― Ці ты гэта, Алесь?! Якім ветрам?!
Тут Алесь і рот раскрыў, заміргаў ужо часта, пакуль — з цяжкасцю — не прызнаў у гэтым барадатым Адама Бабарэку…
Вось так і сустрэліся. Як з польскіх катавальняў вырваліся, Бабарэка з хлопцамі не паразбягаліся па хатах. Калі ў траўні стаў чуцён гул гармат з Беразіны, арганізаваліся два атрады — у 40 і 50 «штыхоў». Дзейнічалі яны на Слуцкім тракце. Перагарадзілі былі дарогу абозу, што падвозіў патроны і снарады, асадзілі пяць уланаў. А нядаўна адбілі польскую кухню з абедам на цэлую роту…
Нядобрыя весткі пачуў тады Алесь. Дзень і ноч стракаталі лясы. Адступаючы, палякі люцелі. Вось і даводзілася бараніць вёскі ад іх. Слуцак рабуецца, штодзень — пагромы. Дабро вазамі вывозяць. А генерал Шэптыцкі загадаў паліць горад, калі ён будзе ехаць (уцякаць) па шашы на Нясвіж.
― Ну а што далей рабіць меце? — спытаў няўпэўнена Алесь.
― Вырашылі Чырвоную армію чакаць, каб з ёю праўды дамагацца. — Бабарэка паклаў далонь на Алесева плячо, тузануў злёгку: — Давай, браце, з намі!
― Мне б напачатку дадому, бацькоў адведаць…
― Ну што ж, дарога да нас нескладаная, збярэшся — заўсёды чакаем.
Бабарэка яшчэ пра Менск з цікавасцю распытаў. А потым перакусілі — і Алесь выправіўся далей. Драгунку хлопцам падарыў, а тыя ўсміхнуліся: «Не на танцулькі ж едзеш… Спатрэбіцца, можа», — і ўзамен далі яму кароткую абразанку…
Гэта была яго апошняя сустрэча з Адамам Бабарэкам. Раніцай 13 ліпеня той са сваімі сябрамі сустрэў чырвонаармейскую выведку і ў той жа дзень пад запальныя вокрыкі «Даёшь Варшаву!» на разбітых фурманках выправіўся наганяць польскія часткі, што адыходзілі за Капыль[6]… За два дні да гэтага бальшавікі ўвайшлі ў Менск…
У Цароўку ён прыйшоў цёмначы, скрытна — агародамі, садам. Каня пакінуў у лесе, вінтоўку ўсунуў у касцёр дроў за хлявом. Нават прысмакаў матчыных не зачапіў, нават з дзедам не пагаварыў — натомлены, адразу ж спаць бухнуўся.
І сон убачыў, дзіўны, страшны. Каля іхняй хаты вяз — яшчэ прадзед ягоны пасадзіў — аграмадны рос, — тоўсты, выносісты. А з самага нізу клуб каранёў з зямлі выступаў. Малым Алесь яшчэ глыбей адкопваў з-пад іх глебу, норы рабіў. І вось цяпер з нары тае чырвоны ліс вылез. Па шыі кроў сцякала, у зубах тушка нейкая… Кінуў ліс ахвяру — і на яго. Ад нечаканасці ногі ватнымі зрабіліся. Крыкнуць хоча — голаса няма. А ліс ужо ў сцягно ўпіўся, клыкамі пажадна лядзгае… Усе сілы сабраў, за галіну ўхапіўся, на вяз узлезці хацеў — а ліс цяжэе, большае, нібыта крывёю ягонай, як упыр, наліваецца, назад цягне. Адламаў тады сухую патырчаку, саўгануў зверу — як змог — у жывот уздуты. Кроў і пырснула ва ўсе бакі. І як зараве той, як узвые!.. Ад жаху ўвомірг ледзь не на самую вершаліну ўзлез (а дагэтуль, на яве, аніяк нават да сярэдзіны дабрацца не мог — раздвойваўся там ствол, і аніякіх нізка галін, каб учапіцца). Уніз глянуў — а там ці не сотня ўжо лісаў, і ўсё з нары вылазяць і вылазяць. На падмогу хацеў каго пазваць, ажно бачыць — і суседзі, як і ён, на дрэвы і дахі паўзлазілі, а пад імі ажно як агонь шугае — лісы рыжыя носяцца… Дзверы ў хаце ляснулі, бацька выйшаў… Трэба крыкнуць, каб назад хаваўся, — ды дзе там: звяры ў хату кінуліся, з ног бацьку збілі… Закрычаў нема, з вяза ўніз скочыў — і як птах над хатаю завіс, а полымя ўжо вёску аблізвае, у агні лісы скачуць…
― Саша, што з табою? Ніколі ж не крычаў сярэдначы… — матчын голас сон перарваў. Усхапіўся, няўцямна па баках зірнуў, коўдру скінутую падабраў, і зноў турботна заснуў. А маці яшчэ доўга вохкала:
― Казала ж дома сядзі… Цяперака і ў Слуцак не пушчу нават…
А праз тыдзень на Случчыну ўвайшла Чырвоная армія. У Цароўцы коннікі з'явіліся ўвечары. Сонца прыхавалася, і Алесь выправіўся за балотца касіць. Так і не пабачыў тады чырвоных. Вярнуўся зусім позна, есці сеў.
― Табой чамусьці цікавіліся… — бацька змрочны быў, злосны.
― І што?
― Пыталі, ці праўда, што ў польскіх урадах прыпрацоўваў у Менску…
― Што? — у яго ледзь лыжка з рук не выпала. — Як гэта?
― А вось так! І на мяне наракалі, што белапалякаў лекаваў… Дык я іх адразу абрэзаў: лячыць — лячыў, толькі сваіх павятоўцаў, а ў палякаў і дактары, і кухары былі свае… — Бацька ўздыхнуў і выйшаў, бразнуўшы дзвярыма, на двор. А дзед цмокнуў бяззуба, і нібыта сам сабе:
― Пэўна, хтось навёў, агаварыў цябе… А то б скуль ім ведаць?
А раніцай паплёскаўся Алесь пад рукамыйнікам, чуб наставіў — і да люстэрка, што над прыпекам у гліну ўлеплена было. А на ім — павута трэшчын.
Тады дзед і дарасказваў, што гэта адзін з чырвонаармейцаў, з жалезным верхнім зубам, доўга ў яго ўглядваўся, якуюсь больку на шчацэ ціскаў, а потым, выходзячы, плюнуў — і ні з таго ні з сяго заехаў у люстэрка тронцам нагана…
6
У 20-х гадах Адам Бабарэка актыўна займаўся літаратурнай дзейнасцю. У 1930-м арыштаваны НКУС і асуджаны на 5 гадоў, у 1937-м ― паўторны арышт. Памёр у лагерным шпіталі 10 кастрычніка 1938 года.