― Давайте спокойнее, господа! — нібыта абурана выціснуў Меражкоўскі і прысеў да століка — гэтым вечарам ён больш нічога не сказаў.
― Да-да, конечно… Хватит… Почитайте, пожалуйста, еще что-либо… — паплыло з галёркі, і Злобін раскрыў свой бліскучы нататнік…
Гарун так і не даседзеў да канца сустрэчы. За ім, ловячы грэблівы зірк «рускага» журналіста ў замалым для ягонага жывата, камечаным пінжаку, падаўся і Алесь.
На выхадзе сустрэлі здзіўленую прыбіральшчыцу.
― А што паноў пісьменнікаў да канца не даслухалі? ― і зноў плёхнула ў ваду ўжо выкручаную анучу.
― Ды, ведаеце, і ў зале бруду багата было… — міжволі вылецела ў Гаруна.
― Як?! — зніякавела прыбіральшчыца. — Я ж яшчэ сённячы ранкам дамывала там…
― На жаль, бруд той, пэўна, ужо не адмыецца. — Гарун уздыхнуў і прачыніў дзверы. Алесь азірнуўся: у неўразуменні над вядром застыла прыбіральшчыца.
Вогкі вецер астудзіў іх, лізнуў холадам і скочыў да тэатравага франтона. Горад жа і не думаў збірацца спаць — ад гатэля дабягаў стук малатка (нейкі гаспадар-клапатун, не зафіраніўшы вакно, дарабляў у «кватэры» перагародку — цяжарная жонка назірала за ягонай працай), доўгія цені паліцэйскіх пераплылі вуліцу, бадзёра зыкнуў прастуджаным гудком на вакзале цягнік — і вецер нацянькі кінуўся на яго вандроўніцкія запросіны. «Газэты! Цыгарэты!» — адзываўся на ганку гатэля рабаціністы хлапчук…
А да Гаруна падступіла даўкае — як гэтая зімняя пераспелая цямрэча — пачуццё, — каб мог, дык хоць заплач… І заўважыўшы, што і Алесю нясоладка, Алесь старэйшы нырцануў у блізкія ўспаміны:
― Эх, а тры ж гады таму — 18 снежня 1917-га — тут першы Усебеларускі з'езд праходзіў, а здаецца — паўжыцця мінула… Вось тут… — Гарун зноў вярнуўся да дзвярэй тэатру. — Тут стаяла ганаровая варта Менскага беларускага палку, а там… — Ён тыцнуў у сцяну пальцам. — Там, у зале, не шэрыя сцены былі! Сцэна — «Пагоняй» і бел-чырвона-белымі сцягамі ўпрыгожана! За прэзідыумам — хор Тэраўскага. З артыстамі Ждановіча, усе ў беларускіх строях… І заля, і лёжы, і хады былі заняты дэлегатамі. Ніводная нацыя за перыяд расейскіх рэвалюцыяў не дала такое колькасці ўдзельнікаў… ― Яны павольна пакрочылі да Захар'еўскай. — Прадстаўніком на сходзе тым быў запраўды беларускі народ — толькі «кантрабандным» чынам трапіла туды колькі «таварышаў» з маскоўцаў, якія прыехалі з выразнай мэтай справакаваць з'езд. За старшыню абралі Івана Сераду, у сакратарыят, разам з іншымі, увайшлі Тамаш Грыб і я… — Гарун на хвілю перапыніўся. З пляцавага гала злосна налятаў вецер, лязгаў бляхамі начольнікаў і раз'юшана завываў у трубе вадасцёка. Гарун наставіў каўнер, глыбей нацягнуў шапку і падпіхнуў Алеся ў плячук: — Помніцца выступленне аднаго «ўмандатаванага» святара, прыхільніка, — высока паківаў пальцам, — улады саветаў… Ён настойліва гугнявіў пра непадзельнасць трыадзінага рускага народу і параўноўваў з непадзельнасцю Святой тройцы… Была і правакацыя: адзін дундук з «абласнікоў» назваў бел-чырвона-белы сцяг, што вісеў над трыбунай, тряпкой. Я й некалькі вайскоўцаў хацелі вывесці разумніка… А з прэзідыуму да трыбуны падбег генерал Аляксяеўскі і, пацалаваўшы сцяг, папрасіў прысутных не зневажаць першы з'езд бойкай. Адкрыў жа з'езд твой Рак-Міхайлоскі — доўгія воплескі былі!.. А калі хор заспяваў «Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі»!.. Божа мой, не паверыш — бальшыня слёзы выцірала… Шчаслівыя слёзы! — Гарун уздыхнуў і зірнуў на Алеся, усміхнуўся. — Цябе з лекцыі звёў, а сам другую распачаў…
— Ды што вы, дзядзька Алесь! Я ж толькі й ведаў пра з'езд, што ён быў…
Бальшавікі разагналі з'езд… А ўсіх жа рэзалюцыяў і матэрыялаў з'езда ў Грыба назбіралася на той час два вялікія — як тоўстыя падушкі! — партфелі… ― Гарун закашляўся. — Ды назаўтра сабраліся ў менскім чыгуначным дэпо, дзе з'езд да вольных выбараў перадаў свае паўнамоцтвы сваёй радзе. І зноў бальшавікі спрабавалі гвалтам разагнаць сход, ды чыгуначнікі, дзякуй ім, заступіліся. Дык што, пасля гэтага бальшавікам кланяцца? У іхнія камуны верыць?! На Леніна маліцца?!! — Прайшлі крыху моўчкі. — Ні немцы, ні палякі… ― і Гарун цяжка перасмыкнуў вострым коўцікам, — не дазвалялі сабе падобнага…
І зноў — як нядаўні апёк — згадка пра бальшавіцкага прыхвасня… Кім-кім, а бальшавіцкім памагатым назваць яго мог ці хворы чалавек, ці Гробскі!
«…У пяцігадовым узросьце навучыўшыся чытаць, праседзеўшы два гады ў трэцяй клясе прыходзкага вучылішча — бо «такога недалетку», як напіша Максім Гарэцкі, не дапусьцілі першы год да экзаменаў, ён, Саша Прушынскі, вымушаны быў чакаць яшчэ два гады, каб мець права паступіць у рамесьніцкую вучыльню. У 1902 годзе стаў столярам. У 1904-ым зблізіўся з эсэрамі-максімалістамі. Не даў толькі адтэрміноўкі дваццацігадоваму юнаку арышт — яго схапілі ноччу 4 сакавіка 1907-га ў друкарні па вуліцы Шырокай у Менску, дзе рыхтавалі ўлётку. У лютым 1908-га, раніцай, пераправілі з менскага астрога ў Вільню. Двойчы зьбіраўся суд, і — у 21 год — высылка на пасяленьне ў Сыбір, у Іркуцкую губерню. Цяслярыў, быў на Лене вадалівам, на баржы № 18 рыхтаваў да друку свой першы (і апошні) паэтычны зборнік «Матчын дар» (які ўвосень 1914 года выслаў у Вільню). У выгнаньні пазнаёміўся і пасябраваў з Язэпам Лёсікам. Вярнуўся ў верасьні 1917-га нямоглым, хворым, разам з Язэпам Лёсікам трымаўся, побач з ім у «Вольнай Беларусі» працаваць пачаў (у «Беларускай кнігарні», што ў адным будынку на Захараўскай, насупраць Чырвонага касьцёла, месьцілася, — «Вольная Беларусь» на другім, кнігарня — на першым паверсе).