Той вечар дзевятнаццатага сакавіка яна чакала. Чакала без асаблівай надзеі на нешта, але чакала. Чаму без надзеі? Ды таму, што яшчэ да пачатку было зразумела, чым скончацца чарговыя “выбары”: уладу сваю, а яна стала сапраўды “сваёй” для пэўнага кола, ніхто не аддасьць, бо страта ўлады азначала б ня проста губляньне імі свайго панаваньня, а фактычна – сьмерць. Для многіх ня толькі палітычную, але і… Зрэшты, што цяпер пра гэта казаць: яны засталіся, зрабілі усё, каб застаўся іхні кумір, а значыць нічога ня зьменіцца ня толькі для яго, але і для ўсіх, хто вакол, хто прыжыўся і нажыўся пры ім… Бо адзінае чаго яны баяліся і не хацелі – гэта пераменаў.
Так, надзеі не было. Быў адчай, была горыч, што зноў падманулі. І было жаданьне пайсьці на плошчу. Хай і з рызыкай, што ніхто больш ня прыйдзе. Бо дужа ж запалохвалі людзей па тэлевізіі перад тым. Страху на народ нагналі! Асабліва на тых, хто і не зьбіраўся ісьці на мітынг, ды мо і не хадзіў ніколі на нейкія іншыя “несанкцыянаваныя акцыі”. Марыйка заўважыла гэта і па сваіх аднакурсьніках, якія яшчэ за тыдзень да таго храбрыліся-харахорыліся, а потым неяк разам замоўклі, і ёй нават няёмка было пытацца ў іх: ці пойдуць?
Яна йшла на плошчу адна, ішла ня загадзя, а якраз пад прызначаны ў абвестках час: недзе без пяці сем гадзінаў вечару была ля крамы “пад гадзіньнікам” насупраць КДБ. І насьцярожана заўважала, што не адна яна набліжаецца да Кастрычніцкай плошчы. Ішла і думала: ці пусьцяць сёньня людзей на плошчу, ці мо яна акружаная некалькімі шэрагамі амапаўцаў, як бывала звычайна, і людзей пачнуць хапаць ужо на падыходзе і закідваць у аўтобусы... Навучаная ранейшым досьведам, міжволі ўзіралася далёка наперад, каб улавіць там нейкія рухі і перастрахавацца. Аднак нічога падазронага не было. Побач і насустрач ёй ішлі, здавалася, звычайныя мінакі. Вось і плошча: праход свабодны, міліцыянтаў не відаць, пэўна, загадзя пралічылі “пераможцы”, што людзі сюды ня пойдуць, пабаяцца запалохваньняў. Колькі апошніх дзён па тэлевізіі круцілі выступ старшыні КДБ, які казаў, што ўсіх, хто выйдзе 19 сакавіка на менскую Кастрычніцкую плошчу, залічаць у экстрэмісты-тэрарысты і іх чакае альбо пажыцьцёвае зьняволеньне ў турме, альбо… расстрэл. Так, расстрэл. І паварочваўся ж язык казаць такое да свайго народу… Але гучала гэта страшна і пераканаўча. А перад тым прайшлі арышты – прэвентыўныя – сярод актывістаў апазіцыі, тых, хто мог, нягледзячы ні на што, выйсьці на плошчу: больш за сто чалавек ужо сядзелі ў турмах. І зусім сьмешны выпадак – тут яны перастараліся, паказалі, што і ў іх нервы здаюць: нейкі хлопец, які нібыта прайшоў навучаньне ў Грузіі, каб сарваць выбары і скампраментаваць немінучую “элегантную” перамогу, расказваў з тэлеэкрану, што ў Тбілісі яго навучылі, як атруціць ваду ў менскім гарадскім вадаправодзе: злавіць пацука, забіць яго, гнаіць два тыдні ў вядры з вадой, а потым падкінуць у вадаправод і тым “дэзарганізаваць выбары прэзідэнта”…
Марыйка ўсьміхнулася і цяпер, згадаўшы той выступ. Улады тут паказалі сваю слабасьць і тым, мажліва, шмат у каго, хто і не зьбіраўся ісьці на плошчу, абудзілі цікавасьць…
Але сьмех-сьмехам, цікавасьць-цікавасьцю, а яна йшла на мітынг і сур’ёзна думала, што нікога на плошчы ня будзе, а тых, хто ўсё ж пойдзе да яе, пахапаюць на падыходзе. Тым болей, што ўлады сабе рукі разьвязалі: ужо вядома, што перамога на іх баку і яны застаюцца яшчэ на адзін тэрмін, а значыць, можна дзейнічаць сьмела, бязьлітасна, без аглядкі і бяз боязі, што за жорсткасьць давядзецца адказваць. Навошта ў такім выпадку ёй ісьці “пратэставаць”? Чаго тым даб’ешся, што каму дакажаш?.. Але Марыйка ішла, бо да-ста-ла ўжо, бо колькі можна дурыць народ, спадзеючыся, што ніхто не адважыцца нават пікнуць… Ішла, хутчэй, з адчаю, хоць мама і прасіла яе: не ідзі… Сяброўка маці была ў выбарчай камісіі на нядаўніх парламенцкіх выбарах і са сьлязамі на вачах расказвала, як прымушалі іх “правесьці” патрэбнага ўладам кандыдата: давялі план загадзя, колькі працэнтаў галасоў на іхнім участку ён павінен набраць, а ў іх атрымалася, што перамог апазіцыянер, а прадстаўнік уладаў не набраў і дзесяці адсоткаў, і тыя – пры папярэднім прымусовым галасаваньні… Яны падлічылі і ціха, самі сабе, парадаваліся. Старшыня камісіі павезла пратакол у раён, а сябры камісіі, як звычайна, сталі рыхтавацца адзначыць заканчэньне працы. Накрылі стол – торт, гарбата, кава, адкаркаванае чырвонае віно прытоена ля ножкі стала, а старшыні ўсё няма. Потым прыязджае заплаканая і кажа: дзяўчаты, трэба перапісаць пратакол, лічбы павінны быць вось такімі і паказвае на паперцы: 90 адсоткаў за кандыдата ўладаў… А як жа нашыя падлікі? А ніяк… А як галасы людзей? Ніяк… Трэба перарабіць і ўсё: інакш на працу заўтра можна і ня йсьці. Ды, зрэшты, што перажываць! Усе так робяць… І ніхто ведаць ня будзе, ніхто не абурыцца… А разам і бацьку ня страшна біць (тут лепш сказаць – служыць…). Перапісалі, што ж рабіць… Можна з пэўнасьцю сказаць, што і сапраўды, так было не на адным іхнім участку. І ня толькі на тых выбарах, а і на гэтых... У Беларусі з 1995 году перамагае той, хто падлічвае галасы. Аксіёма.