Выбрать главу

З настаўнікам, адным з гаспадароў падворка, сустрэліся ў гародчыку — абкладваў капец.

Павіталіся. Разгаварыліся ў хаце — вялікай, на дзве паловы, печка, насупраць ажагоў (вілы, чапляя, мяцёлка) мыцельнік. На падваконнях — гаршкі з геранямі. Жыла тут уся сям'я старога Мітрафана Пашкевіча. Сам жа Янка вучыўся ў Піцеры на медыка, вайной на фронт забралі. Сям'ёй яшчэ не абзавёўся. Ягоны старэйшы брат, Рыгор, таксама быў на фронце, патрапіў у нямецкі палон, дзе і сустрэў рэвалюцыі — і вось толькі нядаўна дайшла ад яго вестка: жывы, вяртаецца дамоў…

Як бацьку франтавікоў, Мітрафану ў вайну далі леса на новую хату, частку ўжо й нарэзаў быў, а перавезці па балотных гацях не паспеў. А тут — рэвалюцыі, войны: не да будоўлі…

У хаце раслі двое братоў-падшыванцаў, вось і пачаў Янка ў вольны час іх адукоўваць. Прачулі суседзі — упрасілі заадно і сваіх узяць. Так і назбіралася «кляса».

Жылі Пашкевічы з гаспадаркі, з зямлі. Дзякуй бацьку Мітрафану — разгадаваў быў коней, дый такіх, што ў самім Пецярбурзе на імператарскай выставе прыз золатам узяў![1] Ды прыхоўваць яго не стаў: прыкупіў зямлі для сыноў, Янку ў навуку выправіў. Аднойчы з рэўкома ўпаўнаважаны падскочыў: здавай царскае золата! А ён — спакойна даведку з Таргсіна: прабачце, здаў па законе, цяпер зямля тое золата… З тым і адчапіліся. А зямля — вось яна, пад нагамі!

― Дык вы б зарэгістравалі школку ў воласці — глядзіш, хоць капейку б нейкую плацілі. — Лістапад пацепнуў плячыма, дзівячыся.

― А што цяперачы з той капейкі? Вось бальшавікі йшлі — кабана рэквізавалі, паперчыну пакінулі, каб грошы за яго атрымалі. І дзе ж іх шукаць? Гэта ў старыя часы агенты купцоў-свінабояў хадзілі й адкормленых кабаноў «абзадачвалі» — толькі ж задатак напачатку выплочвалі! А тут і палякі кабылку павялі з абозам. Сунуліся ў воласць: ваенны час, пачакайце… — Янка Пашкевіч сумна пачухаў густую брывіну і змоўк.

― Ну а што выкладаеце? — Алесь то пазіраў на гаспадара, то разгледжваў невялікую этажэрку з кнігамі.

― Пісьмо, чытанне і матэматыку. Падручнікаў вось толькі німа, дык, бывае, і па газэтах…

― А па-руску ці па-беларуску вучыце?

― І так, і так. Часцей усё ж па-беларуску — так дзецям лягчэй. Толькі кніг беларускіх мала.

Падмацаваўшыся адваранкай са смятанай, госці паабяцалі дапамагчы з падручнікамі, «пенсіяй» і падаліся далей. Наведалі школкі ў Красным і Амговічах — і завярнулі назад.

Назаўтра Лістапад перадаў Алесю ліст-справаздачу да Рак-Міхайлоўскага:

«Паважаны Пане Старшыня! Я даведаўся, што з адзінаццаці вясковых школ Слуцкай воласці адчынена толькі адна школа расейская. Што датычыць школ беларускіх, то ні адзін настаўнік пра іх нічога ня ведаў (за выключэньнем прыватных), а прыгаворы падаюць, каб адчыніць хоць адну школу.

Я пабываў на бацькоўскіх сходах і вытлумачыў ім добра пра школьную справу, дык настаўнікі, усе як адзін, згадзіліся адчыняць беларускую школу. На сходах было больш як 100 душ бацькоў. Толькі напісалі ў прыгаворы такую згоду, што пачнуць вучыць па-беларуску тады, калі будуць прысланы ім беларускія падручнікі…

Яшчэ, Пане старшыня, дабаўлю. У мяне надта шмат знаёмых настаўнікаў вясковых школ. Яны даведаліся, што я прыехаў з Менска, чалавек па дзесяць прыходзілі даведацца пра школы. Ім я растлумачыў, як належыць быць, і ні адзін з іх ні мае нічога проціў і кожны згаджаецца ўвесьці ў сваёй школе беларускую мову. Толькі яны просяць, каб атрымаць адкуль-небудзь беларускіх падручнікаў і рады пабываць на курсах Беларусазнаўства..

Працаўнікоў-беларусаў у нас натта мала. Людзі добрыя і спрыяючыя Беларусі, гэта Асьвяцімскі, старшыня Беларускага гуртка Бараноўскі, Яцкевіч, якім і перадаю гэты ліст, і некаторыя іншыя, а на Абрамовіча яны тэж ні маюць ніякае надзеі. Што будзе зроблена мною потым, дык я напішу, і як адчыняцца беларускія школы, тэ напішу дзе і колькі іх будзе.

Юрка Лістапад».

* * *

…Аб'явілі, што самалёт праз паўгадзіны зробіць пасадку ў Франкфурце. Значыць, яшчэ дзве гадзіны лёту — і Менск!.. І Алесь Хведаравіч зніякавеў — хоць, зразумела, і чакаў, ды адчуў нечакана, упершыню за пяцьдзесят гадоў апынуўся гэтак блізка да Беларусі! У небе ж пачуваўся зусім па-іншаму, неба — яно для ўсіх неба ды і — па-праўдзе — дагэтуль яшчэ не даваў веры, што выбраўся на Беларусь, адкрываў вочы і баяўся, што і самалёт, і ціхія суседзі-пасажыры, і ветлівая сцюардэса знікнуць — як пасля сну-набрыдзі…

вернуться

1

Вызначыўся падобна ― толькі ўжо ў час «нэпу» ― адзін селянін з Семежава, чый жарабец у Маскве на сельскагаспадарчай выстаўцы заняў другое месца ― з усяго СССР!