Так, амапаўцаў вакол плошчы не відаць, пэўна, як звычайна, сядзяць у сваіх машынах у блізкіх, навакольных, дварах, і наганяюць у сабе злосьць на праклятых апазіцыянераў, што не даюць ім па гэтым холадзе быць дома, з сям’ёй, а вымушаюць сядзець у прамерзлых аўтобусах… Было і сапраўды халаднавата, хоць другая палова сакавіка, але зіма яшчэ не адступала. Пакуль ішла, Марыйка марозчыку не заўважала, а прыпынілася трохі, і шчокі прыхапіў жарсьцьвяны сівер. Зірнула на гадзіньнік – без хвіліны дзевятнаццаць. Наперадзе, на плошчы, некалькі купак людзей – зусім мала. Сярод іх ці ня большасьць знаёмых ёй твараў – з папярэдніх акцыяў, з сустрэчаў на розных імпрэзах, вечарынах – усё больш “сьвядомыя” са студэнтаў, пісьменьнікаў, мастакоў, ёсьць і незнаёмыя, але пра іх адразу можна сказаць, што то пераапранутыя стукачы. Зрэшты, і сярод гэтых было нямала ужо знаёмых з тых жа ранейшых акцыяў. Звычайная справа: спачатку аціраюцца, прыкмячаюць актывістаў, а потым, у адзін момант, па каманьдзе “Начали!”, накідваюцца, валяць з ног, хапаюць ды цягнуць нахабную апазіцыю ў легкавікі. І там скручваюць, зьбіваюць, каб больш не хацелася пратэставаць.
19.10. Мітынг павінен быў бы пачацца ўжо – так абвяшчалі, але плошча пуставатая і, самае галоўнае, нікога з арганізатараў, нікога з камандаў прэтэндэнтаў ды і саміх кандыдатаў у прэзідэнты, няма… Расчараваньне агарнула, абхапіла і сьціснула плечы Марыйкі і згорбіла постаць яе, як ад наймоцнага сіверу. Паспрабавала супакоіць сябе надзеяй: мітынг перанесьлі на пазьней… Між тым пачынала цямнець і на ноч браўся добры марозік. Градусаў пад дзесяць. Марыйка прайшлася да знаку, дзе пачынаюцца ўсе дарогі Беларусі, азірнулася на вялізны рэкламны тэлеэкран, дзе паказвалі навіны – расказвалі пра тое, як заканчваюцца выбары. Падыйшла да месца, дзе на Новы год стаяла елка. Лёд пад нагамі – каток заліты ўзімку яшчэ не растаў… На гмаху Палацу Рэспублікі, абазваным саркафагам, заўважыла дзьве чорныя на тле неба постаці – ужо назіраюць за намі гэбісты, хто ж яшчэ можа там быць – пасьміхнулася. Пачула: людзі між сабою гавораць, што цягнікі на станцыях метро “Купалаўская” і “Кастрычніцкая”, што пад плошчай, ужо не спыняюцца. Тых, хто хацеў бы выйсьці тут і далучыцца, адвозяць да наступных станцыяў. Значыць, мо яшчэ ня ўсё страчана?
19.30 – народу трохі пабольшала, але… Зрэшты, Марыйка заўважыла, праходжваючыся, што па-за плошчай, у скверыку ля Купалаўскага тэатру, зьлева і справа на ходніках у бок ГУМу і ў бок цырку, людзей нямала – і відавочна, то не выпадковыя мінакі. Але на плошчу пакуль не выходзяць, прагульваюцца паводдаль. Баяцца… Хоць, зноў жа, што самае дзіўнае: міліцыянтаў і сьпецназаўцаў у форме паблізу як не было відаць, так і няма…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Апошняе, што ў мяне застаецца, надзея… Гэта не высокія словы. І не пачатак чарговага вершыка. Я, напэўна, іх, вершаў, зусім больш пісаць ня буду. Пасьля прычашчэньня “акрэсьцінкай” нават прозу пісаць не захочацца, ня тое, што вершы. Не, тут зусім ня страшна, і ня так ужо і брыдка, як падаецца з жыцьця. Гнюсна – так, але ня страшна. Толькі, прызнаюся, ахвоту пісаць для друку мне тут адбілі надоўга. Раней думала: скончу свой журфак і ў дзяржгазету не пайду, лепш – у незалежныя журналісты. Цяпер і таго ня хочацца. Ня ведаю, мусіць, гэта часова, гэта на дадзены момант такі настрой. Жыць то трэба будзе неяк і па вяртаньні ў… жыцьцё… Не хачу пакуль пра тое думаць. Аднога хіба ўлады дабіліся гэтым маім затрыманьнем і адсідкай (і ня толькі маім) – у мяне (і ня толькі ў мяне – гэта агульная думка) зьнік страх перад сьпецпрыёмнікам-разьмеркавальнікам, перад турмой увогуле. Тыя, хто прайшоў хрышчэньне Акрэсьціна, у большасьці сваёй цяпер стануць “прафесійнымі” змагарамі за свабоду і незалежнасьць – гэта адзінае, чаго дабіліся ўлады масавымі арыштамі. Такая тут думка пануе. Нам цяпер нішто ня страшна. Прайшоўшы праз “акрэсьцінку” больш яе не баішся. Так думаю я цяпер. Так думаюць мае сябры. Загартоўка – файная рэч… А як будзе далей – жыцьцё пакажа. Надзея не памірае… Ні першай, ні апошняй. Ніколі. Надзея непамірае ніколі...”