Выбрать главу

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Мне спадабалася, як паводзілі сябе прыходзячы да нас многія вядомыя людзі. Не толькі палітыкі, не... Найперш пісьменьнікі, музыкі, акторы, мас­такі... Многіх з іх я ўпершыню мо пабачыла так блізка. Анд­рэй Хадановіч файна сьпяваў і стаяў разам з хлопцамі ў ахове. “NRМ” і Лявон Вольскі былі проста душой плошчы. Ім асобны рэсьпект. Мы і без таго ўвесь час сьпявалі іхнія песьні, ну а калі яны самі выходзілі да мікрафонаў і пелі ўжывую… не, гэта незабывальна. Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Алесь Пашкевіч – як яны перажывалі за нас і хацелі, каб мы не здаліся, сьцярпелі нягоды. Асабліва Ніл Сымонавіч… Іх гонар за нас быў шчыры, іх вера ў нас і надзея на нас – сагравалі. І мы гэта адчувалі. То былі ня проста словы, а агонь, які трапляў у сэрца, у душу. І мы гатовыя былі стаяць да канца…

Што і зрабілі.”

На другую ноч і пасьля яе Марыйка і Алесь не адважыліся пайсьці дамоў. Не было гарантыі, што яны змогуць вярнуцца на плошчу. Ды цяпер ужо і тут жыцьцё наладзілася, зарганізавалася – цёплага адзеньня яны прыхапілі з сабой, а прадуктаў хапала: людзі несьлі і несьлі іх, нягледзячы на забароны і па­грозу арышту.

Думалася хіба: а ці ведае народ у Менску і тым болей па-за Менскам праўду пра тое, што тут, на плошчы ў цэнтры сталіцы, адбываецца? Ці верыць толькі той хлусьні, што ліецца з экранаў дзяржаўнага тэлебачаньня?.. Хочаш ня хочаш, а гэта хвалявала іх, ды і ўсіх “каліноўцаў”, а яны пачалі ўжо гэтак называць сябе, “перайменаваўшы” плошчу. Бо і тут хацелася праўды, а не хлусьні… А адкуль у нашай любімай краіне можна даведацца каліва праўды? Толькі з інтэрнэту, перадачаў Радыё Свабода і сёе-тое з расейскага НТВ... Беларускія СМІ, бачылі яны на вялікім рэкламным экране, што стаяў наўскрай плошчы і трансьляваў першы канал БТ, вярзуць такую лухту, якую сорамна слухаць. І калі на ім паказвалі чарговы выпуск навінаў, над плошчай гучала магутнае “Ганьба!”.

Аднак – праязджалі міма аўтамабілі і кіроўцы сіг­налілі “каліноўцам” такт за тактам: “Жы-ве-Бе-ла-русь!” і паказвалі ў адкрытыя вокны пальцы, скла­дзеныя ў літару “V”. Хоць ведалі, што праз два кварталы іх спыніць даішнік – ня кожнага, а выбарачна – і аштрафуе за “падачу гукавога сігналу ў населеным пункце”. Ішлі і ішлі да плошчы людзі з ежай, цёплымі рэчамі… Вось і адказ вам, “каліноўцы”: ці ведаюць людзі пра вас. Ведаюць і, як і вы, рызыкуюць быць аштрафаванымі, арыштаванымі… І ці ня ёсьць гэта ня проста падтрымка, а такая ж, як і ў вас, рэакцыя на хлусьню... Вы не адны, сябры, на вас глядзіць уся Беларусь, уся Еўропа!

Але – навошта гэта ім, “каліноўцам”? Чаму яны засталіся на плошчы і мерзнуць вось ужо трэція сут­кі? Ужо ж відавочна: параза чакае іх і тут. Змаганьне іх бесьперсьпектыўнае, і як бы ні сьмяяліся яны з Казуліна, ён мае рацыю: урэшце рэшт іх разгоняць, жорстка разгоняць, стопчуць, паб’юць, арыштуюць… Рана ці позна, сёньня ці заўтра, але гэта здарыцца. Улады ня будуць трываць іх бясконца. Тым болей – набліжаецца галоўнае беларускае сьвята – Дзень Волі, 25 Сакавіка… Калі б мястэчка расло і пашыралася штодзень, як сьнежны камяк, можа б і не адважыліся ўлады на штурм – усіх не пераарыштуеш, а то застыла ўсё на трыццаці з нечым намётах і лічбу сорак ніяк ня можа пераадолець... І, мажліва, болей ужо ня будзе да 25 сакавіка… Так, ня будзе, але ці будзем мы тут 25-га?.. І дзе мы будзем? Мо ў Курапатах? Досьвед такі і ў гэтай улады ёсьць. Захаранка, Ганчар, Завадзкі… Дзе яны?.. Там?.. Марыйка гнала гэтыя думкі з галавы, як толькі прыходзілі яны, але маркота ды адчай зноў і зноў насоўваліся на яе, калі яна падымала галаву і глядзела туды, далей: на горад – да ГУМа, да Нацыянальнага банку; на горад, які жыў сваім звычайным жыцьцём, і што яму было да купкі “адмарозкаў”, якія пратэстуюць супраць чагосьці на плошчы. Паглядзіце, колькі іх там – кучка, усяго толькі кучка… Асабліва, калі назіраць зьверху – на экране, у навінах, зноў і зноў паказвалі ўмела зьняты з вышыні намётавы гарадок: для кагосьці маленькую чорную плямку на белым сьнезе, а для кагосьці – адзінае месца ў Беларусі, дзе яшчэ білася гарачае сэрца, дзе яшчэ цеплілася надзея на праўду і перамогу… На перамены…

На нейкія моманты Марыйка вызвалялася ад пра­­цы на “кухні” і тады падыходзіла да Алеся. Пакі­даў ланцуг і ён. І ў іх быў час проста пастаяць і па­размаўляць. Зноў пра жыцьцё, пра тое, што было ў іх, і пра тое, як жылі яны да гэтай сустрэчы. А то і проста, моўчкі, пабыць разам, пагрэць адно адному задубелыя ад холаду рукі…

“Як яны падгадалі з надвор’ем – наўмысна выбі­ра­лі ці проста пашанцавала… Калі б ня гэтая сакавіцкая халадэча, людзей на плошчы было б у дзясяткі разоў болей…” – сказаў неяк Алесь, падымаючы каўнер і засланяючыся ад сівернага ветру, што пякуча дзьмуў, разганяючыся да невыноснай хуткасьці між будынкам музею Вялікай Айчыннай вайны і “сар­кафагам” Пала­цу Рэспублікі.