І зноў неадчэпнае, зноў неадказанае: чаму? Чаму сталася так, як сталася?»
(З запісаў Алеся Ваяра.)
Гарун жыў у дальнім пакоі Беларускай Хаткі. «І два бакі грубкі, і два вакенцы ў прысады — чым не рай у межах зімовага гораду!» — не раз паўтараў гаспадар пакоя. Каля грубкі — ложак, за ім — на ўсю сценку — шафа з кнігамі, часопісамі, падшыўкамі газэт (іх Алесь ужо ўсе перачытаў). Паміж вокнамі — пісьмовы стол..
Гарун запаліў святло, згроб са стала кнігі й спісаныя аркушыкі, разгарнуў ільняны абрусік, з шуфляды дастаў сала, дзве цыбуліны, хлеб і кварту беленькай…
— Ну, братка, хай ім усім добра будзе! Мы ж давай па кропельцы — і сагрэемся, і палечымся…
Навучыла жыццё Гаруна не запасіць-хаваць надоўга ў сабе чорнае…
А «ім» і насамрэч добра было: госці — Меражкоўскі, Гіпіус, Злобін — затым яшчэ лекцыю пра Міцкевіча прачыталі — і вырашылі ў Польшчу перабірацца. Да вакзала на аўто Жэлігоўскага даехалі, ва ўтульным купэ хуткага цягніка — да Вільні, у мяккім спальным вагоне (ужо ранняй вясной) — да Варшавы.
Зусім па-іншаму праз некалькі месяцаў выбірацца ў чужбіну будзе хворы Гарун…
«Пад штандар бел-чырвона-белы»
(Уладзімер Жылка)
Была зіма, яе першая паслякалядная нядзеля, бадзёры ранішні мароз, брыльянты звонкай шэрані на дрэвах, мора снегу з затупленымі «хвалярэзамі» лясоў (каб не яны, то — здавалася — снежна-малочнае мора паўскочвалася б на невялікія астраўкі вакольных вёсак і затапіла б іх), — і была дарога праз гэтае белае мора, зранку яшчэ непрабітая, не пратораная, трымацца якой, не збіцца дапамагалі аграмадныя прыдарожныя маякі-дубы.
На лёгкіх санях — трое. За вазніцу — сталага веку дзядзька, у кажушку, бітых валёнках, аблавушцы з зайца. Да ягонай шырокай спіны прыхінуліся два хлапцы, амаль адналеткі. Гадоў па дваццаць можна было б даць ім, хоць і з нацяжкаю. Накрытыя грубай апонаю, маўчалі.
— Го, вераб'і!.. Прачынайцеся ўжо. Вунё й горад відзён, — гэта дзядзьку надакучыла трымаць маўчанку.
Раскатурхвацца й вылузвацца з-пад нагрэтай апоны хлопцам, па-праўдзе, не хацелася. Ды самі ж напрасіліся, надакучыла адно ў вёсцы аснежанай лайдакаваць…
Хлопцы — стрыечныя браты. Пажылі разам, паразумеліся, пасябравалі. На паляванне нават аднаго разу выбіраліся, за што дасталося ім на абаранкі ад сённяшняга вазьніцы (аднаму ён бацькам, другому дзядзькам даводзіўся). Пасля тога і стрэльбу ад іх перахаваў, і вось сёння на кірмаш браць напачатку не ўсхацеў — «Клопату адно з вамі, падшыванцамі…»
Сам жа ён і паляўнічым, і бондарам добрым быў. І не толькі тога-сёга прыкупіць збіраўся, але й сам на продаж шмат меў — і скурак лісіных і заечых, і кадак, і бондаў розных (ледзь праз іх уплішчыліся хлопцы на сані).
Напачатку сталі вынырваць з белічы слуцкія драўляныя дамкі з цаглянымі камінамі, а затым вуліца раптам расплылася, і яны апынуліся на рынкавым пляцы, ужо абуджаным, запоўненым людам (гэта яшчэ былі адны прадаўцы, але й ім цікава ж дазнацца пра цэны — на ўсё, што трапляла на вочы, — і ўжо бадзёрая гамана гудзела — як у вуллі — над рынкам).
Каб на якую паўгадзіну затрымаліся ўдома, ім магло б і месца тут не хапіць. Цмокаючы, праціснуліся такі ледзь не на пазадворкі і спешка пачалі раскрываць сані, расстаўляцца.
А тады і пакупнікі пайшлі, таксама гаваркія, нібыта стомленыя ад свайго маўклівага запечнага сядзення. Здавалася нават, што не купляць што-кольвечы цягнуліся сюды, а языкамі пакруціць-памянтоліць. Як жанкі, так і дзядзькі. І гаварылі — аж зайздросна станавілася. Гаспадароў сын кудысь збег. А пляменнік, ціхмяны, сарамлівы крыху, дзядзьку дапамагаць застаўся. Напачатку, прызнацца, разгубіўся нават — во дзе мова, во ў каго вучыцца! І лавіў пажадна і выразы, і словы нечаканыя, часта нават і невядомыя яму й незразумелыя.
― Бач, мы такую нелапую дарогу сюды пратапалі, а ён столькі за зайца дзярэ! — падшпільвала паўнаватая цётка, абкручаная, як лялька, доўгай хустай.