― То ведаеш, хто? — нясьцерп мне стала.
― А як жа… — і зноў Макар спакойным зрабіўся. — Той, хто і гэта напісаў:
― Ну гэта ж таксама з «Беларусі», колькі месяцаў таму!..
― Так-так Жылка гэта, Уладзімер. З ім мы яшчэ пры бальшавіках пазнаёміліся. Ад чразвычайкі іхняй я прыхоўваўся… Сам разумееш: былы афіцэр, не з імі — то дэзерцір… Пра вобыскі чакістых мяне загадзя папярэдзлі. Неяк, было, Чароту абмовіўся. А той — «Паехалі да мяне ў Весялоўку, за настаўніка сойдзеш…» Ну й паехалі. Гэта недалёка ад Менску… Чарот тамака гаспадарку ўзначальваў, а Жылка і за агранома, і за настаўніка быў. У Весялоўцы і пазнаёмліся. Разам і елі, і спалі. Ён усё вершы мне па памяці пераказваў. Не свае, а Лермантава, Блока, Брусава, Бальмонта — гадзінамі! А як палякі бальшавікоў з Менску выкурылі, мы разьехаліся… Я і да бацькоў ягоных заходзіў. Маці нездароваю, як і сам Жылка, была, сухотнаю на выгляд. Бацькі чыстаю беларускаю моваю гаварылі. Гасьцінныя. Дзе ўсе цяперака — ня ведаю. Трэ ў Лёсіка запытацца — мо ён падкажа, адкуль Жылка яму ў рэдакцыю «Беларусі» вершы дасылае…
Не паскупіўся я тады на час — увесь адвячорак з Лёсікавага дазволу капэрты з рэдакцыйнага архіву пераглядаў — і аплацілася мая цярплівасьць! Знайшоў такі ліст ад Жылкі. Капэрта акуратным дробным почыркам падпісана, з мяккім правльным, крыху ўзьлётным нахілам управа… І ажно па ілбе сабе стукнуў ад нечаканкі: «вёска Клецішча Слуцкага павета» — адрэса Жылкава была!.. Вось тады ж і адпісаў я ў Слуцак Лістападу й Бараноўскаму: адшукайце, зьвяжыцеся, падтрымайце! Толькі Жылку ў Клецішчах — за Капылём — не засьпелі. Родзічы пераказалі, што ён у Падлесьсе, да Раманейкаў, матчыных крэўнікаў, пагасьцяваць паехаў. Але ж колькі да тога Падлесься — яшчэ ж бліжай, кіламэтраў з дзесяць ад Слуцка!
І не проста адведалі — нашы хлопцы і нанач засталіся, і нагаварыліся. А пасьля той сустрэчы на цэлую «пяцёрку» ў «папараць-кветкаўскім» ланцугу паболела. Жылка знаёмцаў сваіх слуцкіх назваў, беларусаў… І сам, як запраўдны эсэр, супраць польскай палітыкі прагнай неаднакроць выказваўся. Ён жа, зрэшты, і згадзіўся стаць на чале самім складзенай «пяцёркі»… А «Поклічам» ягоным зачытвацца тады сталі ўсе «папараць-кветкаўцы», сваім гімнам ваяцкім зрабілі!
(З запісаў Алеся Ваяра)
Прыехаў дадому — нібыта й ведаў! — якраз на разгар падзей. Зранку хлопцы «Папараць-Кветкі» збіраліся ў Бараноўскага, наспех, а ў абед (толькі-толькі злез з фурманкі й чамаданік сцягнуў) сустрэўся з Сяргеем Буслом. Той:
― Вой-ма!.. Скуль ты тут? Пэўна ж… знаеш?.. — А потым толькі — руку працягнуў. — Здароў, браце!
А й не ведаў, і не знаў, і прысніцца не магло нават: дэфензіва выкрыла некаторыя падпольныя «пяцёркі», схапілі Адама Бабарэку і Анатоля Астрэйку…
Яшчэ з зімы многія падаліся ў лес — чакалі адыходу палякаў. Ды з Бярэзіны ўжо не чутно было раскацістых грукатаў гарматаў, заціхла ўсё маразамі — толькі згаладалыя ваўкі смела вылі за вёскамі, вяшчаючы нядобрае. А ў самы напал арганізацыйнай вясновай працы да іх, пэўна, зашыўся правакатар. І павыдаваў — усіх, з кім сышоўся. Усчаліся аблавы, арышты, вышукі. П'яная аблава ўварвалася і ў вёску Бабарэкі. Хто тыцнуўся на вуліцу — хапалі і ў гумно селяніна Салановіча… Ахвяру распраналі й ніцма клалі на ток. Адзін жандар садзіўся на галаву, другі — на ногі. Трэці напярэсцік біў гарапніком, звітым з тэлефоннага дроту. Калі ж гарапнік расхвостваўся — браў другім канцом і тоўк тронкам. Немарасцевыя крыкі — па ўсёй вёсцы. Жандары адбіралі сала, яйкі, гарэлку. Самога ж Якіма Салановіча ў ягоным жа гумне і застрэлілі. Рэшту (а там і Бабарэка, і Астрэйка) звязенілі — і ў Слуцак. Па дарозе яшчэ і ў Русаках затрымаліся, ды ўся моладзь ужо ў лесе была, а на папялішчы (вёска колькі дзён перад тым згарэла) — адны старыя й бабы. Ноч у турме, а назаўтра — у нядзелю — чатырнаццаць хлопцаў расстралялі, ― закутымі па руках і нагах… Астатнія ж — тыдзень ужо як у турме. Штодня — допыты ў фельчарскай камеры: і віскі абцугамі ціснулі, і пальцы ламалі, і стрэмкі — пад пазногці. Млеў хтось — вады халоднай на галаву, і — наноў. Калі ж і такое не «брала», не прызнаваліся — галавой уніз падвешвалі і гарапнікамі пяткі рассякалі. З катавальні-фельчарскай усіх потым — у бальніцу. Бабарэку, казалі, выпяклі на спіне пяцікутную зорку…