Ён выйшаў з дому раней і вырашыў ня ехаць, а прайсьціся пешкам – было недалёка: пару кіламетраў. У кішэні ляжалі грошы – трошкі болей, чым звычайна, ішлося шпарка, дыхалася лёгка, вечар абяцаў быць самым прыемным у сьвеце: вясна саступіла дарогу лету, кветкі дарылі свой водар, пчолы – гул, гуд: луг, а ня горад вакол... Такі ўжо быў у яго настрой, што бачыў ён дрэвы, кветкі, птушак, пчолаў, і ня бачыў машынаў, тралейбусаў, аўтобусаў, што імчалі побач, сьпяшалі некуды, везьлі стомленых, раззлаваных, прыгаломшаных жыцьцём людзей. Сігналілі, мітусіліся, гырчэлі... а ён бачыў, што кветкі ўжо супакоіліся і зьбіраюцца спаць, што пчолы нясьпешна аблётваюць іх, быццам шукаюць сабе начлегу (А дзе жывуць пчолы ў горадзе? Ніколі ня бачыў вульляў, падумаў ён...), птушкі заклапочана шчабечуць і яму захацелася ў лес, у поле, і калі б цяпер быў ня вечар і дзень у яго наперадзе быў вольны, ён прапанаваў бы Марыйцы сесьці на электрычку і паехаць за горад... Ня ў лес нават, а ў поле – да красак, да адкрытага сіняга неба, у якім захліпаецца нябачны жаваронак...
Але быў вечар, пачаў накрапваць дожджык, а значыць – выбару ў іх не было: кавярня, затулены столік... Чым ня зручная атмасфера дзеля працягу знаёмства?..
Да “Макдональдсу”, як ні прыпыняў сябе, ён прыйшоў першым. Вялізная літара “М” ужо гарэла і рабіла тут горад яшчэ больш вечаровым, чым было насамрэч. На сходах у метро, вакол іх, пры ўваходзе ў “Макдональдс”, тусавалася моладзь. У самую амерыканскую кавярню была чарга – не патрапіць. І добра – там тлумна заўсёды, нават ад маўкліва-жуючага народу і ціхага пошуму паперы, посуду... Лепш пашукаць іншае, больш утульнае месьцейка.
Марыйка спазьнялася. І тыя дзьве хвіліны, што прайшлі ўжо ад прызначанага часу сустрэчы, сьцягнуліся найболей. Яму ўсё здавалася, што робіць яна гэта наўмысна, ён нават адчуў на сабе ейны позірк здалёку: вывучае, адсочвае паводзіны. Яму стала няёмка ад таго, што ён падумаў пра яе гэтак і адразу сабе паверыў. Дзе ж яна стаілася? – ён асьцярожна пачаў углядацца ў навакольныя аддаленыя постаці і чым болей узіраўся, тым болей адчуваў на сабе ейны погляд – ажно да дрыжыкаў... Ён пачынаў ужо ціха ненавідзець яе (і сябе) за прыдуманае ім самім ейнае назіраньне здалёку. І з палёгкай уздыхнуў, калі ўбачыў, як выйшла яна з аўтобусу, што падкаціўся да прыпынку, і шпарка, мэтанакіравана, пакрочыла да ўваходу ў “Макдональдс”.
“Прабач, – сказала яна, – на грамадскі транспарт нельга спадзявацца...”, – першай падала руку па-прыяцельску (што за начальніцкая звычка – падаваць руку, падумаў ён, дзіўная для дзяўчыны…), і такім чынам нібыта ад пачатку разьмеркавала ролі ў іхняй пары: лідэр – яна.
Ён заўважыў тое і падумаў: адкуль у гэтай дзяўчынкі столькі ўпэўненасьці? Ён уяўляў яе, дакладней, бачыў раней, іншай – ціхай, сьціплай, і думаў, што яна такая і ёсьць… Прыкінуў і вырашыў цяпер быць хітрэйшым і “паддацца” ёй, пабачыць, што будзе. А “гаспадыня становішча” агледзелася, ацаніла сітуацыю, падняла вочы на неба, адкуль пачаў туманком імжэць дожджык, і прамовіла:
“Нам не шанцуе. Ва ўсіх кавярнях цяпер месцаў ня будзе... І на вуліцы не пагуляеш...”
“У мяне парасон...”
“Я не люблю дождж ні пад парасонам, ні нават дома... Мяне ён не натхняе...”
“Я таксама не люблю, але сотні паэтаў абагаўлялі дождж, бралі з яго не ваду, ня брыдкую макрэчу, а сум, настальгію, спакой – тое, што ўвогуле называецца лірычным настроем.”
“Ага, плаксівасьць, сьлёзы, ныцьцё... Ва ўсіх іх дождж – плача. Пэўна, няма больш зьбітай метафары, чым гэтая. Бр-р-р...”
Яна была не ў гуморы ці што? Нейкая непадобная да сябе той, што бачыў ён на паседжаньні. Там была мышка – сама ціхмянасьць. Тут – востры позірк, агрэсіўнасьць, узбуджанасьць: тыгрыца на паляваньні. Ня котка, ня рысь – тыгрыца… Вось адкуль “р-р-ры” у яе імені…
Яны пастаялі моўчкі і ён заўважыў, што яна патроху адмякла, паспакайнела – пэўна, “завялася” за дарогу, а цяпер “адыйшла”.
“Я ведаю тут адное месьцейка, дзе заўсёды ёсьць вольныя столікі, – сказала яна, – пойдзем?”
“Пайшлі...” – нешта яму гэтае дзяўчо перастала падабацца, ён не любіў, калі на яго “ціснуць”, калі яму нешта навязваюць. Тады хацелася яму схавацца, зьнікнуць, сысьці цішком, але гэтым разам ён стрымаўся, вырашыў усё ж не псаваць ні ёй, ні сабе вечар, а скарыцца абставінам, не губляючы пры гэтым увагу і тонус, не забываючы пра асьцярожнасьць: не балбатаць лішняга, але – паспрабаваць максімальна вызнаць у яе: хто яна, адкуль і што з сябе ўяўляе...