2) Ад многіх іншых мяйсцовасьцей Слуцкага павету прадстаўніцтва было няправільным…
3) Зьезд быў праведзены пад націскам Польскай Улады, нават была пушчана пагалоска аб арышце непакорных. Аратарам, што прамаўлялі за Незалежную Беларусь, старшыня зьезду (ён быў назначаны Стражай Крэсовай, а не выбраны зьездам) не даваў гаварыць… Нягледзячы на дамаганьні зьезду, былі забаронены выбары мандатнай камісіі, каторая б праверыла ўсе мандаты… Была неспадзеўкі прачытана рэзалюцыя аб прылучэньні Беларусі да Польшчы, абсуждаць якую было забаронена… Перад гэтай рэзалюцыяй было ўпушчана ў залю некалькі сот чалавек, каторыя ня мелі ніякіх мандатаў. Гэткім парадкам учасьнікамі зьезду было 240 чалавек, а рэзалюцыю галасавалі каля 500. Проці рэзалюцыі бадай была большасьць, але галасы не падлічваліся, і старшыня зьезду заявіў, што рэзалюцыя прынята аднагалосна.
Дзеля ўсяго вышэй сказанага мы лічым гэты зьезд неправамоцным і зварочваемся да дэмакратыі ўсяго сьвету, пратэстуючы супраць гвалту і зьдзеку над воляю Беларускага Народу.
Зянюк Янка, Катак Алесь, Басалыга Язэп, Ціт Грынюк, Алесь Шуляк, Кецко, Ажынас… (усяго 40 подпісаў)».[4]
У сярэдзіне спісу значылася і прозвішча Янкі Пашкевіча…
— Вось табе й на! Не, трэ дадому ехаць, а то далучаць грамацеі да Польшчы, і ў Слуцак хутка без пашпарту асобнага не пусцяць… — і абурана бурчэў, і пасмяяцца ўадначас спрабаваў Алесь. Хоць не да смеху рабілася. Польскія шавіністы, як бачна, часу дарма не гублялі: «дэмакратычным» шляхам — праз прафанацыю сходаў — спяшалі далучыць Случчыну да Польшчы!
— А ведаеш, хто старшынёй з'езду гэтага прызначаным быў? — Лістапад яшчэ штось «прыхаваў» для яго.
— Ну?..
— Абрамовіч наш вядомы…
Пакуль паснедалі, пагаварылі — якраз на святочнае набажэнства, што ў касцёлах а 12-й пачыналася, спяшыць трэ было (у менскіх цэрквах на гадзіну пазней пачыналася). Ну і канешне ж, яны, слуцакі, Чырвоны касцёл выбралі, а як жа — гэта ж случак Вайніловіч збудаваў яго на собскія грошы! Загадкавая, міфічная нават асоба… І начуты пра яе Алесь ужо болей быў, чымся ягоныя госці, таму — не без годнасці — што ведаў, тое і расказаў па дарозе…
Хоць нарадзіўся Эдвард Вайніловіч у дзедавым (па маці) маёнтку Сляпянка пад Менскам, дзяцінства й часткова юнацтва ў слуцкіх Савічах праводзіў. Савічамі ж яшчэ ў XVI стагоддзі слуцкія князі Алелькавічы валодалі, потым у заставу (заклад) шляхціцу Цяльшэўскаму — за грошы — перайшлі. Князь грошай не аддаў, і маёнтак княгіні Соф'і Слуцкай стаўся ўласнасцю Ганны Цяльшэўскай. Апошняя трох мужоў змяніла, адзін з іх — Вайніловіч. У запавеце Цяльшэўская і перадала Савічы дзецям ад яго. (Гісторыю гэту Алесю Ігнатоўскі пераказаў.)
У доме Вайніловічаў гучалі польская й беларуская мовы. У Слуцкай — іхняй! — гімназіі вучыўся. У 1863 годзе маці яго ў паўстанцы выпраўляла, выпадковасць толькі й стрымала. Затым — Тэхналагічны інстьпут у Піцеры, за мяжой працаваў… А ў 1905 годзе амаль 300 тысячаў рублёў на пабудову касцёла ў Менску выдаткаваў — у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. Афіцыйна касцёл і менаваўся — Сымона і Алены. Высокія пасады займаў Вайніловіч, сам Сталыпін яму пасаду віцэ-міністра земляробства прапаноўваў!
Але ўрэшце вось і ён — чырвоны прыгажун, з прыручанай готыкай, нібы палац — і велічны, і сцеплены, свойскі. Людзьмі ўзрушанымі запоўнены, напалову школьнікамі, дзецьмі з прытулкаў — са значкамі бела-чырвона-белага колеру.
Ксёндз прафесар Абрантовіч гаварыў урачыстае казанне, усіх сыноў і дачок краю ўсе свае сілы аддаць дзеля лепшай будучыні маці-Беларусі натхняў. Затым і набажэнства адбылося. Напрыканцы — ужо на вуліцы, каля касцёлу — хор Тэраўскага прыгожа спяваў…
Бачачы, як Лістапад надта ўжо за старэйшай Стаганавічанкай улягае: то шэпча штось на вушка, то да ліпы прытуліць — і ў вочы зазірае-любуецца, Алесь не стрымаўся быў, Людзе перадаў:
― Што гэта яны, як галубы навесну?..
Тая ўсміхнулася загадкава, брывамі павяла, вусны змуліла хітравата, — ды ўсё ж не стрымалася, сакрэт сёстрын шэптам выказала:
― А яны пабрацца вырашылі… Вяселле пасля Вялікадня будзе.
Вось табе й на! Усё складанае іншымі, вось, проста вырашаецца…
А ў пяць вечара яны ў Беларускі дом прыйшлі, на ўрачысты сход Нацыянальнага камітэту (і Вайсковая камісія, і розныя беларускія арганізацыі запрашаліся, — Юрка Лістапад і Стаганавічанкі «Папараць-Кветку» прадстаўлялі).