У кабінеце пачалася спакойная размова, а каля васьмі гадзінаў вечара нечакана грымнуў стрэл… Жонка кінулася да мужа, і яе на прыступках ледзь не збіў адзін з наведвальнікаў.
Кроў з прастрэленай галавы Аляхновіча залівала стол, і ён толькі змог двойчы прашаптаць жонцы:
— Звані...[60]
Частка IV
Некалі Менск, а цяпер Мінск шмат пабачыў за свой век, але эскадра варожых самалётаў у ягоным небе з'явілася ўпершыню…
У той дзень, 22 чэрвеня 1941 года, многія з мінчукоў былі ў пасёлку Весялоўка — на адкрыцці Камсамольскага возера. З бадзёрай прамовай выступіў таварыш Молатаў. А вечарам загохкалі першыя стрэлы зенітак і з'явіліся першыя нямецкія бамбавозы…
Праз шэсць дзён пасля таго Мінск быў акупаваны (за суткі вораг пасоўваў «легендарную» і «непераможную» Чырвоную армію на 50 - 100 кіламетраў. Аніякай эвакуацыі горада не было. Народнае апалчэнне ў Ждановічах і Уруччы, не атрымаўшы прадуктаў харчавання, выступіла на затрыманне нямецкага дэсанта з адной вінтоўкай на… дзесяцёх.
Дэкрэтам ад 17 ліпеня 1941 года Гітлер абвясціў аб стварэнні рэйхскамісарыята Остланд у складзе Літвы, Латвіі, Эстоніі і часткі Беларусі, рэйхсканцлерам прызначыў Лозе (яго рэзідэнцыя размяшчалася ў Рызе). Генеральны вокруг «Беларусь» узначаліў Кубэ, на чале Менскай гарадской управы з лістапада 1941 года стаў Вацлаў Іваноўскі.
З гэтага часу, на думку Езавітава, на Беларусі — да ўсяго — распачалася і новая грамадзянская вайна. Гаўляйтэр Кубэ, сам паэт-драматург, пачаў падтрымліваць мясцовых нацыянальных дзеячоў. Многія беларусы ў першыя дні акупацыі выяўлялі лаяльнасць да немцаў: ствараецца Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі, закладваецца Беларуская рада даверу, адкрываюцца нацыянальныя школы, выдаюцца беларускія газэты[61].
Масква не магла змірыцца з гэтым, хоць і кінула дзесяцімільённы народ — як жывы шчыт — да ног фашыстаў. Пад яе патранажам распальвалася партызанская барацьба, якая толькі люціла нямецкія войскі супраць беларускага насельніцтва. Пачалося вынішчэнне беларусаў і немцамі — цэлымі вёскамі за аднаго забітага партызанамі салдата, і партызанамі. 5 сакавіка 1943 года ў рэдакцыі «Беларускай Газэты» падпольшчыкамі быў забіты лідэр нацыянал-сацыялістаў Фабіян Акінчыц, у лістападзе — рэдактар «Беларускай Газэты» Вацлаў Казлоўскі, у снежні — Вацлаў Іваноўскі, а таксама дзесяткі іншых беларусаў. Брат забіваў брата…
А знішчаючы немцаў — ні на фронце, а ў тыле, дамагліся і рэпрэсіяў на акупаваных гарадчукоў — большасцю жанчын, старых і дзяцей. Забойства падпольшчыкамі гаўляйтэра Кубэ ў ваенных дзеяннях не дало поспехаў — наадварот, яго месца заняў брыгадэнфюрэр СС, генерал-маёр паліцыі Готберг, які пачаў лютаваць напоўніцу. Але ж найперш гэтага і дамагаліся з Масквы: вынішчыць сімпатыі некаторых да акупантаў. І гэта атрымалася: пасля забойства Кубэ былі ўзяты ў заложнікі жыхары дзвюх мінскіх вуліц — Арктычнай і Беламорскай (каля трохсот чалавек), распачаліся аблавы й арышты, і сімпатыі ўзмацніць яны не маглі…
Скрушна і балюча думалася пра гэта Езавітаву ў Рызе. А была ўжо восень 1943-га, і ён — вопытны вайсковец-тактык — не мог не заўважаць і істотных пераменаў. Пачаўся шырокі контрнаступ Чырвонай арміі. Для паходу на Беларусь прызначаліся войскі трох франтоў. Асноўны ўдар выяўляўся ў напрамку Віцебска («Брамы ў Прыбалтыку») - Полацка - Даўгапілса (так цяпер звалі яго родны Дзвінск), каб урэшце авалодаць і Рыгай…
Асабліва пасля зімы — у сакавіку 1944-га — ён пачаў адчуваць, што пераможная шаля канчаткова хілілася ў бок савецкіх войскаў. А напрыканцы вясны лінія фронту ўжо легла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Воршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, далей — на захад ад Мазыра па Прыпяці да Ковеля. Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Полацк, Барысаў і Мінск адмысловым загадам Гітлера аб'яўляліся гарадамі-крэпасцямі. Але ж яшчэ з мінуўшчыны вядома: чужыя сцены войску не спрыяюць… Езавітаў пачаў разумець, што немцам заставацца на Беларусі нядоўга… І калі з Менску (зноў — Менску!) яго запрасілі ўвайсці ў склад Беларускай цэнтральнай рады пад кіраўніцтвам Радаслава Астроўскага, якога Готберг зацведзіў у «прэзідэнстве», Езавітаў згадзіўся: хто ведае, ці накануе яшчэ лёс пабачыць Менск?..
