Выбрать главу

Калі ўся шасцёрка перайшла вуліцу, з Гарадскога тэатру (ён месціўся насупраць гатэля) ветліва выбег доктар Балаховец, загадчык Пушкінскай бібліятэкі — ён і арганізаваў гэтую сустрэчу менчукоў з расійскімі пісьменнікамі — і соладка раскланяўся гасцям:

― Зал переполнен. Вас ждут. Пожалуйста… Пожалуйста, просим!

― Перад сваімі так не слаўся б… — не ўтрымаўся Алесь. У той час ён з Гаруном таксама ўзыходзілі на прыступкі тэатра. Ледзь не спазніліся: адведвалі хворага Купалу.

Зала і насамрэч была перапоўненай. Выступоўцам да сцэны дапамаглі праціснуцца паліцмэйстары. Гарун з Алесем намерыліся ўжо стаяць, як у першым радзе заўважылі Ігнатоўскага — махаў рукой і клікаў да сябе. Побач з ім сядзеў епіскап Мелхісэдэк і яшчэ некалькі святароў. Пэўна, нехта са «званых» не з'явіўся, і два незанятыя месцы нечакана дасталіся Гаруну і Алесю. Апошні яшчэ доўга паглядаў на епіскапа, маладога, прыгожага. Ведаў, што Ігнатоўскі сябруе з Мелхісэдэкам, нават ужо амаль упэўніў яго ў неабходнасці абеларушвання царкоўнай службы…

Вечарыну пачаў Злобін. Павітаўся і стаў пераказваць уражанні аб прыездзе ў Бабруйск, Менск:

― Мы ведь были совсем дикие. Первые магазины привели нас в столбняк. С открытым ртом я долго стоял перед выставленными в окне носками, днвясь, что их можно опять купить! Улицы стало уже непривычно переходить — по ним же опять лошади ездят! А в офицерском клубе, куда нас были пригласили на обед, мы с недоверием и почти ужасом смотрели на белый хлеб и яблоки, точно это были плоды иного мира… И вспоминается сейчас одна петербургская литературная вечеринка в 1917-ом. — Злобін зморшчыўся і з намогай паспрабаваў усміхнуцца, ды гэтага не атрымалася — у вачох засвяціліся злосныя іскрыны — манернасці, фанабэрыі. — Профессор Сперанский долго читал нз Достоевского. После небольшого перерыва какой-то красный комисаришко объявил, что вечер запрещён и потребовал у Сперанского… — вось цяпер толькі ён усміхнуўся, шчыра, проста, — домашннй адрес Достоевского! — Засмяялася гучна і зала. — Совсем другая жизнь встретила нас в этом небольшом — по меркам Петербурга — польском городе!..

Алесю падалося, што ён не дачуў. Зірнуў на Гаруна — і ў тога бровы здзіўлена прыўзняты… Але выступоўца не паправіўся.

Загаварыў Меражкоўскі, урачыста, узнёсла — пра мастацтва, пра Пушкіна і Міцкевіча, пра літарацкае жыццё ў бальшавіцкай Расіі, духоўнае выпрабаванне рускай нацыі… І зноў — Расія, Польшча, рускае, польскае. Заклікала паважаць і любіць вызваленцаў Менска Гіпіус. Доўга чыталі вершы. Калі пачалі адказваць на пытанні — нудныя, дробныя, не ўтрымаўся Гарун:

― Вось вы, панове пісьменнікі, добра ўсё пра культуру, мастацтва гаворыце… Толькі адкажыце мне на простае: як будзе выглядаць чалавек, што прыйдзе ў суседаў сад і, збіраючы там яблыкі, хваліцьме не суседа, а дзірку ў ягоным плоце?.. (Па зале прабегла турботная хвалька неўразумення.) — Гарун прыжмурыўся і яшчэ раз — учэпіста, як хітраваты пан пры найме на работу — агледзеў старэйшага з выступоўцаў — Меражкоўскага. Той схіліў галаву і, не міргаючы, — позіркі сышліся, — вывучаў нечаканага запытайцу. Пасля нацятай паўзы не вытрымаў першым Меражкоўскі:

― Не совсем ясен ваш вопрос. Если можно, конкретно… — і павярнуўся да Злобіна.

― Калі просіце канкрэтна — калі ласка! — Гарун усміхнуўся нават. — Вы, скажам так, як сімвал нескаронай рускай інтэлігенцыі прыязджаеце, не хачу казаць уцякаеце… (І зноў абураны гул у зале, а Гарун адно павысіў голас.)…у суседнюю краіну, да суседняга народа — і не заўважаеце яго, дзівіцеся і белымі булкамі, і запоўненымі вулкамі, а на тое, што булкі тыя пяклі беларусы і што гэта вулкі беларускага горада — ці забыліся, ці не бачыце?!

І тут заля пачала ўзрывацца выкрыкамі нібыта абураных слухачоў:

― Да что он вяжется!

― По существу вопросы, по существу!

― Большевицким прихвосням слова не давать!..

Апошняе апякло зусім зблізку — Гарун нават разгледзеў уладальніка гэтага хрыплага барытона — таўставатага «дзеяча» ад журналістыкі. Яны ж былі нават знаёмцамі: у 1918-м, калі газэта «Беларускі Шлях» пераходзіла да менскага таварыства «Заранка», пад Гарунова рэдактарскае крыло, дзеяч гэты — ці не Гробскі яго прозвішча? — на ўсю чарніў перад немцамі (тымчаснымі «вызваліцелямі» Менска) беларусаў і дамагаўся фундацыі сваіх рускамоўных «Ведомостей»…

Выкрык пра бальшавіцкага прыхвасня крануў за жывое — каго-каго, а яго, Гаруна… Пасля ўсяго напісанага і зробленага ім… Хоць і ведаў, што гробскіх тут — паўзалы…