Выбрать главу

“Ты так лічыш… Ты яшчэ не расчараваўся ў на­шым народзе?.. Вельмі лёгка знайсьці апраўдань­­не бязьдзейнасьці, сьпісаць сваю абыякавасьць на штось­ці зьнешняе: на надвор’е кепскае, напры­клад…”

“І так, і ня так… І пагаджаюся, і ня хочацца… Ёсьць яшчэ адзін важны момант: бяссэнсавасьць, бесперсьпектыўнасьць нашага супраціву, якую разу­мее большасьць “законапаслухмяных” грамадзянаў. Мне здаецца, што нават калі б сёньня на менскія ву­ліцы выйшаў мільён, і стаялі б мы на плошчы Неза­лежнасьці цэлы месяц і пратэставалі б, як сербы ў Белградзе, то ўсё роўна нічога б не дабіліся. Ён сваю ўладу не аддаў бы… Ты ж чула, ён казаў, што будзе адстойваць сябе нават са зброяй у руках, як Сальвадор Альендэ…”

“Гэта страшна… І чаму людзі так чапляюцца за ўладу?”

“Ну, тут усё проста… Ці трэба казаць, якой спаку­сай ёсьць улада і што яна дае, асабліва тым, хто ня варты яе... Мне больш цікава, чаму людзі, вось так, як мы, сёньня выходзяць змагацца – з рэжымам, з тыраніяй, з аўтакратыяй... Ці не прасьцей было б зьмірыцца, не рызыкаваць сваім жыцьцём, зьехаць урэшце рэшт адсюль… Гары яно гарам… Жыцьцё ж такое кволае і такое кароткае… Вось ты сама, напрыклад, – чаму прыйшла?”

“Я? Таму што не хачу быць авечкай у статку… А ты?”

“А я… А я захацеў убачыць тут цябе – маю мілую тыгрыцу…” – перавёў ён на жарт.

“Тыгрыца…” – Марыйцы спадабалася гэта. Ня­важна, чаму ён прыйшоў на плошчу. Важна, што пры­йшоў і яны зноў спаткаліся…

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Алесь… Мілы мой Алесь. Ты так блізка цяпер ад мяне і так далёка. Між намі ня сьцены, ня метры адлегласьці, між намі – пяць дзён, праз якія нас выпусьцяць з Акрэсьціна. Ня ведаю, ці змагу я табе тады ці калі-небудзь увогуле прызнацца… і ці адважышся сказаць гэта ты мне, але тут і цяпер я напішу: “Я кахаю цябе!.. Так, я адчайна кахаю цябе і хачу быць побач. Каб сагрэцца ад цябе і сагрэць цябе так, што ніколі больш у жыцьці нам ня будзе холадна…” Можа быць, мне проста вельмі сумна і самотна тут, можа быць, я выйду на волю і, апынуўшыся ў іншым жыцьці, забудуся пра гэтыя хвіліны амаль роспачы і наймоцнай тугі, але для таго, каб не забыць іх, я запісваю гэта цяпер. Я ведаю, ты не ідэал. Я ведаю твае слабасьці. Але я бачыла і тваю моц. І я паверыла ў цябе. Разам мы зможам шмат. Разам мы зможам усё. А найперш – нарадзіць і выгадаваць беларусікаў, якія пойдуць далей за нас. І якіх ужо ніхто ня спыніць і не стрымае…”

Усе размовы пра шпрыцы і “наркаманаў”, “п’яні­цаў” і “бл...дства” на плошчы, якія падкідваліся ў народ дзяржаўнымі СМІ падчас супрацьстаяньня і пасьля – пустое… Хлусьня, шытая белымі ніткамі, якая нават не патрабуе тлумачэньня, тым больш апраў­даньняў. У мястэчку было шмат веруючых. А таму і размовы не магло быць пра нейкае “п’янства”. Тым больш, што “каліноўцы” цьвёрда верылі ў пра­вату свайго змаганьня і лічылі, што яно павінна быць максімальна маральна чыстым, шчырым. І бая­ліся толькі правакатараў, якія маглі занесьці ў лагер гарэлку ці віно. Бо разумелі, нават калі гэтага ўсяго ня будзе, дзяржаўнае тэле-радыё паспрабуе іх зганьбіць і “знайсьці” шпрыцы ды пляшкі з-пад гарэлкі… Дык няхай гэтыя подлыя людзі потым пад­кінуць іх сюды, і ведаюць, што подла зрабілі гэта самі, але пакуль мы тут – такога ня будзе…

Парадак, дысцыпліна, чысьціня трымаліся ў мяс­тэчку як прынцып. І калі ў першую раніцу на плошчу выехалі трактары-бульдозеры ці то, каб зьнесьці намёты, ці, як потым казалі, сабраць сьмецьце, дык сьмецьця і бруду якраз і не было – усё акуратна зьбіралася, запакоўвалася і выносілася.

Вядома, пасяліліся ў мястэчку ня толькі адзіночкі-змагары, былі тут і закаханыя, якія засталіся разам, былі і даўнія знаёмыя, якія шмат часу ня бачыліся і сустрэліся на плошчы, як Марыйка і Алесь, нара­джалася ў мястэчку і ўзаемная сімпатыя між мала­дымі людзьмі. Але босыя ногі, што тырчаць з намёту на адным са здымкаў “афіцыйнага” інфарм­агенцтва, з пошлым намёкам: вось чым яны там зай­маюцца… – гэта проста блюзьнерства. Бог ім даруе… Бо было так холадна, што нават пацалавацца немажліва – вусны рабіліся драўлянымі і можна было толькі дакрануцца ў спачуваньні імі: холад да холаду. А “глупствы”? Усе разумелі: “глупствам” будзе месца і пасьля. Справа маладая, і яна пацерпіць…

Як жа саграваліся ў дзесяціградусны мароз? Най­перш гарачай гарбатай і кавай. А яшчэ так: таньчылі пад музыку, скакалі, прытоптвалі, бегалі па коле са сьцягамі і, як адказ на паведамленьні пра п’янства ў мястэчку, выкрывалі: “Моладзь – за здаровы лад жыцьця!”, “Моладзь – за здаровы лад жыцьця!”. Ад бездапаможнасьці гэта, пасьміхнецеся вы, можа і так... Але вы, там, на Плошчы, не былі…