Выбрать главу

Вясна ж на Меншчыну прыходзіла няспешна, запознена. Разагрэтае сонца зямлю падсушыць, з узгоркаў вясёлыя раўчукі пусціць — а праз дзень зноў нізкія хмары небасхіл абвалакуць, снегу нацярушаць. І назаўтра — зноў макрэча, стынь. Але ж калі і небасхіл падманваў, і зямля йшчэ ад сну выварушвалася, дык дрэвы — гэтыя мудрыя вартавыя-знахары прыроды — маніць не маглі: усе, нават каржакаватыя дубы-перастаркі, неяк па-маладому выстрэньчвалі ўверх намерзлыя за зіму галіны, капілярнымі радзімкамі кволіліся на іх пупаўкі-пупышкі, трэскалі-спяшалі, расцвітаючы аксамітна-востранькімі зубкамі лісткоў.

Яшчэ праз пяць хвілінаў насустрач ім выбегла — і перакінулася за паварот на другі бок дарогі — шырокая пасма падлеску-бярэзніка. Тут Макар і прытармазіў, выскачыў з машыны, моцна бразнуўшы дзверыной.

― Ну, хто першы грэх на душу браць будзе? — і, пастукаўшы даланёй па шэрхлай бярозіне, узяў сякерку. — Нясі вядро…

Нават і не чакалі, што сок пырсне так моцна — як з набухлай вены… Тонка параніў Макар і беластволую суседку-спарыш, гладыш падставіў (да першай вядро прымастачыў).

― Ты, браце, тут пільнуй, я шчэ пашукаю, — і знік за прыгоркам. Як вярнуўся, ужо ледзь не паўвядзёрка соку з дзвюх бяроз нацурцоліла. Прысеў на падножку аўтамабіля, бутэльку з кішэні дастаў:

― Ну на, каштуй… — і бутэльку да Алеся паднёс (той на заднім сядзенні прыўзлёг, зачакаўшыся).

― Ды ты што?! — зніякавеў Алесь.

― Сок гэта, з грабу, не гарэлка. Пі, не бойся, калі такога паспытаеш?..

― З грабу? — перапытаў — думаў, недачуў што. І пражыў у вёсцы, на прылеску, а што з грабу сок спускаюць — і не чуў нават. А глытнуў — аж язык замлеў: соладка, смачна! Макар, аказваецца, за гэты час граба шукаў! І не заўважыў, як большую частку выпіў. Назад бутэльку аддаў, вусны аблізнуў:

― Смаката, я й не ведаў…

― Выпівай, я каля граба наспытаўся! — і ўсміхнуўся, прыгожа канаўкі на шчоках паглыбіўшы.

Алесь ахвотна зноў галаву закінуў, грабавік каб дапіць — і так і застыў з узнятай бутэлькай, другой рукой Макара штурхануў, пальцам уверх тыцнуў, нат слова не мовіў. І Макар знерухомеў, тое ж пабачыўшы: нізка, здавалася — над самымі верхавінамі бяроз, над іхнімі галовамі плыў павольна клін журавоў, птушак з дзвесце — ціха, стройна, грацыёзна. Спераду — важак, шыю выгнуў, на іх — здалося — зірнуў, ― і зноў выдзюбіўся наперад. Нават мерны шоргат крылаў апаў на іх зверху…

― Дамоў вярнуліся… — апамятаваўся Макар, калі журавоў ледзь відно стала.

― Можа, і над маім Слуцкам вось так праплывалі?

Счакалі, пакуль не набралася вядзерца соку, і назад паехалі. За руль Алесь напрасіўся:

― На конях то добра гарцую, дык няўжо ж на гэтай траскотцы не здолею?!

Напачатку Макар дапамагаў — і шчапленне, збоку седзячы, адпусціў, і перадачы сам уключаў: Алесь толькі рулём і «газам» камандаваў — з Макаравай падказкі. І атрымалася, толькі роў жарабец жалезны мацней патрэбнага, гыркаў злосна на выбоінах, а пасля такі прынаравіўся, скарыўся лёсу свайму, і віхляць з боку ў бок меней стаў. І Алесь асмялеў, руля плаўней круціў, хуткасці падбаўляў. А Менск дзесь у прывечаровай хмурадзі прыхоўваўся, Домскі ў гаражы — пэўна ж! — нерваваўся… І прыспешвалі хлопцы — вось-вось фары ўключаць давядзецца. Дарога з горкі прыпусціла, лес зноў бліжэй да яе прыціснуўся…

― Тармазі!!! — стрэліў раптам Макар. Крычаць то можна, а як тармазіць — не паказаў жа! Ды ў Макара і ў самога ногі доўгія — увомірг да педалькі дацягнуўся. Аўто нібыта на штось нябачнае тыцнулася, крыху ўбок віхнулася — і стала, заглохла. Алесь (добра, што за руль трымаўся!) ледзь з машыны не выкаўзнуўся, вочы наперад вытарачыў — і ў тую ж паўхвілю перад саменькім буферам штось вялікае, рудое шухнула (ажно ветрам твар абдало), на другі бок дарогі пераскочыла — і толькі тады стук з-пад капытоў данёсся…

― Матка Боска… Няўжо лось?! — Алесь глядзеў услед напалоханай жывёле і, сам зляканы, не мог міргнуць нават.

― Ты ж на дарогу глядзі, вершнік! А то і сам так рогі скруціш!

― Дык я… — пачаў быў Алесь, — але што тут апраўдвацца!..

Толькі з паўвяршка бярозавіку і давезлі яны ў Менск — абярнуўся, разліўся ледзь не ўвесь сок з вядра пры тармажэнні… І на кепікі Домскага «Дзе ж ваш сок, натуралісты?» Макар і знайшоўся толькі: