Выбрать главу

Нехта скажа, што невялікая мужнасьць трэба, каб сьцярпець нахабства і ня даць яму адпор. Каб ат­ры­маўшы па адной шчацэ – падставіць другую… А вось якраз і наадварот. У такіх умовах і правяраецца чалавек на ягоную чалавечнасьць: годнасьць, гонар… У той сітуацыі і тады патрэбна было якраз цярпеньне: не сарвацца на істэрыку ў адказ, ня даць волю па­чуцьцям, стрымаць сябе – застацца мужчынам… Алесь гэтае выпрабаваньне прайшоў. І зразумелі, і ацанілі гэта нават міліцыянты.

Так, правакацыяў і хамства было шмат. Ноччу агрэ­сіўных, а ўдзень – паказных, для тэлебачаньня: хтосьці раптам станавіўся між камерамі і намётавым гарадком і задраўшы галаву піў з горла гарэлку. І гэтыя кадры ішлі ў эфір...

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Мне было чатырнаццаць, брату на год больш, калі мы першы раз выйшлі пісаць фарбай на сьце­нах дамоў у нашым мікрараёне “Жыве Бела­русь!” і “Далоў Луку!”. Мы лічылі сябе героямі-пад­поль­­шчыкамі, якія жывуць у акупаванай краіне. Захопнікі адабралі ў нас нашыя гістарычныя, спрад­вечныя сімвалы – бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. Адзін з найстаражытнейшых у Еўропе, у сьвеце, сямісотгадовы дзяржаўны герб і Хрыстоў сьцяг назвалі фашыстоўскімі за тое, што імі карысталіся ў часы другой сусьветнай вайны беларускія калабаранты. Расейцы ад свайго трыкалору з-за таго, што пад ім ваявалі ўласаўцы, не адмовіліся. І ўкраінцы ад жоўта-блакітна­га сьцягу не адцураліся… І ня сталі без штаноў ха­­дзіць таму, што іх таксама насілі фашысты. А беларусы і тут паперадзе планеты ўсёй. Ці не маразм? Маразм. І мы з братам вырашылі змагацца з ім, з гэтым маразмам, які набіраў сі­лу ва ўсім. Ніхто нас гэтаму не вучыў, прос­та прыкладаў такіх было тады шмат: ледзь ня кож­­ная сьцяна менская хоць раз за тыя гады мела на сабе такі надпіс. Неахайна зафарбаваныя жэсаўцамі адмеціны, скрозь якія чытаюцца літары, можна бачыць на многіх дамах яшчэ і цяпер. Вядома, гэта было небясьпечна, гэта было рызыкоўна, і тое яшчэ больш узвышала нас і заварожвала – пад-поль-шчы-кі: зоікасмадзям’янскія, алегікашавыя… У краіне, дзе культ партызанства, гэта было такім гонарам... Ранкам, калі ішлі ў школу, мы абавязкова спыняліся каля зьдзейсьненага ноччу “геройскага” ўчынку. Пры­емна было чуць захапленьне “няўлоўнымі мсьціў­цамі” ад аднакласьнікаў, якія і падумаць не маглі, што гэты надпіс зрабіла я. Я!!! Яшчэ прыемней было чуць абурэньне старпёраў-пен­сіянераў… Так, гэта мы вам насалілі за тое, чаго вы нам нагаласавалі…”

…Адыйшліся ўбок журналісты і афіцыйныя асо­бы з іншых краінаў: іх папрасілі гэта зрабіць міліцыянты – груба і настойліва (потым высьветліцца, што пакінулі мястэчка ня ўсе…). Стала зразумела: хутка пачнецца штурм. “Каліноўцы” выйшлі з намётаў, ста­лі вакол іх двайным-трайным ланцугом. Хтосьці скамандаваў прысесьці: маўляў, так будзе цяжэй іх хапаць.

Назіраючы за манёўрамі амапаўцаў у поўным бая­­вым абмурдзіраваньні, за якое іх ахрысьцілі “кас­манаўтамі”, зноў жа, экіпіравалі іх гэтак напя­рэдадні выбараў (во куды грошы дзяржаўныя ідуць…), хлопцы і дзяўчаты спачатку ціха, а потым усё гучней і гучней пачалі скандаваць той лозунг, які ня раз гучаў над плошчай: “Міліцыя з народам! Міліцыя з народам! Міліцыя з народам!..”

Так, толькі з якім?

Пад’ехалі яшчэ машыны, амапаўцы выскачылі з іх, імкліва і шчытна акружылі мястэчка: так, каб ніхто ня змог сыйсьці. Сталі вакол метрах у трох-чатырох. Нейкі начальнік крычаў у гучнагаварыльнік, што гэ­та несанкцыянаванае мерапрыемства і “прасіў” ра­зысьціся. Ага, зараз… Куды ўжо тут разыйдзешся… Не адыйдзеш і пару крокаў, як арыштуюць. Цішком… Дык няхай лепш зробяць гэта тут – на вачах ва ўсіх і з усімі разам. Ня дзеля таго мы тут зьбіраліся, каб разьбягацца… Хлопцы і дзяўчаты яшчэ шчыльней згрупаваліся і ўзяліся за рукі. І тут некалькі чалавек выкінуліся з ланцуга і пабеглі ўбок аўтобусаў. Іх ніхто не чапаў. Потым казалі, што гэта былі “падсад­ныя”, якія выбеглі з лагеру да сваіх.

Марыйка была ў ачапленьні разам з Алесем. Побач сядзелі хлопец і дзяўчына і маліліся Богу, прасілі, каб не было ахвяраў, каб зьлітаваўся над неразумнымі, якія ня ведаюць, што робяць… Крыху далей малілася яшчэ некалькі чалавек. Музыка сьціхла, мікрафон ўзяла прыгожая, сталая жанчына (маці-ахоўніца, па­думала Марыйка), і стала казаць да амапаўцаў, што мы адзін народ і ня трэба гвалту, вы такія ж людзі, як і мы, і ў вас ёсьць дзеці, каханыя… не пралівайце крыві!.. тут жа лепшыя дзеці нацыі!.. Але ніхто яе ня слухаў, вочы ў амапаўцаў пад паднятымі шклінамі “шлемафонаў” былі глыбокія і страшна пустыя, гля­­дзелі яны некуды паўзьверх “каліноўцаў”, стаялі моўч­кі, некаторыя нават, падалося, пасьміхаліся, і ў тым, як нярвова торгалі яны шчытамі і гумавымі палкамі, было відаць, што ў іх цяпер адно жадань­не: накінуцца і разламаць, разьбіць, разбурыць, разь­несь­ці гэта ўсё… Ня дзіва, накачалі іх супраць “адмарозкаў” здорава… Марыйка падняла галаву і ўбачыла за пра­сьпектам, каля Дому афіцэраў, Паўлічэнку. Таго самага… У “крапавым” бярэце... Стаіць, назірае… Усё, падумала яна, мястэчку канец…