Выбрать главу

― Астроўскі — ты ж ведаеш, што з Новага году ён стаў кіраўніком Пінскага адзьдзела польска-амерыканскага камітэта дапамогі дзецям? — во-толечкі да начальніка павятовага пайшоў, трэці раз ужо… Мяне ж па перадачу… — Бусла цяжка пазнаць цяпер было: худы, вочы запалі, сінякі пад вачыма — паскамі, гаворыць хвалюючыся, блытаецца.

― Божа ж мой! Што ж вы ў Менск не паведамілі?! Ці ж так трэба… — Алесь і сам разгубленым, зніякавелым стаў. — То айда хутчэй, перадачу возьмем — і да хлопцаў. ― І паўшэптам па дарозе ўжо, подбегам: — Дык, кажаш, ні Бабарэка, ні Астрэйка ні ў чым не раскрыліся?..

Яшчэ з паўдня правялі яны каля турмы, пакуль урэшце палову вязняў не вызвалілі — вечарам ужо, цёмначы, — усіх тых, хто не прызнаваўся ў «дзейнасці супраць Польшчы». Сярод іх — і Бабарэку з Астрэйкам. Начаваць у горадзе хлопцы адмовіліся — і ў рызыку ўводзіць сяброў не хацелі (ведалі, што шпікі яшчэ доўга будуць «праводзіць»), і далей ад турэмных сценаў, ад паліцыі быць пажадалі, ― узялі з правіянту асноўнага, запалак і солі паболей, і падаліся за Слуцкі тракт, у лес.

А раніцай, калі ніхто і не чакаў, выпусцілі яшчэ аднаго — маладога каваля Міцю Жалязовіча з Прошчыцаў. (Алесь знаёмы з ім быў — і каня ў яго падкоўваць даводзілася, і па «пяцёрках» ведаўся.) Але наўрад ці хто з ягоных знаёмцаў пазнаў бы каваля зараз: вочы чырвоныя, колісь чорна-сажавы чуб — як у муцэ, у белых плямах, паўмесяца не голены, збіты твар ― у драцінішчы валосся, схуднелы, прыгорблены, рукі (якія адно і выдавалі ў ім каваля: магутныя, цвёрдыя далоні — як капачы, калі сашчэпіць у кулак — як вядро) віселі як старыя цапы, вузлаватыя пальцы ― пакрыўленыя, ссінелыя пазногці, разадраныя да крыві…

Калі за ім закрыліся-бразнулі турэмныя вароты — уздрыгануў, сцяўся. Пастаяў няўцямна з хвіліну і рушыў да бліжэйшых пабудоў, нават лужыны й гразь не абыходзячы. Стрэўся жандар з зіхоткімі знакамі на галунах — кінуўся да яго, вочы выкаціў, праслінявіў:

― Міця я, Буба Міця!.. Ні ведаю нічога, адпусцеце… Міця я… Міця Буба…

Адштурхнуў яго жандар, сплюнуў і далей пашыбаваў, а Міця да гандляра з тытунёвай лаўкі кінуўся:

― Вы ж ведаеце мяне! Я Міця Буба… Нічога ні ведаю…

Даліся бедалагу турэмныя катаванні, розум прымутнеў у каваля Міці Жалязовіча. На вязня-волата — і здзекі ўтрая мацнейшымі былі. Прывязвалі за ногі да столевых крукоў і білі-дапытваліся па чарзе: хто, з кім знаёмы з бандытаў, што рабіць збіраўся, хто вучыў?! Стамляўся кат — другога зваў, а сам у карты гуляць садзіўся. У тым жа фельчарскім пакоі. Так і здзекваліся «кругам», у сямёх — хто прайграваў у карты, той «на высадку» да каваля на дапыт ішоў, ― мацюкаўся, жылы рваў, пазногці ціснуў, па вушах і вісках тоўк. Слабеў каваль, непрытомеў — пярэрву рабілі, і — зноў усё з пачатку. А катавы сябрукі тымчасам у карты люта рэзаліся: «Паненка бубова!.. Холера ясна! На туз буба!! Ха-ха…»

Вось і стрэліла неяк у галаве каваля… забыў і прозвішча сваё, і хто ён, і чаго ён… Толькі і ўзгадвалася гэтая «буба» праклятая. А што яшчэ, крыўда якая — ніхто не мог уведаць, замерзлі вочы кавалёвы, памутнелі, як сажалкі ўскаламучаныя…

У абед яго бачылі на гарадскім кірмашы. Хто пазнаў прошчыцкага каваля, кінуўся быў здароўкацца: што ты тут робіш, Жалязовіч? А ў тога вочы ўраз шклянелі, дрыжэў усім целам: «Буба я, Міця Буба!» — і ледзь біцца не кідаўся. З тога часу ўсе і сталі зваць яго Бубам…

Дзе ночы, дзе ранкі праводзіў — ніхто не ведаў, толькі стаў ён штодзень апоўдні на кірмашы з'яўляцца — злітасцівіцца хтось з хворага, сала абрэзак падасць, другі — яйка, жанкі перажагнаюцца й з кварту малака адальюць… І добра Міцю, перакусіць — і на воз да каго-небудзь прымастаколіцца, на саломку — і вочы да неба, твар брудны ў барадзе нячэсанай — да сонейка выставіць, і ажно чмыхае ад задавальнення, сапе, як кот. Перадрэмле — і зноў да апоўдня ніхто не бачыць яго.

З месяц цягнулася так, пакуль не стрэўся Міця з жандарам, падбег па-заліхвацку, выструніўся, руку да віска, збітымі ботамі прыстукнуў:

― Міця Буба я… Буба, ваша благародзь!

Скрывіўся паляк, аж уздрыгануўся — і кулаком па твары Міцю… Раз, другі… А Міцю адно кроў у скроні бухнула, пад сэрцам запякло, дых знячэўку перахапіла. Скруціў ён жандарыка, стоўк у яблык горкі, з ног збіў і другога, на падмогу да таварыша падаспелага, высока кулачынай памахаў над імі і — пад прылаўкі, за вазы, за плот… Увомірг знік, і ні на кірмашы, ні на вулках горада пасля таго больш не з'яўляўся.