Выбрать главу

― Зазяваліся троху, а лось і выкаўтаў…

* * *

Алесь Хведаравіч яшчэ крыху пастаяў перад Кафедральным касцёлам, неўразумела гледзячы на дзве паніжэлыя, як падалося, званіцы. Заціснуты недарэчнымі будынкамі, касцёл патанаў пад наступам шэрага бетона. А дзе ж Губернатарскі дом? (Не ведаў, што на яго яшчэ два паверхі надбудавалі.) А дзе ж Ратуша? Яшчэ ж у апошнюю вайну было ўсё, ацалела… І там, справа, бліжэй да Свіслачы, якісь новы гмах-стадола… Нібы апамятаўшыся — спешка перахрысціўся. (Што думаючы? Дзякаваў, канешне, Небу за гэты падарунак звароту.) А затым — міжволі, спантанна — пакрочыў… Куды? Ён і сам яшчэ ўсвядоміць не мог, не паспеў. І ўблудзіў у нейкі напаўзакінуты двор, пашкадаваў нават, што на тлумнай шырокай вуліцы не застаўся ці — і таго лепш — зноў у таксі не сеў. Ды, дзякуй ёй, — акурат перад вачыма кабетка жвава з пад'езду выпырхнула і ледзь з ім не сутыкнулася..

― Прабачце… Падкажыце, як на… прашпект… Скарыны (ледзьве вымавіў, не верачы ўсё яшчэ, што ўрэшце галоўная вуліца Менска займела імя беларускага першадрукара[3]) выкільгікаць?

― Скарыны? — кабета нібыта ад нейкага сну свайго адпрэчвалася. — А вось так прама і йдзіце…

І ён пакрочыў «прама», не здзівіўся нават, што яму па-беларуску адказалі. На нейкай вулцы раптам расступіліся дамы — пастарэлыя, хоць і дагледжаныя, наноў нядаўна пафарбаваныя. Смялей загудзелі машыны, два тралейбусы прашаргацелі адзін за адным — і ён здагадаўся, што йшоў правільна, там «цэнтар». А супыніўся перад светлафорам — і застыў, уражаны, агаломшаны… Праз дарогу, на той бок праспекту, стаяў, як і семдзесят гадоў таму, будынак тэатра, адно фасад крыху перароблены — стаяў, як зубр аціхлы. Ён раптам перастаў заўважаць усе іншыя будынкі, «чужыя», узведзеныя пасля яго; колькі разоў запрашаў зялёным агеньчыкам светлафор… Божа мой, гэта ж тут Першы Ўсебеларускі кангрэс адбыўся, і гэта ж сюды паслухаць Меражкоўскага ў 1920-м ён з Алесем Гаруном прыходзілі! І вось — застаўся! Збярогся — і цяпер ужо і пра Купалу памяць цепліць («Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы»), і слова беларускае…

Урэшце перайшоў праспект — ледзь, праўда, паспеў, праваруч нейкае аўто з прыцемненым шклом прытармазіла — амаль у паўкроку. Зноў на чыста вымеценым тратуары пастаяў, навокал паўзіраўся — астатняе незнаёмае ўсё, чужое. Хіба яшчэ тую горку памятаў — праспект, здавалася, ныраў-бег уніз да Свіслачы. Там колісь гарадскі сад быў, і Юбілейны дом — Беларускі дом — на горцы ганарліва стаяў…

Пайшоў сцярожка, павольна. Мароз падціскаць пачаў — адвык ён ад холаду восеньскага! Вось і шчокі ўзгарэліся, і рукі стыць пачалі (чамаданік з рукі ў руку перакідваў — і пачарзе далоні ў кішэнях плашча грэў). Пальчатак адтуль не захапіў… Адтуль — і здзівіўся, што пра краіну, дзе большую частку жыцця свайго правёў, праз колькі беларускіх гадзінаў нечакана і неўсвядомлена замяняць гэтымі «там», «адтуль» пачаў…

Вецер пялёсткі сняжынак нагнаў, заказыталі гарэзліва твар. І тады зноў як агнём. апякло (сненнем ці казкай мройнай усё гэта лічыць нават у хвілю тую спрабаваў) — Беларускі дом! Вось ён!! Стаіць, купалкі свае два высока ўздымае!!! Толькі шыльду новую займеў — Дом мастацтваў. Някепскую. Можа і слушна Беларусь — гэта мастацтва… А вунь і вакно на другім паверсе — ягонага кабінета… Хтось мільгнуў у ім… Ён жа заўсёды першым дзверы адмыкаў, не павінна яшчэ там нікога быць… То чаго ж ён ня йдзе, лайдакуе?..

І што гэта з вачыма сталася: і дамы з праспекта зніклі, і светлафораў не відно, і машын?.. Із душы — як семдзесят гадоў спала… А там, унізе, за голым паркам, каля Свіслачы цёмнай і сцішанай — Купалаў домік..

Ён рушыў напрасткі, як і хадзіў часта — паўз рэчку, і нават бетон, што ваду сціскаў, знаёмым здаваўся…

Пад абед 20 сакавіка 1920 года Янка Купала выпісаўся з земскай бальніцы. У адведкі шмат тады пайшло: Гарун, Бядуля, Ігнатоўскі, Лёсік, Цярэшчанка, Рак-Міхайлоўскі, яшчэ некалькіх запамятаваў… і ён, Алесь. Сустрэла Купаліха, заўсміхалася, — значыць, добра ўсё, на папраўку ідзе гаспадар. А ён — больш таго! — за сталом сядзеў, пісаў. Шчокі схудзелыя, цені пад вачыма, а зрэнкі — ажно свецяцца…

— Ажыў, браткі, ажыў! І крэмзаць пачаў, ― прызнаваўся Купала за гарбатай. Але пра сябе амаль не расказваў (хіба толькі пра тое, што паэмы частку, у палаце складзеную, запісаў), больш распытваў пра менскія навіны. І нельга было не заўважыць, як і весялосць ягоная знікла, і агеньчыкі ў вачах затуманіліся.

вернуться

3

Да гэтага галоўная вуліца Менска ― Захараўская ― звалася вуліцай Міцкевіча, Савецкай, Хаўптштрасэ, праспектамі Сталіна і Леніна.