(З запісаў Алеся Ваяра.)
— Э-э, брат, штой-та ты нос павесіў!? — першым з продума выбраўся Гарун, хітнуў бадзёра галавой. — Ходзьма ў мае апартаменты, пачонстка мая!
Алесю малодшаму па дарозе з тэатра ўзгадалася Цароўка, Слуцак. На наступныя выхадныя ён вырашыў з'ездзіць дадому. Штось і лісты ўжо доўга са Слуцку не йшлі, ды і сам, па-праўдзе, адпісваў даўнавата.
Так — і адчуванне сумнае зрадзілася не сёння, расло яно, стукалася ў закутках свядомасці і доўгімі снежаньскімі вечарамі, і спешкімі ранкамі — у срэбнай шэрані, непасрэднасці, нават нязведанай чужацкасці, ― так, яго прытаміў Менск, змяніў нават. І гэтая конка — абагнала цяжка, з грукатам — падавалася ўжо звычайнай пародыяй (таўчэцца днямі па закладзеных рэйках — і ні на крок коням ад іх не збочыць…). А самі коні, што цягнулі вагон, і іхнія паганятыя — манекенамі здаваліся, беспачуццёвымі механізмамі (што б сказаў на тое дзед?..).
Беларуская Хатка на Захараўскай-Міцкевіча — крыху наўслонь ад Чырвонага касцёла — вызірала са шчыльных уснежаных прысадаў дворыка дзвюмя парамі вокнаў (чацвёртае, крайняе, крыху меншае, належала прыбудоўцы-верандзе і было зааканічана). З-пад залысінаў ад расталага снегу вытыркалі з даху два коміны-рожкі — ад грубкі і печкі. Хатка, абгароджаная роўным штыкетам, — на ўзгорку. Каб дайсці да брамкі — з дзесятак круглякоў-прыступак адолець трэба. Лесвіца з парэнчамі і паддашкам — таксама ўверх, у веранду. Веранда ж была і кухняй. Праз яе трапляеш у сталоўку (без вакна); направа — прахадны пакой, з печкай-ляжанкай (напачатку — увосень 1917-га — у ім Гарун кватараваў з маці й братам), другія дзверы пакоя — у бібліятэку (куды Алесь з сябрукамі прыходзіў упяршынь да Купалы); праз сценку (калі зайсці — дык са сталоўкі прама) — вялікая зала, у два вакны, паўз сценкі — лавы (колькі выплясана тут ужо Алесем, часцей — з Паўлінай Мядзёлкай — агонь-танцоркай! — яго любімых полечак, і «з падкіндэсам», і без яго!..) Дагравала будыніну грубка (палілася з залы). Далей — прама з кухні, праз сталоўку, залу, — невялікі пакой квадратам, з адным акном, таксама прахадны. Пад акном пісьмовы стол са старым мяккім фатэлем, — так ніводнага разу і не высмеліўся сесці ў яго Алесь. Як каралеўскую рэліквію азіраў, ды і праз пакой увесь час хадзіў як праз асвечаную скінію: яшчэ б, за гэтым сталом пісаў Максім Багдановіч, і ў фатэлі тым, як вечарам сябры разыдуцца, любіў да ночы сядзець…
«Максім Багдановіч з канца верасьня 1916 года — да адбыцьця ў Ялту — правёў у Менску пяць месяцаў. Пра ягоны прыезд мне расказаў першым Фабіян Шантыр, які й бачыўся з Максімам у Беларускай Хатцы, і тады шчырая, непрыхаваная зайздрастка ўсіх нас — «папараць-кветкаўцаў» — брала: як жа, сябар, як з Бабруйска ехаў, разам з Багдановічам, Галубком, Ядвігіным Ш., Уласавым Новы, 1917-ы, год сустракаў! І шматкроць з гонарам паўтараў, што з Максімам за адным сталом сядзеў!..
Напачатку ў Беларускай Хатцы (дом № 15) месьціўся Менскі адзьдзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Ён аб'ядноўваў некалькі дзесяткаў інтэлігентаў, службоўцаў, духоўных асоб. Былі сярод іх і пісьменнікі Ядвігін Ш., Андрэй Зязюля, Зьмітрок Бядуля, а таксама і Максім Багдановіч. Далучыліся да адзьдзелу Павел Аляксюк і Фабіян Шантыр. У Беларускай Хатцы «арганізавалі» і сталоўку Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, летам 1917-га яе перавялі ў іншае месца, а Хатка ператварылася ў сядзібу Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. Летам 1919 года кватараваў у ёй і Зьмітрок Бядуля з сямьёй.
Паступова менскае таварыства ператварылася ў асьветніцкую і культурніцкую арганізацыю. Старшынёй — з прапановы Багдановіча — абралі Скірмунта, вядомага абшарніка, былога сябры І дзяржаўнай Думы. Пасьля лютаўскай рэвалюцыі адзьдзел абвясьціў сябе нацыянальным камітэтам. Аляксюк увайшоў у Выканкам грамадзкай бясьпекі Менску — неафіцыйны орган «агульнарасійскага» Часовага ўраду. Правялі мітынгі ў Менску і Бабруйску — з прамовамі па-беларуску, а ў сакавіку 1917-га арганізавалі з'езд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, які і сфармаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт (як юрысты ў яго ўвайшлі Шантыр і Аляксюк). Старшынёй зноў абралі Скірмунта, які ачольваў дэлегацыю да Часовага ўрада ў Піцер… І каб не рэвалюцыя кастрычніцкая, каб ня войны — хто ведае, як усё сталася б і што місія тая прынесла б… А можа, і паўстала б яшчэ тады незалежная Беларусь — паперадзе і Польшчы, і Украіны?