Крануліся далей, Мядзёлка, узбадзёраная, — паперадзе.
― Адкуль, цікава, у майго абаронцы такія звесткі? ― І азірнулася — весела, гарэзна.
― А вы… ты павінна ведаць майго настаўніка Радаслава Астроўскага…
― Ну а як жа, добра ведаю!
― Вось ён і расказваў. Толькі як жа і сама Мядзёлка ў Менску апынулася?
― Праўда расказваў? І добрае? — і калі ён хітнуў галавой, працягвала: — Ох, дарагі Алесь… Можна я называцьму цябе Алесем? (Яму нечакана здалося, што за гэтую хвілю Мядзёлка, хоць і выглядала замаладой, памаладзела яшчэ — мяккасць, гуллівасць, у нечым бездапаможная, адкрытая наіўнасць…) Да Менску я пабыла яшчэ ў Горадні — школкі інспектавала, драмгурток стварыла і… у польскай турме адпачывала…
― Як гэта? — зусім «недыпламатычна» вырвалася ў Алеся.
― За ўдзел у выданні газэты «Родны край», добрай газэты…
Хоць і чуў на свае вушы, ды з цяжкасцю даваў ён чутаму веры.
― Значыць, не толькі на рабаўнікоў злосць Мядзёлка мае?
― А хай ім усім добра будзе!.. Адны вось да працы перашкаджаюць дайсці, другія — працаваць не даюць…
― А цяпер дзе шаноўная Мядзёлка завіхаецца?
― Ажно жаночай чатырохкляснай школай кіруе… А куды, калі не сакрэт, пан Алесь шыбаваць меўся?
― На працу і я спрабую дабрацца. Запрасіў Ігнатоўскі. Казаў, што ў Школьнай радзе людзі патрэбны…
― Гэта ў Рак-Міхайлоўскага? То ж мы амаль калегамі будзем! Толькі… як ты туды з падбітым вокам упяршынь заявішся?!. — Яна прымружыла павейкі, зноў паморшчыла лобік і, узняўшы ўгору ўказальны палец, рашуча мовіла: — Зробім так… Я дзядзьку Сымона добра ведаю, і таму мы зараз да яго ўдваіх і пойдам. Там разам твой сіні «медаль» і адзначым…
Калі яны дайшлі да Юбілейнага дома (цяпер яго звалі Беларускім), зацерушыў сняжок. Дом стаяў на ўзвышку, да галоўных дзвярэй вялі высокія каменныя прыступкі. Ды і сам дом пачынаўся звысоку — амаль на паўроста ўзнімаўся шэры падмурак, над ім — аркавыя вокны першага паверха. Другі паверх адкрыта глядзеў большымі — амаль квадратнымі — вачніцамі — кудысь за вуліцу. Аркавымі былі і двайныя ўваходныя дзверы, над імі зграбна выступала трапецыяй невялічкая мансарда.
Дзякуючы Мядзёлцы, ён хутка адшукаў патрэбных людзей і адразу ж быў залічаны на працу. Дзякуючы ёй жа, па ўсім Беларускім доме хутка разбеглася чутка пра бойку каля рэчкі і «ўганаравалася» ягоная клічка — Мядзведзь. І калі надвячоркам ён разгарнуў купленыя раніцай газэты (падшукаць кватэры не паспеў і застаўся пераначаваць у канцылярыі Школьнай рады), у дзверы пастукалі, і ў пакой зайшоў маладжавы мужчына сярэдняга роста, у вайсковага крою пінжаку, кашулі пад самую шыю без каўняра, гладка адпрасаваных нагавіцах і зіхоткіх ботах ручной работы. Агледзеўся, усміхнуўся — твар правільнай формы, шляхетны — і ледзь не з уваходу выпаліў:
― Дык хто тут Мядзведзем будзе?
І ён пазнаў — зайшоў Алесь Гарун.
Алесь Гарун
Цяжкія дзверы гатэлю «Парыж», крыху разбуранага зверху напачатку немцамі, а затым бальшавікамі, раскрыліся лёгка, не пасаваў толькі іхняй былой велічы намерзлы скрып: ужо некалькі гадоў не змазваліся жалезіны запавесаў. Жмурачыся ад святла і снегу, першым з гатэля выскачыў ад'ютант генерала Жэлігоўскага, зірнуў наўкруг і заліхвацка адступіў, трымаючы дзверыну. За ім паказалася і ўся дэлегацыя: Гіпіус, Меражкоўскі, генерал, Злобін і Філосафаў (у студзені 1920-га Дзмітрый Меражкоўскі з жонкай Зінаідай Гіпіус выбраліся з чырвонага Піцера — чытаць чырвонаармейцам лекцыі пра… Егіпет. З маладым паэтам, у будучым сакратаром Меражкоўскіх, Валодзем Злобіным нелегальна перайшлі пад Бабруйскам «польскую» мяжу, адкуль — праз колькі дзён — і патрапілі ў Менск).
Цямнела. Халодны вецер сыпануў у твар снежнай ігліцаю. Па вуліцы — ледзь не пад ногі — пракаціліся дзве скамечаныя газэціны, купка сонных галубоў лена адляцела на колькі крокаў і зноў сцішылася — зіхоткія галоўкі падазрона крывіліся — амаль тэатральна косячыся на пышную дэлегацыю.
— …Поймите, — працягваў распачатую яшчэ ў гатэлі размову Жэлігоўскі, ― здесь нет никого разумного и ответственного нз русских людей, кому поляки могли бы доверять… Здесь фактически нет достойных русских антибольшевиков. Нам не с кем разговаривать. Вы — первые русские люди, точка зрения которых нам не внушает недоверня. И, я полагаю, в Польше нужно создать русское правительство, которое Польша после свержения большевиков желала бы видеть у власти…
― Да-да, есть над чем поразмыслить. — Меражкоўскі, магло падацца, амаль не слухаў генерала: ступаў па прымеценай снегам вуліцы няўпэўнена, як здарожаны хадок, крыху прыпадаў, нібы пакульгваючы, на пяткі. А можа так здавалася на фоне роўнай генеральскай хады?