Выбрать главу

У хваляванні доўга не мог аднавіць перарваных успамінаў. Так…. Яго запрасілі ў Менск… Перад ад'ездам пазнаёміўся з Лістападам… Потым, назаўтра, калі Лістапад перадаваў яму ліст, развітацца прыйшла Люда!..

Яны сустрэліся перад дзвярыма гімназіі — і на хвілю знерухомелі.

― Такі едзеш… — першай вымавіла яна і зірнула рашуча, неспадзявана. І яго апаліў гэты позірк, і ён адчуў, што вось зараз і павінна разбіцца тая надакучлівая сцяна фанабэрыстасці, акцёрства, адчуў, але ўсё ж штось здрадліва стрымлівала яго: ці то яшчэ свежая крыўда за нядаўнюю абразу (адмовілася, каб праводзіў яе пасля вечарынкі, ― пайшла з малодшым Асьвяцімскім), ці то яшчэ дзедаўскі нораў (ніколі не «гнуцца» перад дзяўчынай). Але калі яна рушыла да лаўкі — страпянуўся, пасунуўся ўслед. І калі былі пад голай кронай старэчай вярбы, Люда раптам павярнулася, запаволена адхінула з брыва спружыністы кудзярок, зазірнула ў вочы і апякла:

― Я кахаю цябе, Алесь…

І яму тады нечакана ўбачылася — ён выразна памятаў! — як з вечаровага неба пасыпаліся на ажывелыя голькі вярбы пераспелыя зоркі…

* * *

Алесь Хведаравіч шчодра разлічыўся з таксістам і доўга верачы і не верачы, што — у Менску-Мінску, што яго яшчэ не ссадзілі з трапа і не адвезлі ў турму на Валадарскага — «Амерыканку» (ну і празвалі ж!), здзіўлена азіраўся наўкол. Напачатку думаў, што таксіст ці памыліўся, ці знарок спяшыў зусім не да Траецкага — такое ўсё было незнаёмае, нават чужое. Зрэшты, толькі гэтае месца і змог назваць-узгадаць таксісту…

Глядзеў ён доўга — пазнаючы і не пазнаючы — на чырвоныя дахі старой забудовы, на шыхт шматпавярховікаў, на змрочную ў восеньскім продуме Свіслач, бялюткая Святадухаўская царква на ўзвышшы — і плакаў, плакаў па-дзіцячы шчыра прамінаючы здзіўленыя позіркі мінчукоў, так і не надзеўшы пасля машыны капялюш — жмакаў яго ў дрыготкай руцэ.

Іяму тады ўявілася, што ён…

* * *

…стаіць на каменным мосце паміж Траецкім і царквой, у спраўленым бацькам амаль новым кажушку, па-модзе кароткім, шапцы формы канфедэраткі, з фанерным баульчыкам-чамаданікам, — і як не даймаў шыю і шчокі марозны вогкі вецер з нізіны, з-за рэчкі, не настаўляў каўняра.

Ён выбраўся ў Менск у крытай паштарскай фурманцы яшчэ зночы, каб дабрацца нараніцу (так прасіў Ігнатоўскі) няроўным гасцінцам, шкадуючы, што не даўмеліся пракласці паміж Слуцкам і Менскам чыгункі. Наогул, Слуцак «убачыў» чыгунку толькі ў апошні год Першай сусветнай вайны — яе працягнулі да горада ад усходняй станцыі Урэчча. Гэта была частка Асіповіцкай лініі Лібава-Роменскай чыгункі, якая звязвала Менск з Украінаю. Але ж каб па ёй трапіць са Слуцка ў Менск — трэба залішняга круга даваць…[2]

Ужо развіднела, і ён мог з цікавасцю назіраць, як павольна прачынаўся горад. Недзе здалёк, на ўсходзе, на марозным небе, з'явіліся дзве невялікія шапкі ні то дыму, ні то пары. З цэнтра — па Захар'еўскай (здагадаўся па цоканні) лескатала конка. Першым ажывіўся Пляц Волі (колішні Губернатарскі): у царкве і касцёле пачыналіся службы. Знекуль вынырнуў хлапчук-газэтаноша, напалохаўшы знячэўку бадзёрымі вокрыкамі:

― Газэты, сённяшнія газэты!

Ён падазваў хлапчука, паздароўкаўся, — чым здзівіў тога.

― Якія ёсць?

― Толькі дзве пакуль — «Минскнй курьер» і «Беларусь».

Ён купіў абедзьве і, намагаючыся, каб не пачаць чытаць, склаў і сунуў у кішэню.

Некалькі спешкіх гараджан прашыбавалі паўз яго, супыніўся і кашлянуў даўгарукі «фраер» — з пышным настаўленым чубам пад скасабочанай пацёртай аблавушкай, у шэрым палітончыку і шырокіх камечаных нагавіцах.

― Прыпаліць не будзе? — цыркнуў слінай і, пажмякаўшы ў вузлаватых пальцах, утыркнуў у рот папяросіну (за вухам сушылася другая).

― Не куру, — адказаў знарок басавіта.

Яшчэ раз коса агледзеўшы яго, «фраер» паклыпаў далей…

Крыху яшчэ пастаяўшы, пайшоў сваёй дарогай і ён — на Захараўскую (ці — пры паляках — вуліцу Міцкевіча), галоўную ў Менску. Каб зрэзаць «дугу», спусціўся пад мост і прыспешыў прыцярушанай маладым снегам сцежкай — да рэдкага скверыку.

З напаўцьмянага закутка, дзе заканчваўся-заварочваў плот, пачуўся невыразны ўскрык. Насцярожаны, пачаў углядацца ў нейкую напаўразваленую шэрую сцяну і выхапіў нацятым позіркам каля самага вугла дзве постаці — мужчыны і паненкі ў капялюшыку.

вернуться

2

Пасля далучэння  да Савецкай Беларусі Заходняй чыгунка злучыла Слуцак з Баранавічамі.