Яно хіба што з Лістападавым вяселлем параўнацца магло — вясёлым, шчодрым. З пятніцы як выкупам нявесты — Марыі, пакуль яшчэ Стаганавічанкі — пачалося, так да нядзелі і прагудзела, — з танцамі, песнямі, розыгрышамі. Трох кабаноў і бычка з'ела, вёдраў з чатыры хлебніцы-пярвухі…
А ноччу, перш чым палегчы спаць, пайшлі прагуляцца па Варкавічах. На старой ліпе, што на ўскрайку вуліцы, бусліха неспакойна драмала, над агародамі туман узлёг…
Алесь жа крыху ў крыўдзе на Людзіных (і Марыіных) бацькоў быў. Як жа…
«Можа, дзеткі, восені пачакаеце… Трэ ж прызбірацца на новае вяселле. Сорам жа без гэтага…»
Адно маці прыспакоіла: «Ды нікуды ж яна, Сашка, ад цябе не дзенецца — усе вушы табой заляпіла!..»
Урэшце, колькі таго лета — каб да восені!..
А дахаты вярталіся — дзівіліся ажно: хтось ці не з пахмелкі ў барабан бухкаў, няроўна, як камароў адганяючы. Дзверы расчынілі — спяць усе, на прыпеку свечка дагарае, барабан да сценкі бокам прысланёны… а штось, ужо звуліцы, цішэй толькі, бухала, цырканне конікаў перабіваючы.
Толькі раніцай і дазналіся, што гэта здалёк адзываліся гарматы — той чэрвеньскай ноччу 1920-га палякі рушылі з Беразіны…
А да гэтага шмат вясновай вады працякло. Палову года Белнацкам дамагаўся правядзення Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Цярэшчанка, як старшыня камітэту, падаў зварот да генеральнага камісара ўсходніх земляў Асмалоўскага з патрабаваннем яго правядзення не пазней 15 красавіка. Калі ж палякі праігнаравалі гэта, Цярэшчанка ў сярэдзіне траўня склаў з сябе старшыньскія абавязкі. Тымчасам вёў перамовы з Васілеўскім (прадстаўніком Пілсудскага) Іваноўскі, пасля чаго змушаны быў адмовіцца ад патрабаванняў незалежнасці Беларусі — і дамагацца хоць бы ўключэння ў склад Польшчы ўсёй акупаванай беларускай тэрыторыі і надання ёй культурнай аўтаноміі. А ў Менск даходзілі чуткі пра неафіцыйныя перамовы між Варшавай і Масквой…
2 траўня было склікана паседжанне ЧБНК, на якім і прынялі наступную заяву:
«Як і ўвесь час раней, усё беларускасе грамадзянства патрабуе прызнаньня незалежнасьці БНР… і энергічна пратэстуе проці ўсялякага падзелу Беларусі і інкарпарацыі асобных правінцыяў Беларусі ці ўсяго краю ў межы Польшчы.»
А 4 траўня сабраўся Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны. Пісар Ян Ракуцька спешна зрабіў некалькі выпісаў з пратакола паседжання:
«Па пытаньню аб міравых перагаворах Польшчы з Маскоўшчынай і пагляду камітэта на БЕЛАРУСЬ ухвалілі:
Прызнаючы безпаваротна, што Беларусь павінна быць Вольнай і Незалежнай Народнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах Часовы Беларускі Камітэт Случчыны выносіць катэгарычную пастанову, каб у місіі, якая будзе весьці міравыя перагаворы паміж Польшчай і Маскоўшынай ці кім іньшым, дзе будуць закратацца інтарэсы Беларусі, павінна быць прэдстаўніцтва ад беларусаў з правам пастаноўчага голасу».
Старшыня камітэту Павел Жаўрыд распісваўся на іх нервова, размашыста, а пячатку — з выявай «Пагоні», абрамаванай вянком з дубовых галінак — ставіў акуратна, націскаючы роўна і няспешка…
Не тыя пілсудчыкі былі ўжо, якім дзед летась праз вакно дзівіўся: натомленыя, змораныя, скупыя. Антанта дапамогу зменшыла, і варшаўская машына пачынала буксаваць. Штодзень раслі цэны, «лягчэла» польская марка.
Як падмянілі ў гэты час Гаруна — спахмурнеў, агеньчыкі ў глыбокіх вачах прытухлі: «Ведаў, што не да скону палякі, але ж каб так хутка здацца… Мы ж яшчэ толькі-толькі ў сілу ўбіраемся! І куды зараз, калі нат такая сіла здаецца? Не самагубствам жа займацца?!.»
(Можа таму часткі беларускіх злучэнняў — з найбольш маладзейшых — заместа вайсковых штудыяў на курсы беларусазнаўства і пачалі накіроўвацца?)
А праз колькі дзён і зусім знямог Гарун, аслабеў, не пускаў да свайго ложка амаль нікога…
Цяжка ў Менску чэрвень 1920-га заканчваўся, а ліпень яшчэ цяжэй пачынаўся: нервовасць, няпэўнасць. Горад з двух бакоў гарэць пачаў — і рады ніхто даць не мог. Кожную раніцу — рабункі, пагромы. Вакзал бежанцамі перапоўнены, жаўнерамі, падводамі, усе з клункамі, лаянкай…
Ці не тады і неўзлюбіў Алесь вакзалы? Неўзлюбіў — сказаць проста, але ж нічога не выказаць. Натоўп агалдзелы ў дрыжыкі яго кідаў, нерваваў, люціў нават…
…Адзін конь, пэўна, нікуды тады не спяшыў, ступаў марудна, лянотна, і шпітальскі фурман моўчкі сцябаў яго па ўпалых баках сцёртай ляйчынай. У вочы забягалі маладыя ліпы ў ранняй мядовай квецені…