Марыйка мройліва ўсьміхнулася, згадваючы блізкае мінулае, але і сон паступова браў сваё… Яна і не заўважыла, як зноў апынулася на менскай вуліцы. Было лета. Ясны сонечны дзень – прыгожы і сьпеўны. Яна стаяла на ходніку, які сам рухаўся ўздоўж прасьпекту – прасьпекту Незалежнасьці, пазнала яна. “Вуліца Янкі Купалы”, – сказаў ці аб’явіў нехта побач. Марыйка азірнулася – гэта робат-гід стаяў з краю платформы і, як прыпынкі, называў мясьціны, уздоўж якіх цёк ходнік. Так, гэта вуліца Янкі Купалы, вунь і сквер з помнікам песьняру, адна з любімейшых яе мясьцінаў на беразе Сьвіслачы, далей там, нябачны за дрэвамі, дом-музей Янкі Купалы, яшчэ далей – Оперны тэатр і помнік Багдановічу… “Пляц Кастуся Каліноўскага” – паведаміў робат-гід. Так, яны праплывалі паўз тую самую плошчу… “Бабуля, а каму гэта помнік такі прыгожы стаіць?” – спытаўся дзіцячы галасок. Ці не ў яе, Марыйкі, спытаўся? “Гэта помнік барацьбітам за Незалежнасьць Беларусі”, – адказаў робат. Марыйка зрабіла крок і сыйшла з ходніку, які павёз людзей на сабе далей. Глыбока ўдыхнула пах кветак, якія расьлі па ўсёй плошчы, як на лузе, і па зялёнай траве-мураве накіравалася да прыгажэннага помніка пасярод…
“Та-а-а-а-а”, – раптам гучна ўдарыў у вушы першы акорд знаёмага гімну. І праз паўзу – далей: “Мы бе-ла-ру-сы, мір-ныя лю-дзі…” Як, адкуль, на гэтай цудоўнай плошчы той стары гімн?.. Чаму? Навошта?.. Марыйка варухнулася ў неразуменьні, і ледзь не сасьлізнуўшы з нараў, прачнулася. Па радыё, як звычайна ў камеры ў гэты час (і, зразумела ж, па ўсёй краіне!), гралі гімн. Маўляў, уставайце, беларусы, маскалі ўжо цэлую гадзіну ня сьпяць… Шэсьць гадзінаў раніцы: пад’ём!..
…Да выхаду Марыйкі на волю, да сустрэчы з Алесем – заставалася яшчэ дваццаць гадзінаў…
2007