Пра голад яны забыліся, успомнілі толькі позьнім вечарам. Але ў гэты, “дэбютны” – першы, дзень іх так і не пакармілі, відаць, клопатаў у абслугі было і без таго, ды і не гатовы аказаўся ізалятар да такога шчодрага папаўненьня.
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“У нашай камеры дзьве дзяўчыны з тых, што былі на плошчы, – веруючыя. Ім перадалі Біблію. І я ўпершыню, можа, спакойна і нясьпешна нешта з яе пачытала. Асабліва ўразіў “Экклезіяст”. Дзяўчаты кажуць, напісаны ён Саламонам больш чым тры тысячы гадоў таму. Усё там ёсьць. І пра нас таксама. І вынікае: жыцьцё нашае – мітусьня і толькі: марная марнасьць... І ўсё ўжо было. Ды забылася. І тое, што будзе, забудзецца. І няма нічога новага пад гэтым сонцам... Дык што тады – ня трэба нічога рабіць, толькі сядзець склаўшы рукі, кажу. Не адказваюць, трэба тварыць дабро і памятаць, што Бог усё бачыць. І адступнікі будуць жорстка пакараныя…
Але ж, я чула, што па вашаму – усялякая ўлада ад Бога, дык чаму вы тады выйшлі на плошчу, чаму не прымаеце яе (яго) такім, якая (які) ёсьць? І як быць з несупраціўленьнем злу гвалтам?.. Ды тут мяне падтрымалі дзяўчаты і перавялі ўсё на жарт: ці ня Бог некалі правёў самыя першыя безальтэрнатыўныя выбары, калі прывёў да Адама Еву і сказаў яму: “Выбірай сабе жонку…”
Аднак жарты жартамі, а я задумалася: можа, і бачыць Бог, можа, і будуць пакараныя адступнікі ды грэшнікі, але я ня буду сядзець склаўшы рукі не таму, што за гэта, за бязьдзеяньне, мяне будзе чакаць кара Божая. А таму, што сапраўды “няма нічога вечнага” і “ўсё ўжо было”, а значыць, “і гэта пройдзе”, толькі яму трэба дапамагчы прайсьці…
А ў Бога пасьля Плошчы і сапраўды працы прыбавіцца…
Бо гляджу я на гэтых мілых дзяўчатак, гляджу як значна старэйшая за іх, хоць між намі ўсяго некалькі гадоў розьніцы, і думаю: а вы навошта рызыкавалі сваім здароўем і вучобай? Вы разумееце супраць чаго вы паўсталі, супраць якой сілы? І сама сабе пярэчу: якраз яны разумеюць, бо ведаюць, што ёсьць свабода і кошт яе, як ведалі тое першыя хрысьціяне... А вось ці разумеюць тыя хлопцы з амапу ды міліцыі, якія падымалі на іх руку, тыя суддзі і пракуроры, якія пасадзілі іх у вязьніцу, што за гэтыя грахі ім давядзецца адказваць?..”
Назаўтра было сьвята – 25 Сакавіка, Дзень Волі, да якога яны рыхтаваліся і на плошчы. На дзьвюх прасьцінах дзяўчаты-мастачкі якраз увечар дваццаць трэцяга сакавіка, перад штурмам, пісалі лозунгі і віншаваньне “каліноўцам”. Усё гэта было стаптана і разбурана... Але пра сьвята яны памяталі і раніцу пачалі з віншаваньняў. Тое, што падалі на сьняданак, ежай назваць было немагчыма. Нейкае варыва ў жалезных місках, названае супам, ад якога сьмярдзела, як з памыйнай ямы, як з кантэйнера з адыходамі. Прынамсі, так падалося. Мутная вада, у якой плавала нешта кшталту развараных крупоў і валасінкі мяса… Выпілі толькі тое, што называлася гарбатай – паджоўчаная вада, у якой плавалі ці то чаінкі, ці то сьмецьце. (“Венік запарылі”, – сказаў хтосьці, горка пасьміхнуўшыся), ды зьелі хлеб – адзінае, што можна было есьці ня грэбуючы.
І з нецярпеньнем чакалі вестак адтуль, з гораду, з той самай волі. Першыя навіны, што ля помніка Купалу сабралася тысячаў пяцьдзясят ці больш мітынгоўцаў перадаў нехта з ахоўнікаў пад абед, і яны мігам абляцелі ўсе камеры. Радасьць была неймаверная, асабліва ад таго, што народ сабраўся, каб патрабаваць іх вызваленьня. Потым новая чутка: мітынгоўцы ідуць да Акрэсьціна, каб вызваліць іх… 15-тысячнае шэсьце! А тут яшчэ радыё. У камеры, пэўна, у мэтах прапаганды і агітацыі, працавала радыёкропка, якую адключыць было немажліва. Песьні, “навіны” – ну і хай сабе балбоча, але тут перадалі выступ міністра ўнутраных справаў Навумава. Словы пра непаслухмяных, адурманеных “адмарозкаў” заглушылі гучныя выкрыкі “Жыве Беларусь!”, што несьліся з усіх камераў.