І пачалося ў камеры тое, для чаго і патрэбныя турмы маладым “рэвалюцыянерам” – адукацыя і самаадукацыя. Зноў жа са згадкай пра досьвед бальшавікоў і Леніна – куды ўжо дзенешся ад гэтага… Таму і стаў хохмай нумар адзін у камеры анекдот, вычытаны ў нейкай газетцы: “Ленін павінен застацца ў Маўзалеі як напамін рэктарам, што нельга студэнтаў выключаць з універсітэтаў за палітыку”.
Адзінай “дзяржаўнай” мовай у іхняй “хаце”-краіне – усталявалася беларуская. Нават тыя, хто дагэтуль ніколі слова ня вымавіў на роднай мове, саромеўся ці ня мог пераадолець бар’ер, пачалі, хай і з добрым адсоткам “трасянкі”. Большасьць “на мове” – яшчэ на плошчы загаварылі.
Што было для душы ў іх камеры? Сьпевы. І, вядома, “Магутны Божа” гучаў штовечар перад сном. Як гімн гімнаў. Спачатку сьпявала толькі іхняя камера, а потым сталі падхопліваць і іншыя. Чыталі ўголас перададзеныя кнігі, аднак пад цьмяным сьвятлом вочы хутка пачыналі сьлязіцца, хоць і чыталі па чарзе. Тады сталі пераказваць прачытанае раней…
…Так ішлі дні за днямі. І вось ужо заўтра, так, заўтра – на волю. Іх выпусьцяць, вядома ж, ноччу, у тры гадзіны. Фармальна выканаюць закон: акурат у тры гадзіны ночы споўніцца роўна дзесяць сутак з часу арышту. Так, толькі фармальна… Бо прычына начных вызваленьняў была простай: ноччу будзе меншы розгалас і ня так шмат людзей прыйдзе сустракаць вязьняў. А Марыйка ведала, што “каліноўцаў” з кветкамі і шампанскім па выхадзе сустракаюць дзясяткі людзей. Але, што ёй тыя дзясяткі, галоўнае – яна, нарэшце, убачыць Алеся, якога таксама павінны выпусьціць у гэты ж час. І маму. Яна мо ўпершыню ў жыцьці засумавала па маме...
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Адсюль зусім па-іншаму бачыцца жыцьцё на волі. Бо тут ёсьць час проста спыніцца, агледзецца і падумаць: а як я жыла? Ці разумна траціла свой жыцьцёвы час, якога, калі падумаць, то і зусім няшмат дадзена чалавеку. Ага, зноў савецкае згадваецца: “жизнь дается человеку один раз, и прожить её нужно так, чтобы не было мучительно больно за бесцельно прожитые годы…” Во ўбілі ў мазгі! Нават мне, якая толькі акцябронкам і пасьпела пабыць. Зрэшты, калі адкінуць ідэалогію, што чаплялі на гэтыя радкі, то вельмі правільнае выслоўе. У нечым нават хрысьціянскае. Розьніца толькі ў мэтах, сродках і сэньсе, які ўкладваўся ў гэтыя словы. Бо з гэтым дэвізам на вуснах “карчагінцы” разбуралі і храмы…
Большасьць, думаю, тут упершыню задумалася: а што далей? Ну вось, пасядзелі мы на плошчы, пазмагаліся з ветракамі і што? Што апроч непрыемнасьцяў у персьпектыве гэта нам дало? І як вяртацца цяпер у тое самае жыцьцё, ісьці на працу, на вучобу, як ні ў чым не бывала… Сустракацца вачыма з тымі, хто ўвесь гэты час, можа, і асуджаў нас, а наслухаўшыся баек пра “шпрыцы”, порначасопісы”, можа, і ўзьненавідзеў... Ці наадварот, усяляк падтрымліваў і радаваўся, але быў расчараваны тым, як нягегла і няўцямна гэта ўсё скончылася…
Што казаць пра тых, хто застаўся ў сваіх кватэрах. Гэта іх справа. А вось мы адсюль выйдзем зусім іншымі людзьмі. Страх за сябе, за сваю будучыню мы пакінулі там, на плошчы. Нас было мала – тых, хто сьвядома ішоў на барацьбу з рэжымам, цяпер стане нашмат больш. І мы пераможам. Мы, вядома, пераможам урэшце рэшт. Мэта ў нас адная: незалежная багатая еўрапейская Беларусь. І ніхто ня выступіць супраць гэтай мэты, нават тыя мянты і гэбэшнікі, якія хапалі нас на плошчы, якія трымалі нас у турмах. Ім таксама абрыд гэты лад, гэтая невядомасьць і залежнасьць не ад логікі, а ад капрызаў аднаго чалавека. І яны таксама жадаюць пераменаў. Але яны баяцца нас. Дарэмна. І трэба, каб яны паверылі, што дарэмна. І сталі поплеч... І ня толькі яны, а тысячы тысячаў, што сумняваюцца ў сваіх сілах і мажлівасьцях, што трапілі ў палон запалохваньня і страху. Няма ў нас свайго Яна Паўла ІІ, які сказаў бы: “Ня бойцеся!” і яму паверылі б. Але думку гэтую, гэты дэвіз трэба данесьці да ўсіх. А яшчэ думку пра тое, што мы павінны і можам жыць іначай – бяз страху і заможна: бяз страху за сябе, сваіх блізкіх, свой дом, сваю працу, свой бізнэс, сваю Радзіму... І тады мы пераможам… Клянуся, не пашкадую сілаў дзеля перамогі і пранясу гэтыя ідэі праз усё маё астатняе жыцьцё. І, думаю, Алесь будзе побач са мною. А можа, і паперадзе мяне… Жыве Беларусь!”.
Як хутка тое, што было з намі, робіцца гісторыяй… Дзевяць дзён таму была Плошча, і вось яна ўжо ў мінулым. І згадвацца будзе, з гадамі, у кнігах, у падручніках. Дзе адным радком, а дзе шырока… Ні адна “элегантная” перамога не застанецца ў гісторыі, а Плошча – застанецца. І хлопцы, і дзяўчаты нашыя застануцца... Бо ўсе яны, усе дзяўчаты з гэтай камеры: і Таня, і Маша, і Сьвятлана, і Алена, і Даша… і ўсе-ўсе, хто ў тыя дні і ночы быў на плошчы, паводле ўсіх канонаў – героі. Так, Героі! Бо змаглі пераадолець страх, паўсталі супраць абыякавасьці і несправядлівасьці, супраць хлусьні і падману, нарэшце, супраць дзяржаўнае машыны… І ўсёроўна, што гэта за машына і хто ёю кіруе, важны сам факт паўстаньня на хай і бесьперсьпектыўную барацьбу… Пайсьці насуперак плыні, рызыкуючы сваім здароўем і кар’ерай, стаяць за справядлівасьць і законнасьць, здольны ня кожны, а толькі самыя моцныя духам… І нашчадкі зразумеюць подзьвіг тых, хто выйшаў на Плошчу, і годна ацэняць яго…