і ўсё: тое, што павінна было здарыцца – здарылася. Я там, куды так не хацела патрапіць, чаго некалі пазьбягала ўсяляк, нават край рызыкуючы… І тут, скажу, ня так ужо і кепска, бо трапляюць сюды ня самыя горшыя людзі. Прынамсі, патрапілі разам са мною. Пачынаю дзёньнік, які ніколі не пісала з прынцыпу. Хачу паспрабаваць перадаць паперы ня толькі свае думкі, але і найстрой, пачуцьці, што перапаўняюць мяне. Баюся, потым ня ўдасца іх аднавіць і перажыць наноў. Адзінае чаго не хачу, каб гэты дзёньнік, без маёй на тое волі, трапіў камусьці ў рукі. Баялася таго і дома, таму ніколі і не распачынала запісы, але тут я рызыкую больш – у любы момант у камеру можа зайсьці нехтачкі і забраць мой сшытачак без тлумачэньняў, гаркнуўшы: “Не дазволена!”, як забіралі ў нас пры шмоне перад пасадкай сюды, на Акрэсьціна, усе рэчы, якія знайшлі, а тым болей нататнічкі, паперу ўвогуле. І чаму яны так баяцца запісаў, зробленых тут? Незразумела… Памяць у нас добрая, і мы можам усё ў падрабязнасьцях аднавіць і дома. Аднак, не: дома пішыце, што хочаце, а тут – нельга… Тым ня менш, раблю гэтыя занатоўкі цішком. Ня ведаю, ці спатрэбяцца яны калі і ці варта рызыкаваць... Ня думаю, што напішу нешта адметнае і годнае ўвагі. Але паспрабую ў надзеі, што досьвед, набыты тут, ніколі больш не паўторыцца і не спатрэбіцца ні мне, ні маім блізкім. А запісы застануцца выключна як памяць…”
Як ні стараўся Трачыла падыйсьці да камеры ціхенька – дзяўчаты ўсё роўна яго чулі, і толькі ён прыладжваўся да “вочка” ў дзьвярах, хто-небудзь падаваў голас: “Зноў прыпёрся!..”
Сьвятло ў камеры на ноч не выключалася. Цьмяна-жоўтая “дзяжурная” лямпачка над дзьвярыма – чытаць пад якой было немажліва: балелі і сьлязіліся вочы – тым ня менш, невялікае памяшканьне з незразумела-бруднага колеру сьценамі асьвятляла даволі ясна. Трачыла заглядваў у "вочка" і глядзеў на дзяўчат, якія спалі зусім ня думаючы, што за імі нехта будзе назіраць: у разьняволеных, на колькі можна гэта на цесных нарах, паставах… Трачыла сьцішваўся за дзьвярыма і пачынаў тое, дзеля чаго і прыйшоў. У нейкі момант ён забываў, дзе знаходзіцца, і таму ягонае дыханьне ды юрлівы шоргат аднойчы пачулі дзяўчаты, якія ня спалі. Пасьля гэтага яны не давалі яму мажлівасьці нават прыпыніцца незаўважаным каля іхняй камеры. Як толькі ён падыходзіў, адразу сярод дзяўчат пачыналася гульня ў досьціп.
– Зноў прыпёрся, Трачыла? А сюды, да нас, слабо?
– Пэўна, няма чым хваліцца…
– А жонка ў цябе ёсьць?
– Лічыка пакажы, пакажы сваё лічыка, Трачыла, мо я цябе пакахаю?..
– Лычыка ён пакажа, лычыка… – гэта Тацянка азвалася, як заўсёды трапна. Звонкі дзявочы сьмех пакаціўся па камеры. Сьмех, які, кажуць, разбурае нават кайданы...
Так, і сёньня таксама яшчэ ніхто ня спаў. Як тут засьнеш: заўтра на волю…
Ніколі ня бачаны Трачыла, хіба толькі край галавы ды правае вока, а яно адно, мо ад няпрыязьні да гэтага чалавека, здавалася страшна непрыгожым, сьвіным, з даўгімі чорнымі вейкамі, не адгукаўся, моўчкі рабіў сваю справу. У першую ноч, калі яго пачулі, ён было зьбег, але, відаць, не ад сораму, а ад нечаканасьці; жаданьне аднак аказалася мацней, і ён вярнуўся да вакенца і больш ужо не ўцякаў, пакуль не сканчваў сваю справу – толькі агідна соп ды хакаў.
Марыйцы, як і ўсім, было брыдка і гідка гэта, але яшчэ непрыемней было ёй распачынаць выкрыкі на адрас Трачылы. Для іншых дзяўчат, асабліва для старэйшых, была то яшчэ і нейкая разнастайнасьць у турэмным жыцьці, а яна адварочвалася да сьцяны і пачынала думаць пра што-небудзь сваё ці ў думках пісаць дзёньнік, які яна пачала “весьці” тут. Да таго неяк не заўважалася, а цяпер ляжаць ёй на голых дошках было мулка, няёмка, хацелася павярнуцца на другі бок, але яна не жадала сустрэцца позіркам з тым пахаблівым вокам Трачылы, і цярпела нязручнасьць. Сон, яшчэ і праз гэта, не ішоў і яна думала, думала, думала… Гэтая ноч, потым дзень, вечар і ёй – на волю. Дзякуй Богу, усё некалі сканчваецца, скончыцца і гэта… А вось успаміны – застануцца. І ня толькі пра дні ўвязьненьня, але і пра тыя, незабыўныя, можна сказаць – шчасьлівыя, дні і ночы на пляцы Каліноўскага…