Выбрать главу

У гэтым нешта ёсьць, падумала Марыйка, згадаў­­­шы, што і Алеся выхоўвала адна маці. Цікавае мер­­кавань­не, цікавае… А Алена запярэчыла:

“Ну дык таму і выхоўваем дзяцей адны, што ім, мужчынам, так лёгка, бяз сораму і думак пра ма­раль, пра будучыню дзяцей, кінуць нас... А то цяпер яшчэ прыйшла мода з Захаду на грамадзянскія шлю­бы – увогуле для мужчынаў лафа, ці не яны гэ­та прыдумалі: паматросіў і канцы ў ваду – да ін­шай пайшоў: бач, не сыйшліся характарамі… Так што рыхтуйцеся дзяў­чаткі…” – зьвярнулася да ма­ладзейшых.

“А як жа каханьне? – саромеючыся прашаптала Маша, – яго што – зусім няма цяпер?”

“Забудзься… Кніжак начыталася. Вось і я такой не­калі была. А ён… ды што тут казаць…” – махнула ру­кой Алена.

“Ну, ня трэба ўсіх на адзін капыл раўняць. Калі б толькі так было, то род чалавечы даўно ўжо б зьвёў­ся… Паглядзі, колькі файных хлопцаў на плошчы бы­ло – мужчыны. Мужчыны з вялікай літары ўсе…”

Калі дагэтуль Марыйка сумнявалася, чый бок узяць, то тут пераканалася: Тацяна мае рацыю… А мо­жа, ёй проста хацелася так думаць, падманваць сябе, пакуль яе не падмануць…

Увогуле ж, у камеры было весела. І Марыйка з задавальненьнем назірала, як разгадваюць крыжаван­кі Маша і Даша, што пасябравалі тут, як гуляюць у шахматы, зробленыя з хлебнага мякішу, Алена са Сьветай. І ўсьміхалася, гледзячы, як Алена махлюе, прычым так, каб бачылі гэта ўсе, апроч Сьветы – іначай, што за інтарэс махляваць. І сьмяялася, калі Сьвета ў чарговы раз абуралася: “Зноў прайграю… Блін, а дзе ж мой конь? Ён жа тут вось стаяў”. “Ты яго зяўнула”, – адказвала Алена.

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“З дзяцінства не люблю няшчырасьць і хлусьню. І яшчэ – несправядлівасьць. Брат, як старэйшы, ча­сам, падманваў мяне – па-добраму, ня злосна. Але як я абуралася, калі ягоная хлусьня выяўлялася… І ў шко­ле мне цяжка вучыцца было з-за такога характару, і ва універсітэце... А мама кажа ўвогуле: як ты жыць далей будзеш, дурніца? Зразумей і зьмірыся. Хітрэй будзь... А я не магу. І, між іншым, рыса гэтая ў мяне якраз ад мамы. Тая ўсё справядлівасьці хацела дабіцца. Пры камуністах гэта было не лягчэй, чым сёньня. Можа, ад яе, ад мамы, у мяне і нелюбоў да ўсяго пракамуністычнага, што пестуецца ў нашай краіне цяпер, пачынаючы ад чырвона-зялёнага сьця­га і герба з каласкамі, да помнікаў Леніну, Дзяр­жынскаму, параскіданых па гарадах, да назваў вуліцаў… Мама мая з Заходняй Беларусі, яна ста­лела, калі яшчэ сьвежымі былі размовы ў сям’і пра ненавісную калектывізацыю і раскулачваньне, што прыйшлі з “другімі Саветамі”. Словы “хто быў нічым, той стаў усім” з пралетарскага гімну, які так любілі сьпяваць на розных мерапрыемствах, выклікалі ў яе асаблівую няпрыязь...

Мама, я так шмат узяла ў цябе. Таму і не зьдзіў­ляйся, што я цяпер тут, на Акрэсьціна…”.

Раніцай, у шэсьць гадзінаў, іх будзіў гімн, знаёмы з савецкіх часоў: “Мы беларусы, з братняю Русьсю…” Хочаш-няхочаш, а словы гэтыя самі ўсплывалі ў па­­мяці і “напяваліся”… Гімн гэты і да таго ня дужа лю­біла Марыйка, а тут абрыд ён, як горкая рэдзька. Не заў­важыць яго, пераспаць, было немагчыма: ад першых гукаў усе варочаліся на нарах, бурчэлі пракляцьці, а потым драмалі пад навіны да праверкі, на якой трэба было дзяжурнаму адказаць, колькі чалавек у камеры і назвацца паіменна.

Пасьля сьняданку пачыналі размовы. Пра ўсё, без абмежаваньняў. Але самыя цікавыя для Марыйкі, безумоўна, былі пра гісторыю Беларусі – даўнюю і нядаўнюю. Яна не лічыла, што зусім нічога ня ве­дала, але тут пераканалася, што шмат пра што вар­та было б і “паўтарыць”. Да таго ж, аказалася, што васямнаццацігадовыя дзяўчаткі абсалютна ні­чо­га ня ведаюць пра падзеі навейшай беларускай гісторыі. Пра 1991 год, пра 1994, 1995 і 1996-ы. Для іх гэта былі абсалютна цёмныя даты. А калі выкладчыца ўніверсітэту згадала пра Прагу 1968 году і параўнала, хай і не зусім карэктна, ня самі пражскія падзеі, а тых, хто выйшаў у Маскве пратэставаць супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію, з “каліноўцамі”, тут ужо і Марыйка сказала: “Стоп: вось з гэтага моманту – падрабязьней”…