60
Да апошняга часу заставалася невядомым, хто забіў Францішка Аляхновіча.
«Дасюль невядома, хто ўчыніў гэтае злачынства. Хутчэй за ўсе ― чырвоныя дыверсанты. <...> Але зрабіць гэта маглі і акаўцы, баевікі Арміі Краевай, якія гэтаксама метадычна вынішчалі беларускую інтэлігенцыю», ― пісаў Алесь Бяляцкі ў прадмове па выдання аповесці «У капцюрох Г.П.У» (Мінск, 1994).
Тое ж адзначалі і Анатоль Сабалеўскі, і Зоя Лысенка, якая пісала наступнае:
«Яго забілі на ўласнай кватэры <...>. Хто гэта зрабіў, пакуль гісторыкі адназначна сказаць не могуць. Ёсць версія, што ен быў пакараны смерцю савецкімі ці польскімі партызанамі, не выключана, што гэта маглі зрабіць і немцы» («Сыны і пасынкі Беларусі», Мінск, 1996).
Было забойства ― жорсткае, лютае. Забойства чалавека на схіле ягонага веку, чалавека, які прысвяціў сябе служэнню незалежнай Беларусі і яе культуры, які да апошняга дня выкрываў таталітарызм і злачынствы сталінскіх паслугачоў, да чаго Беларусь прыйшла толькі на заканчэнні стагоддзя... Было забойства, і тэрміну даўнасці яно не мае. І калі злачынцы не былі пакараны, трэба назваць хоць іхнія імены.
След забойцы пасля віленскай кватэры Аляхновіча павеў у Маскву. У 1982 годзе быў апублікаваны рапарт партызанскага літоўскага штаба (пра які першым напісаў Зяновіюш Панарскі з Таронта ― у віленскім польскім тыдневіку «Znad Wilii» (1998, № № 6, 7, 10) ― данясенне партызан ад 15 сакавіка 1944 года аб тым, што яны «застрэлілі ў Вільні адказнага рэдактара беларускай газэты, выдаванай на сродкі немцаў, «Беларускі Голас» Ф. Аляхновіча». Выканала «акцыю» дыверсійная тройка пад камандаваннем Ё. Сіманавічуса (Пятрайціса). Прозвішча й імя забойцы падавалася ва ўсіх трох літоўскіх савецкіх энцыклапедыях. За ўдзел у путчы прыхільнікаў Вальдэмарыса да вайны «партызан» быў асуджаны на дзесяць гадоў зняволення, у 1937 годзе ― амніставаны. У часе нямецкай акупацыі хаваўся, у 1942-м уступіў у кампартыю. У 1943 - 1944 гадах камандаваў партызанскім атрадам «Мститель». Пасля вайны, закончыўшы ў 1950 годзе партшколу, стаў гаспадарчым дзеячом у савецкім Вільнюсе...
61
Наколькі «шчырай» была падтрымка акупантамі беларускага руху, могуць сведчыць тагачасныя данясенні Рыгора Мурашкі, беларускага пісьменніка, удзельніка мінскага падполля:
«<...>Дом друку немцы занялі пад казарму. З шматлікіх пакояў Белдзяржвыдавецтва выкінуты на двор як смецце і знішчаны: вялікі збор рукапісаў беларускіх пісьменнікаў, што знаходзіліся ў працэсе падрыхтоўкі да друку, вялікая бібліятэка і архіў выдавецтва. <...> У падвалах Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна немцы зрабілі склад і халадзільнік. Кнігі павыкідвалі на двор ззаду бібліятэкі і палілі іх рэгулярна вялікімі кучамі. <...> Будынак Мастацкай галерэі заняты на пастой для нямецкіх афіцэраў. У выніку праз тыдзень-два са сценаў галерэі зніклі амаль усе карціны. <...> Найлепшым упрыгожаннем галерэі была калекцыя слуцкіх паясоў ― адзіная поўная ў свеце. Калекцыя ў залатой валюце каштавала да дзесяці мільенаў рублеў. <...> Праз некалькі дзен калекцыя слуцкіх паясоў была пагружана ў нямецкія ваенныя грузавыя машыны і накіравана ў невядомым напрамку, а па чутках ― у Кенінгсберг».