Былі ў той залі і іншыя мужчыны, узброеныя і не. Юнакі ў кароткіх плашчах, барэтах і капелюшах, старыя сівабародыя сьвятары, дзіўны чалавек у чорным…
«Ні слова больш! – ускрыкнуў раптам рэгент, і котка на яго каленях незадаволена заварушылася. – Ні слова больш, вястун!»
Лёкса паслухмяна закрыў рот. Паглядзеў скоса на Вераніку. Двое гвардзейцаў проста за ёй глядзелі на Лёксу настолькі безуважна, нібыта ім было ўсё роўна, якую вестку ён прынёс.
«Ты і так адолеў доўгую дарогу, вястун, дык адпачні хвілінку! – голас рэгент меў тонкі, пранізьлівы, як у гандляркі на рынку. – Панове, вястун тут. Нагадваю пра нашыя стаўкі. І пра тое, што любая спроба адмовіцца ад іх будзе карацца штрафам. Пане міністар замежных справаў, вас гэта таксама тычыцца. Учора вы падпісалі тое, што мы вас прасілі, так што сёньня ніякіх пратэстаў! Ну…»
Рэгент скінуў котку, падняўся ва ўвесь рост і паволі падышоў да вестуна.
«Ну?.. Зараз ты можаш сказаць… Ці здаровыя Яго Вялікасьць? Ці не пакутуюць ад ранаў? Мы так хвалюемся за іх…»
Але Лёкса ня даў зьбіць сябе з тропу.
«Вашыя высокія эксцэленцыі! Яго Вялікасьць прыслалі мяне з тэрміновым данясеньнем. Маю даручэньне абвясьціць гаспадарам гораду і краю, а таксама ўсім шчасьлівым падданым нашага добрага караля, што вайсковы паход Яго Каралеўскай Вялікасьці і нашага доблеснага войска скончыўся нашай поўнай, бліскучай і пераканаўчай перамогай».
Па залі прайшоў шум. Некалькі дзясяткаў чалавек адначасова насунуліся на Лёксу, зрабіўшы некалькі крокаў наперад і нібы вырашыўшы накінуцца на яго ўсім натоўпам.
«Дзякуй Богу!» – сказаў нехта.
«Няхай жыве кароль!»
«Значыць, перамога! – усклікнуў рэгент і адкінуў з ілба пасму сьветлых валасоў. – Мы іх, як кажа быдла там унізе… А не яны – нас… На шчасьце, я ня меў ніякіх сумневаў».
«Вораг быў ушчэнт разьбіты ля Чорнай Скалы і пацярпеў вялікія страты, а нашае войска пад кіраўніцтвам найсьвятлейшага манарха, захапіўшы багатую здабычу і далучыўшы да каралеўства незьлічоныя тэрыторыі, вяртаецца на нашу мілую Радзіму, – цьвёрда прамовіў Лёкса Шпуль. – Абозы будуць у сталіцы праз тыдзень, калі на тое будзе Божая ласка. А калі не перашкодзяць надвор’е і непрадбачаныя абставіны, кароль дашле наперад авангард. Гэта ўсё, што прасілі перадаць Яго Каралеўская Вялікасьць».
«Вы чулі? – абярнуўся да тых, хто прысутнічаў у залі і ня зводзіў вачэй зь вестуна, рэгент. – Перамога! Ну, пане міністар замежных справаў… Час выканаць дамоўленасьць. Прашу!»
Міністар уздыхнуў і пачаў сьцягваць нагавіцы. Агаліўшы свой азадак, ён павярнуўся да каралевы-маці і змрочна прамовіў:
«Ку-ка-рэ-ку!»
«Прай-граў, прай-граў! – засьмяяўся рэгент, а за ім і ўсе іншыя прысутныя, апрача Лёксы, Веранікі і гвардзейцаў каля ўваходу. Зрэшты, каралева-маці таксама нават не ўсьміхнулася, бо нічога ня бачыла. – Прайграў! Вы бачылі? Усе бачылі? Вось што бывае з тымі, хто ня верыць у перамогу! Дзе гэта наш прафэсар? Яшчэ адзін скептык? Хаваецца ў бібліятэцы? Зараз жа знайсьці і прымусіць выканаць!»
Рэгент усеўся на сваё месца і махнуў рукой.
«Ну, павесяліліся і хопіць… Значыць, перамога! Слава каралю!»
«Слава каралю!» – адгукнуліся ўсе.
Рэгент задумаўся. Залю таксама апанавала маўчаньне.
«А што гэта за красуня з табой, вястун?»
«Гэта… Гэта мая. Ідзе за мной ад самай памежнай ракі. Прывязалася. Не прагоніш».
«Што ж, ты заслужыў здабычу, – ашчэрыўся рэгент. – Эй, ты! Нейкая яна занадта сьветлая для басурманкі… Зрэшты, бываюць і такія. На жаль, наша кроў перамешваецца з гнюснай крывёй басурманаў хутчэй, чым мы думалі, і баюся, пасьля перамогі сытуацыя толькі пагоршыцца. Праўда, пане міністар навукі? Ды нічога, нічога, працягвайце калупацца ў носе, соплі важнейшыя. Эй, ты! Дзеўка! Ты хто такая? Ты рабыня – ці знатнай крыві?»
«Яна не разумее па-нашаму», – сказаў Лёкса Шпуль.
«Вядома, – сказаў рэгент. – Не разумее. Дык значыць, перамога… Слухай, вястун, а чаму ты яшчэ тут? Што стаіш? Думаеш, ты герой? Ты выканаў каралеўскае даручэньне, дык зьнікні. У нас тут, даражэнькі, паседжаньне дзяржаўнай рады з нагоды перамогі. А ён стаіць пасярод залі, быццам сам міністр! Ідзі і напіся з радасьці, як і належыць простаму жаўнеру! І пазабаўляйся са сваёй дзеўкай! А пасьля абдымі маці, калі яна яшчэ жывая! Тырчыць тут, быццам чакае, што яго цалаваць пачнуць!»