Адны сумныя весткі прывёз тады ў Менск Алесь. І самога нібыта падмянілі: цвёрдым стаў, хмурным, маўклівым. Гарун адразу змену заўважыў, падтрымаць памкнуўся, расхмарыць:
― Не кісні. Думаеш, аднаму табе нудна? А як мне тады на свет глядзець?! Салодкімі дужа сталі… То, можа, чакаць, што так вось, на талерачцы паднясуць волю? Нат калі хто й паднясе, дык атрутай перад гэтым густа пасыпаўшы!
― Не кісну я… Глядзець адно і на палякаў не магу. Ці не паслугачы мы іхнія?
― Вунь куды бярэш! А ці ведаеш, што два гады назад я пісаў пра іх? У «Водгуках» у «Вольнай Беларусі»? Супраць экспансіі гэтых самых легіёнаў наўсюд выступаў! — Гарун кінуўся да стала, дубовага, з крыху сцёртым лакам — зранку на ім ужо былі стахтораны новыя дакумэнты, лісты, газэты (потым у абед іх браў чытаць Алесь), высунуў ніжнюю шуфляду. — Чакай, зараз… — Раскрыў зялёную папку і стаў таропка перагортваць выразкі. — Зараз прачытаю… Каб не думаў, што ў аднаго стрэмка засела… Вось, слухай… — І да вакна, дзе святлей. — Выступаць — выступаў, а як «экспансію» і з усходу зведалі — і цюкнула тады, што расейцы-бальшавікі глынуць і аблізнуцца нават забудуць… А Пілсудскі ж сваё дэкляраваў, і ледзь не маімі словамі! Слухай (і нарэшце пачаў чытаць): «Як вольны з вольным, роўны з роўным…» — успамінаеш зварот ягоны? Ён жа, Пілсудскага зварот, так — паўтараючы маё — і пачынаўся! (Гарун усхваляваўся не на жарт.) Вось… «Як вольны з вольным, роўны з роўным, пойдзе ён, беларускі працоўны народ, поруч з другімі народамі. А ў тым ліку і з польскім, а не з вамі, прыхваснямі польскага імпэрыялізму, хоць бы вы былі і тутэйшымі здраднікамі і перакінчыкамі, забыўшымі бацьку і мацяр сваю». — Гарун зірнуў на Алеся і працягнуў чытанне. — «Не, — Масква і Варшава не святы, а страшны выраз для беларуса, і не Расію і Польшчу назаве ён маткаю сваею! Маткаю народу Беларускага будзе яго «тутэйшая», Беларуская зямля, вольная, незалежная Народная Беларусь…» — Ён адклаў выразку на падваконне — на стос кніг, і гаварыў ужо, гледзячы скрозь шкло шыбаў на вуліцу. — Не выстаўляючыся перад табою зачытваў я гэта… Каб паказаць проста, што не табе першаму шчыміць… што галаву апускаць з гэтага ня трэба! Усе малыя народы праз такое ці прайшлі, ці праходзіць мусяць. І мы пакуль вымушаны за «саладзейшае» хапацца, хоць яно, як бачыш, з апечынамі… Ды, урэшце, я ўжо казаў табе пра гэта… А тут летам, летась, Пілсудскі згоду даў на стварэнне беларускага войска. І паўстала БВК, і загадам таго ж Пілсудскага я на яе чале стаў. І як было не натхніцца: падпісалі пагадненне аб пастаўках амерыканскай зброі на 400 мільёнаў даляраў! Можаш уявіць? Антанта фундаваць мелася… Праўда, у яе свае мэты найперш наўвеце былі — каб бальшавікоў і Саветы супыніць… Ды народ наш не правядзеш… Студзень гэтага года ўспомні, паўстанне антыпольскае ў Рудабельскай воласці. Сяляне ж на крыўдзіцеляў з пяяннем «Ад веку мы спалі…» йшлі! Прачынаюцца ж! Хоць і разбегчыся мусілі, і дванаццаць Бабруйскую турму зведалі… Тады ж Ігнатоўскі з Булатам і братамі Сташэўскімі Беларускую камуністычную арганізацыю і стварылі — каб супраціў антыпольскі далей распальваць. Толькі ж не для ўсяе грамады беларускай шлях той…
― Дык што ж рабіць тады?! — не стрымаўся Алесь.
― Што рабіць? — і Гарун нечакана ўсміхнуўся. — Не спаць!…
Не мог не ўсміхнуцца ў адказ і Алесь — і нібыта ільдзіна ў ягоных грудзях растала. Сеў за свой стол (на той час ён ужо ў Вайсковую Камісію да Гаруна перайшоў), паперы расклаў, а калі Гаруна некуды паклікалі, перапыніў, у вочы гледзячы — вышчадрыў:
― Не праспім, дзядзька Алесь… Паваюем.
Кабінет Гаруна ў Беларускім доме, неўздалёк ад прыступак на другім паверсе, быў сэрцам вербунковага адзьдзелу Беларускай Вайсковай Камісіі. Спраў не паменшала і ў Школьнай радзе, але і там, і там патрэбен быў сакратар-справавод, і Алесю даводзілася пакуль працаваць «на двух сталах».
Што ён рабіў у той дзень? Ці не абвестку складаў ад Вайсковае Камісіі для «Руні» — новага літаратурна-грамадскага часопісу, рэдактарам якога меўся быць выздаравелы Купала. Тэкст абвесткі (яна друкавалася затым на першай вокладцы «Руні» ў некалькіх нумарах запар) пісаўся адразу — на «чыставік»:
«Беларусы! Хто хоча незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны, у кім бьецца беларускае сэрца, каму неўмагату зьдзек чужынцаў, хто можа трымаць у руках стрэльбу — запісвайцеся ў беларускае войска!