Гурткоўцы выйшлі – шумныя, натхнёныя, надзвычай вясёлыя для такой позьняй гадзіны, і рэдкія мінакі на іх абарочваліся незадаволена, як на п’яных. Прайшлі сваім статкам паўз яго, не зьвярнулі ніякой увагі на адзінокага чакальніка пад ценем дрэва, а можа, і не заўважылі ўвогуле, бо выйшлі са сьвятла ў паўцемру.
Дзяўчыны сярод іх не было. “Няўжо таксама кінула гурток?” – спалохаўся ён не на жарт, бо дзе ж цяпер яе шукаць?
Гучней за ўсіх гаманіў і рагатаў Дзед – як ён яго ўзьненавідзеў: самазадаволены баран, графаман, лыбіцца, сабраў кампанію бяскрыўдных пачынаючых і зьдзекуецца з іх, а, можа, яшчэ і знаходкі іхнія крадзе – падпітваецца, падлюга, а потым выдае за свае, друкуе... Колькі людзей з-за яго, пэўна, увогуле пісаць кінула, колькім ахвоту адбіў за асадку брацца...
Ён гатовы быў выйсьці са свайго ценю і даць у гэтую рагатлівую пашчу кулаком, так, каб зубы павыляталі... Але стрымаў сябе.
У наступную сераду ён прыйшоў пазьней і зноў сеў пад тым жа дрэвам. Гэтым разам дзяўчына выйшла разам з усімі, але трымалася нібыта асобна, адчуджана, што яму спадабалася.
На выхадзе з інстытуцкага скверыку чародка гурткоўцаў распалася: хто пайшоў да метро, хто да прыпынку аўтобусу, хто – тралейбусу, а хто пешкам.
Ён заўважыў, што кожны хлопец (а іх было ці не ўтрая менш, чым дзяўчат) пайшоў не адзін, а з “парай”. Дзед пасунуўся да метро з трыма шчабятлівымі дзяўчаткамі, а тая, за кім цікаваў ён, адна пайшла ў бок вакзалу.
“Няўжо жыве за горадам, няўжо на электрычку?” – страсянуўся ён (такое ў ягоныя планы не ўваходзіла), і назіркам, не губляючы постаць, пакрочыў усьлед. Ля вакзалу ад душы адлягло: дзяўчына спынілася на тралейбусным прыпынку. Вырашыў падацца туды і ён, бокам-бокам, стаць побач, быццам і не заўважаючы яе, каб потым “выпадкова” сустрэцца вачыма і – “абрадавацца”: якая неспадзяванка!
Прыблізна так усё выйшла: на прыпынку было няшмат людзей, але яны з дзяўчынай доўга адзін аднаго “ня бачылі” і толькі, калі паказаўся тралейбус (ён трывожна падумаў: а раптам яе?) – яна сама павярнулася да яго і прыязна, як знаёмая, усьміхнулася... І добра, бо ён, мажліва, так і не адважыўся б падыйсьці да яе, а тут – не было куды падзецца і ён усьміхнуўся ў адказ...
На тралейбусе яны весела гамонячы (самі сябе заводзячы – так бывае ад узаемнай сімпатыі) даехалі да яе дому, выйшлі, селі на лаўку і ніяк не маглі разьвітацца. Ён быў, як ніколі, гаманкі, яму хацелася спадабацца дзяўчыне, ён распавядаў і распавядаў, абы не маўчаць, а яна слухала, з хітрынкай зазіраючы ў вочы, быццам верачы і ня верачы пачутаму... Ён быў старэйшым за яе гадоў на пяць і сёе-тое ў жыцьці пабачыў, яшчэ больш вычытаў з кніжак, і, калі не саромеўся, – быў цікавым суразмоўцам. Іншая справа, што звычайна быў ён, ціхмяным, запаволеным, замаруджаным, да таго ж меў адзін істотны недахоп, з якога, дарэчы, і вырасла большасьць ягоных комплексаў: калі хваляваўся, пачынаў заікацца. Але гэтым разам – ад хваляваньня! – ён забыўся пра сваё заіканьне і за вечар ні разэчку не запнуўся нават...
Хвіліны беглі шпарка і радасна, бы разьняволеная, талая вада ўвесну, і трэба ўжо было разьвітвацца, і варта было б дамаўляцца на новую сустрэчу, а як? Ён ня ўмеў.
Па-праўдзе, гэта было ягонае першае спатканьне з дзяўчынаю. Вось так – жыў, жыў і неяк зусім ня думаў – не было калі! – што ёсьць на сьвеце іншае жыцьцё, што можна жыць іначай, цікавей, зьмястоўней… Што можна мець сябра… сяброўку, з якой так добра проста быць побач… Цікава: а ці ёсьць у яе “сябар”? Пэўна ж – ёсьць... Такая прыгожанькая ня можа быць, адною...
“У цябе ёсьць тэлефон? – пачуў ён скрозь думкі. – Дай мне нумар – я табе патэлефаную”.
Ад нечаканасьці ён забыўся свой нумар і доўга, напружана, згадваў яго. Нарэшце, назваў.