«Дэкрэтам ураду ў Маскве і Ц. Расіі стрэлка гадзіньніка пасунута на 2 гадз. уперад».
(З газэт)
Ці асабліва гэты —
Маленькі фельетон
Старыя сельскія саўдэпы ў Расіі дэкрэтам Леніна замяняюцца новымі з беззямельных сялян.
(З газэт)
(«Декрет С.Н.К., «Известия», 1234567890.)
Сьпісаў САЛЬВЭСЬ.
…Без сумніву, ён ведаў, праз што гэты даўкі камяк — ужо ў грудзях, а на душы — і стыча, і цемедзь, і ўваччу — прымглёна, прытуманена… Дый не першы ж год! Рэй за Сальвэсем вёў І. Жывіца
«…ні толькі дарогі твае ўбівалі, Беларусь, але і народ твой забілі на самы падол жыцьця, затапталі ў ім нахаджэньне Боскае і годнасьць чалавечую, капытамі жыватоў сваіх пабілі ўсе яго прывілеі на гэта, як шкадлівы статак, дапушчаны сквапным ніпраўдзівым суседам пабівае гаспадарскую рунь…»
Гэта з тога ж «Беларускага Шляху», з цыклу-нарысу «Уражаньні», — некалі на сустрэчы з Меражкоўскім і выплыла гэтае параўнаньне, толькі ўсё ж статкам на руні зваць іх не мог — яны ж «далікатна прыехалі, як па яблыкі ў сад чужы…
А — да ўсяго — сумаваў жа ў ім яшчэ і Сумны, і Гарун гараваў, і не мог не бачыць ён і шэсьця вясны, хоць і далёкага, і радасьці жадаў, і… І адзіноты, — вырвацца, зьнікнуць, растаць, растварыцца, забыць, і, разам з тым, дзякаваў мне — што быў побач, праводзіў, спавядаўся….
Узорнымі былі ў Гаруна адносіны да простых гарадчукоў. Асабліва падоўгу ён любіў з дворнікамі гутарыць. (Мо праз тое, што і бацька ягоны ў Менску дворнікам быў, і ў гэтых людзях штось бацькавае знаходзіў? Ды і сам жа малым вулкі мёў…)
А памяць якую меў! Яшчэ вучнем перапісаў і на памяць завучыў усе вершы з «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча; двойчы цытату перачытае — і хоць праз тыдзень без падглядкі ўзновіць! У турме сукамернікаў дзівіў: стануць у шахматы гуляць, ён на верхнія нары ўзьлезе — і ўсю партыю па памяці гуляе, на дошку і не зірне!
Нямецкую акупацыю ў 1919 годзе зьмяніла бальшавіцкая. Рада прыпыніла сваю дзейнасьць, многія выехалі з Менску. Ён жа застаўся. «Нікуды не паеду, — казаў. — На Бацькаўшчыне шмат працы. Дый растраляць мяне пасаромеюцца усё ж такі я — стары рэвалюцыянер…» Прыгадваецца адна Гарунова прамова на нейкім сходзе ЧБНК — якраз пра ягоную рэвалюцыйнасьць, і пра заклік да працы карпатлівай (я нават запісаць тады прамову пасьпеў).
«Шмат гаворыцца й пішацца ў нас аб рэвалюцыі, аб заслугах блізкага нам расійскага пралетарыяту… Я шаную рэвалюцыю, я аддаю ёй сваю пахвалу. Я сам рэвалюцыянер… (Голас роўны, спакойны, цьвёрды, крыху сіпучы, ценкі. І раптам васільковыя вочы цямнець пачалі, ― так часта здаралася, калі Гарун змрачнеў, за балючае закранаў… І тады на гадоў 6 - 7 старэй узроста свайго выглядау.) Але аб адным забываюцца: рэвалюцыі ў нас на Беларусі няма. Яе задушылі Гофман і Троцкі ў Бярэсьці, падзяліўшы нашу Бацькаўшчыну, разарваўшы яе на часьці… Іншыя раюць нават змагацца з нямецкімі акупантамі аружнай сілай. А ці падумалі яны, што магло б стацца, каб сапраўды наш селянін з голымі рукамі пайшоў біцца? Ці падумалі аб тым, што мітынговыя прамовы пара скончыць, што трэба цяперака займацца не прамовамі, а трэба, па маёй думцы, разважаць аб тым, як пачаць і з чаго распачаць нашае дзяржаўнае будаўніцтва».