Выбрать главу

Даўніх знаёмых у купках, што былі раскіданыя па плошчы, яна заўважала, некаторыя нават пазнавалі яе і ківалі галавой на знак прывітаньня, але то былі не настолькі вядомыя ёй людзі, каб падысьці да іх і стаць побач. Так, некалі даўно разам суседнічалі на нейкіх акцыях… А яна ўжо амаль два гады, як адмовілася ад удзелу ў іх, каб лішне не сьвяціцца і давучыцца. Ды і ня бачыла яна плёну ад тых пікетаў з партрэтамі зьніклых ды налепак “Дыктатуры капец!”, “Далоў Луку!”, “Game over!”. Ну, і для каго “… over!”? У каторы раз… Марыйка зноў падыйшла да знаку, дзе пачынаюцца ўсе дарогі Беларусі і адкуль да Масквы 700 кіламетраў, да Варшавы 600, а да Вільні ўсяго 185, як раптам убачыла адзінокую, дужа знаёмую, постаць. Так, гэта безумоўна быў ён… Алесь… Ёй захацелася адразу ж сыйсьці адсюль, каб не сустрэцца з ім нават позіркам. Але штосьці спыніла яе. Ён яе ня бачыў, і яна вырашыла паназіраць за ім. Хлопец быў настолькі адзінокі пасярод плошчы, хай і няшчыльна, аднак ужо запоўненай людзьмі, што ёй стала шкада яго. Яна згадала іхнія сустрэчы, і падумала: а ён быў шчырым са мною часьцей, чым іншыя. Часам, праўда, яму хацелася быць лепшым, чым ёсьць, аднак тое бы­ло бяскрыўдным, нават сьмешным. А ўвогуле, ён быў проста трусам, якіх тут, у гэтай краіне, большасьць, бо трусасьць гэтая, пэўна, закладзеная ў беларусаў на генетычным узроўні, і змагацца з ёй ня ў кожнага стае сілаў. Ды, можа, і ня боязь, не баязьлівасьць гэта, а просты інстынкт самазахаваньня…

Ня просты, зрэшты, а гіпертрафаваны за гады паў­станьняў і вынішчэньняў. Напрацягу менш, чым ста гадоў – з 1795 году па 1864, на Беларусі адбылося тры буйныя, на жаль, няўдалыя, паўстаньні супраць ра­сейскага панаваньня, і паўставалі на барацьбу лепшыя з лепшых, і іх вынішчалі, забівалі, высылалі ў Сібір, яны эмігравалі ў Еўропу… А тут заставаліся тыя, у каго ў душы і сэрцы пасяляўся страх. А потым быў 1917 год, а затым сталінскія рэпрэсіі, якія на Беларусі пачаліся ня ў 1937-м, а ў 1929-м… І зноў гінулі, не – планамерна вынішчаліся – лепшыя… А ў тых, хто заставаўся, па­сяляўся жах і насаджалася жаданьне не вытыркацца, жыць па прынцыпах – абы ціха; мая хата з краю; галоўнае, каб не было вайны… З новай сілай праявілася гэта пасьля прыходу да ўлады першага прэзідэнта. Страх прырастаў паступова, разам з тым, як набіраў сілу рэжым. Жорсткія расправы над тымі, хто думае іначай, і татальны кантроль – ня толькі над сродкамі масавай інфармацыі, але і над перамяшчэньнем людзей, над іх магчымасьцю працаваць і, як многім здавалася, над тэлефоннымі размовамі… прымусіў многіх па-сьлімакоўску зашыцца ў свае цесныя кватэркі і не высоўвацца, не казаць нічога лішняга нават сябрам, асьцерагацца ўсяго, ня тое, каб нешта ня страціць – губляць многім не было чаго, а проста з перасьцярогі: беражонага Бог беражэ…

Аднак Алесь усё ж прыйшоў сюды. Чаму, навошта? Як ён жыў гэты час, што яны ня бачыліся?.. Што рабіў, ці пакутаваў хоць?.. І Марыйка вырашыла падыйсьці да Алеся. Што ён зробіць? Разгубіцца, шарахнецца ад яе, уцячэ, як уцёк тады?.. Ці згадвала яна гэтага хлопца за прамінулы час? Згадвала і, хутчэй, шкадавала яго, а не ненавідзела… Дакладней, спачатку ненавідзела, а потым – шкадавала… Але і цяпер яшчэ тлела ў яе злосьць на яго, за той учынак, калі ён зьбег, пакінуўшы яе адну супраць трох хлопцаў. Злосьць і неразуменьне. Добра, хлопцы аказаліся зусім ня страшнымі, а на­ват сімпатычнымі, пасьмяяліся разам з няўдалага ка­ва­лера і правялі да станцыі, пасадзілі на бліжэйшую элект­рычку да Менску… Так, злосьць яшчэ тлела, але цяпер тая злосьць перарасла ў цікаўнасьць, захацелася ёй зазірнуць яму ў вочы. Не, не прыстыдзіць поглядам, а паспрабаваць зразумець.

Ён яе ня бачыў, стаяў сярод людзей – адзін, сам у сабе, як на бязьлюдным востраве. Прынамсі, так ёй падалося. Пэўна, ён нікога не шукаў тут і нікога не чакаў. Калі Марыйцы заставалася падыйсьці да яго два-тры крокі, ён раптам павярнуўся да яе – нібы нутром адчуў набліжэньне… Яна думала – ён спалохаецца, замітусіцца… А ён засьвяціўся радасьцю: “Марыйка!..” – міла прамовіў і заўсьміхаўся. І яна ад нечаканасьці азірнулася – мо гэта не да яе…