А па турэмным “радыё” – праз вентыляцыю перадалі, што ў двары акрэсьцінскім стаяць бэтээры, шыхтуюцца амапаўцы. Значыць, і сапраўды мітынгоўцы ідуць сюды – нас вызваляць!
Напружанае чаканьне з варыянтамі вызваленьня зьмяніла новая навіна: да Акрэсьціна дайсьці не далі, сустрэлі за плошчай Клары Цэткін пад мастамі і разагналі, выкарыстоўваючы нават зброю. Кажуць, ёсьць загінулыя… Казулін арыштаваны.
Праз нейкі час у і без таго перапоўненыя камеры пачалі паступаць новыя арыштаваныя – з таго самага шэсьця…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“На 31 сакавіка была прызначаная інаўгурацыя “ўсенароднаабранага”. Але яе перанесьлі. Чаму? Кажуць, “уноўабраны” ня ў стане быў адыйсьці ад шоку, атрыманага ад намётавага гарадка, ад мітынгу 25 сакавіка і ад сапраўдных лічбаў – вынікаў галававаньня, якія яму даклалі. Не чакаў ён такога ад свайго народу, дзеля якога "так шмат зрабіў і робіць"… Больш за тыдзень не было яго на тэлеэкранах – паказалі толькі аднойчы, калі ў народзе пайшло хваляваньне: дзе ён, трыумфатар? Паказалі, але дасьведчаныя адразу ўбачылі, што гэта архіўныя кадры. І папаўзьлі чуткі, што ён ад стрэсу захварэў, што ня можа выйсьці з трансу… Ня дзіва. І я пакрыўдзілася б: столькі робіш для гэтага народу, начэй ня сьпіш, а ён, няўдзячны…”
У чаканьні суда – а як жа без яго: дэмакратыя, блін! – прайшоў наступны дзень, а 27 зранку іх выгналі з камеры, якую яны пасьпелі ўжо ласкава назваць “хатай”, потым, аказалася, зусім, як сапраўдныя “зэчкі”. Ізноў гвалт і крык, іначай, пэўна, гэтыя малойцы ня могуць: “Тварам да сьцяны! Рукі за галаву! Не перагаворвацца!” А потым – аўтобус. Калі выязджалі з Акрэсьціна, пабачылі, колькі там сабралася людзей – родных, блізкіх, сяброў – сотні… Іх сустракалі крыкамі “Сва-бо-ду! Сва-бо-ду!”, ад якіх сьлёзы наварочваліся на вочы. Потым кароткая дарога – хвілінаў дзесяць – да Маскоўскага суда, у двор. Затым доўгае чаканьне ў “стакане” метр на два, куды запіхнулі іх чатырох. Прысесьці няма як – цэментаваны парожак ёсьць, але на ім толькі застудзішся. Пяць гадзінаў, пяць невыносных гадзінаў чакала Марыйка свайго выкліку на суд у гэтым “стакане”. Ногі сталі драўлянымі… Спачатку былі яшчэ нейкія думкі, хваляваньне і нібыта страх перад невядомым, а потым засталося толькі адно – ня думка, а пачуцьцё: хутчэй бы…
Нарэшце, яе выклікалі. Павялі па калідорах, у якіх сядзелі, стаялі, хадзілі нейкія заклапочаныя людзі, у залу суда.
Суд быў кароткім. Пра неабходнасьць выклікаць адваката нават і не спыталі, а яна ня ведала, што можа патрабаваць. Судзьдзя, жанчына амаль сярэдніх гадоў, спытала: “На площади была?” “Была?” “Раскаиваешся?” “У чым?..” “Лозунги, как тут написано свидетелями в протоколе, выкрикивала?” “Як і ўсе…” “Десять суток ареста…” – яна нават не назвала артыкул, па якім асудзіла Марыйку. Марыйка зірнула на яе стомленыя вочы: судзьдзя таксама была загнаная гэтым канвеерам ажно да абыякавасьці да таго, што адбываецца, і ня стала ўдакладняць: дзесяць дык дзесяць.
Потым выявілася, што, з некаторымі падрабязнасьцямі, так было ва ўсіх асуджаных. Калі былі адвакаты, то толькі фармальна, бо было заданьне зьверху – прысуд усім аднолькавы: калі прызнаваў віну арыштаваны – ад пяці да васьмі сутак, калі не прызнаваў – ад дзесяці да пятнаццаці.
На калідоры, пакуль міліцыянт зачыняў дзьверы, да Марыйкі кінулася дзяўчына: “Я праваабаронца, з “Вясны”, хто вы, адкуль, што перадаць родным? Скажыце нумар – патэлефаную ім”. Потым: “Колькі сутак? За плошчу?” – Марыйка пасьпела кіўнуць галавой і паказаць пальцы рук: “дзесяць…”, бо міліцыянт грубавата штурхануў яе ў плечы і павёў назад у “стакан”. І яшчэ некалькі гадзінаў у цеснаце...
Большасьць дзяўчат і жанчын пасьля судоў павезьлі ў Жодзіна і ў ізалятар на Старабарысаўскі тракт. А Марыйка вярнулася зноў на Акрэсьціна. У іншую камеру, да іншых дзяўчат. Як аказалася потым – ёй пашанцавала, бо ўмовы ўтрыманьня вязьняў на Старабарысаўскім тракце былі яшчэ больш жахлівыя, хаця здавалася – куды ўжо горш…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Колькі ўсё ж файных дзяўчатак сюды патрапіла. Столькі цудоўных сяброў я, відаць, не знайшла б і за ўсё сваё жыцьцё. Ёсьць, канечне, і выпадковыя вязьні. Дзьвюх дзяўчатак-студэнтак узялі каля ГУМа – яны прыйшлі туды нешта купіць, але ў сумках у іх была ежа – бутэрброды. Іх арыштавалі на прыпынку, і яны не змаглі нічога даказаць. Але большасьць – сьвядома былі на плошчы, і большасьць – беларускамоўныя. Таму мовай нашай “хаты” адразу стала беларуская. У асноўным тут студэнткі, але ёсьць і выкладчыкі. Дзьве старэйшыя жанчыны працуюць: адна ў музеі, другая ў незалежнай газеце. Апроч яе ўсе з працай сваёй, як і мы з вучобай, ужо “разьвіталіся”. Хоць цепліцца ўсё ж надзея, што вялікіх рэпрэсіяў супраць нас ня будзе...