Слабым усё ж, бачыў Алесь, быў яшчэ Купала, не паправіўся напоўніцу. Хоць нашмат горш на пачатку года пачуваўся. Тады, 2 студзеня, Алесь карэктуру з «Беларусі» яму дадому прыносіў (Лёсік папрасіў — сам з газэтай дужа пільна заняты быў). Вось і тады Купала весяліўся, жартаваў. Уладзіслава Францаўна пірагом частавала… А праз тыдзень, 9-га, Купала ў бальніцу лёг. На аперацыю…
Пасядзелі ў Купалы нядоўга, адпачываць пакінулі, напрыканцы толькі на паседжанне Белнацкама запрасілі — 22 сакавіка.
А як выйшаў Алесь з Купалавага дому, карэктура колішняя і ўзгадалася — артыкула «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год». Па дарозе Алесь і прачытаў яго, і цяпер роўныя абзацы ўваччу з'яўляліся:
«Калі немцы, пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі, занялі большую часьць нашай тэрыторыі, кучка бальшавіцкіх камісараў, гаспадарыўшая раней у Менску, уцякла ў Смаленск. ...неяк дагаварыліся і стварылі часовы ўрад «Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Старшынёй урада быў назначаны Жылуновіч (Ц. Гартны), а рэшта «портфелей» былі падзелены паміж Дылам, Мясніковым, Шантырам, Яркіным ды інш. Гэты ўрад прыехаў у Менск, і 1 студзеня 1919-га была абвешчана «Незалежная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» ў федэратыўнай сувязі з Маскоўшчынай. Адначасна стары беларускі ўрад «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі і Рада Міністраў БНР» былі абвешчаны без абароны закону.»
«Бальшавікі займаюць Вільню, касуюць «незалежную беларускую і г. д. рэспубліку», а сваіх бальшавіцкіх беларускіх «нацыяналістаў» — Шантыра, Дылу, Фальскага (Жылуновіч паспеў к таму часу ўцячы) — садзяць у вастрог, ствараюць ужо Літоўска-Беларускую савецкую і г. д. рэспубліку…»
«Палякі занялі Вільню, пасунуліся да Маладзечна і пагражалі Менску… І «чразвычайка» сваю працу «павялічыла». Праца гэта менчанам добра вядома. Курганы сотняў расстраляных аб гэтым і цяпер сьведчаць.»
Так, яны, «папараць-кветкаўцы», разышліся з Шантырам. Але адзін Бог яму суддзя — рабіў гэты рамантык-апантанец усё шчыра. Урэшце, і знішчылі яго за беларускую справу ці не самым першым… А вось Цішка Гартны…
«Гартны-Жылуновіч… Гэта была ўнікальная фігура. Чалавек з беднай сялянскай сямьі (бацька асушаў балоты на Палесьсі, маці хадзіла да капыльскіх багацеяў на падзёнку), малаграматны гарбар (зіму слухаў «дарэктара», праседзеў у двухкляснай вучэльні), але вялікімі амбіцыямі абдзеленым ня быў. Накрэмзаў колькі вершыкаў — сьпярша на «нібыта» рускай мове — і вырашыў падацца да самога Льва Мікалаевіча Талстога (пра жыцьцё пагаварыць і «стыхы» свае паказаць). У Тульскую губерню, праўда, не дапяў, затое апынуўся ў Кіеве — і ў найбольш прэстыжную тамтэйшую газэту «Киевские новости» творы свае панёс, а па дарозе яшчэ раз прыкідваў, колькі ж гэта заплоцяць яму (калі верыць абвестцы, за радок ажно 10 капеек давалі, а ў яго ж радкоў гэтых — цэлы сшытак!). Ды «ад варот паварот» далі яму ня толькі ў «Киевских новостях», але і ў іншых кіеўскіх газэтах. А потым на вочы патрапіла «Наша Ніва» (прыяцель браў яе ў доктара Клейнбарта). Вось тады і перастроіцца Дзьмітрый-Цішка пад новы лад, і па-беларуску запіша. На верш «Хто мы» рэдакцыя дашле ўхвальны водгук, толькі з публкацыяй — не сьпяшацьме. Але ягоныя допісы-карэспандэнцыі будзе зьмяшчаць спраўна (у гэтым я пераконваўся, калі перачытваў падшыўкі «Нашай Нівы»). Адна бяда — ганарару не плаціла… І падасца рабочы геній у Вільню, на працу ў «Нашу Ніву» прасіцца. На ноч «атабарыцца» прапануюць яму на крывой канапе ў пярэдняй, а вось працы — не дадуць. І зноў крыўда яго адолее: «Як так?! Ня любяць, пабойваюцца рабочых» (гэта пра Ўласава й іншых)… Тое, што «па вазе» сваёй не згадзіўся, таленце і кругаглядзе — ня думаў і ня мог думаць Гартны, хоць сам жа Багушэвіча з Сыракомлем блытаў, пісаў аднаго разу ў лісьце: «…калі забудзеце сваю мову, — сказаў намі яшчэ вялікі пясьняр беларускі Кандратовіч, — то памрэце», — чуў звон, а што ён з Багушэвічавай «Дудкі беларускай» — хіба ж запомніш… А Ўласаў жа шчыра яму тады ў настаўніцкую сэмінарыю паступіць раіў!
Гнеўную злосьць Гартны і на Іваноўскага затоіць… Даведаўшыся, што адзін рабочы-беларус шукае працу, той прапанаваў яму службу ў сваім маёнтку. Завёз да сябе ў Лідзкі павет і — бачыце! — не ў свае палацы хлопца адвёў, а ў хатку, дзе бедныя жылі… Парабкам, не раўнуючы, зрабіць захацеў… Сам жа з дзяўчатамі раяль слухаў… Зьбег Гартны праз колькі гадзін, Іваноўскага кленучы.
Ня даў лёс яму гонару-вядомасьці Дзямьяна Беднага, хоць у 1912 - 1913 гадах у бальшавіцкай «Правде» вершы друкаваў — пад псэўданімам Давыд Скорбящий, і «Д. Жылуновыч» падпісаўся. Затое ж стаў такі «першым» на Беларусі — з лютага 1918-га сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, і рэдактарства ўсё ж дамогся — савецкай «Дзяньніцы», а затым быў — хоць і некалькі месяцаў, да ператасоўкі ЛітБелССР, — старшынёй Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР. Бальшавіцкую «любоў» Цішка Гартны адчуў на сабе — яшчэ ў сьнежні 1917-га, калі на Ўсебеларускім кангрэсе быў арыштаваны «ўпаўнаважаным» Крывашэіным з памагатымі — арыштаваны разам з усімі сябрамі прэзыдыума (а ордэр на незаконны арышт таварыш Карл Ландэр падпісаў). І часу для одуму было яшчэ ўдосталь: змог жа Фабян Шантыр, у апошні час старшыня бальшавіцкага Заходняга адзьдзела Белнацкама, ва ўсім разабрацца — вярнуўся ў Слуцак і ня толькі «Папараць-Кветку» арганізаваць дапамог, але й лепшую сваю лекцыю асобнай брашурай выдаў — адна яе назва шмат пра што гаварыла «Патрэбнасьць нацыянальнага жыцьця для беларусаў і самаазначэньня народу»…