З “Дзёньніка” Аляксандра К.
“Чаму я пачаў пісаць па-беларуску? Відаць, як і большасьць, не магу даць адказу на гэтае пытаньне, хоць цікава – чаму яно ўвогуле ў нас паўстае? Здавалася б, гэта так натуральна: родная мова, мова дзяржавы, тытульнай нацыі…
Ня ведаю, як у іншых, а ў мяне неяк само сабою пайшло. Гены, напэўна. Ці вёска, бабуля з дзедам.
Меншы быў, не задумваўся, проста пісаў – так, як душа (галава) хацела: па-беларуску. Потым паспрабаваў – у класе дзявятым – па-руску, атрымалася настолькі па-графаманску, што нават самому сорамна стала. Хочаш ня хочаш, а побач паўстаюць Ясенін з Маякоўскім, Яўтушэнка з Вазьнясенскім…
Адчуў, што па-беларуску нават нейк дыхаецца вальней і словы патрэбныя лягчэй знаходзяцца і гучаць не банальна…
Пазьней, на гуртку, кіраўнік казаў, што ніхто з беларусаў, якія пісалі не на роднай мове, так нічога і не дабіліся ў іншых літаратурах. Ён меў на ўвазе апошнія часы. Бо ў дзевятнаццатым стагоддзі такія прыклады былі: Міцкевіч – у польскай, Дастаеўскі – у рускай сталі класікамі.
А ў дваццатым стагоддзі – ніхто.
Але, хто ведае, калі б быў выбар, да прыкладу, у Міцкевіча, калі б была тады беларуская літаратура і не зьнішчалася мова, то ці ня стаў бы ён яшчэ больш значным для сусьветнай літаратуры (не для польскай, а праз беларускую для сусьветнай!) творцам, асобай, калі б пісаў на роднай мове?..”
На паседжаньне гуртка ён больш не пайшоў, але з дзяўчынаю тою вырашыў пазнаёміцца: запала яна яму ў душу, і нават лёгкі ўспамін пра яе адразу ж трапяткім матыльком біўся ў сэрцы, і не супакойваўся, узбуджаўся, нервы рэзаў сваімі крылцамі, як лёзамі, і прымушаў марыць, як убачыцца ён з ёю, як падыдзе, што скажа...
Усё было прадумана і ў чарговую сераду ён сеў на лаўку ў інстытуцкім скверыку і стаў чакаць, калі выйдуць гурткоўцы. Быў ціхі вечар, ён сядзеў пад вярбою, што нізка, ледзь не да самае ягонае галавы, апусьціла сваё доўгія драцяныя галінкі, але амаль не варушыла імі. Гэты спакой перадаўся яму, ён згадаў гурткоўцаў і пасьміхнуўся: ён зразумеў раптам, чаму больш не пайшоў на іх паседжаньні: бо адчу там сябе значна старэйшым за ўсіх тых наіўных дзетак на чале з Дзедам… Ён убачыў, што ня можа размаўляць з імі аднолькавай мовай, бо ня ведае іхніх “модных” цяпер слоўцаў, бо ня мае, як некаторыя, блогу ў інтэрнеце… Словам, дзед ён, а ня іхні кіраўнік… Ён падумаў, што за апошнія гады, калі замкнуўся ў сабе, калі задзіночыўся, страціў нешта важнае, дагэтуль неўсьведамлёнае… А значыць, яму яшчэ і пагэтаму трэба цяпер абавязкова пазнаёміцца з тою дзяўчынаю… Каб паціху вяртацца ў жыцьцё.