На другі тыдзень Красніцкага выкрылі — ніякага камісара ў Слуцак не выпраўлялі. Калі соннага «госця» вывелі ў калідор Вайніловічавага дома, той пра штось абурана загугнявіў, шкрабучы свой тоўсты шнар — ад губы да вуха (хваліўся раней, што гэта знак кадэцкай шашкі), а потым выхапіў наган, параніў чырвонаармейца, скочыў праз расчыненае вакно ў аўтамабіль (заўсёды ставіў яго там) і газануў з горада. Яго «ўпаўнаважаных» схапіць паспелі і назаўтра расстралялі…
Але абвыкацца з новай уладай Саветаў давялося нядоўга — ужо ў сакавіку на Беларусь рушылі польскія легіёны…
Прыгадалася нібы ўчарашняе: сцішаны летні надвячорак, маці з дзедам — у хаце, ён — каля вакна спяшае завідна дачытаць нейкую кніжку, як раптам па вуліцы пранесліся з дзесятак вершнікаў (ён не паспеў нават разгледзець іхняй формы, кінуўся ў вочы адно трохкутны бела-чырвоны сцяжок на дрэўку-дзідзе першага конніка). А праз пяць хвілінаў у ягонай Цароўцы з'явіліся і асноўныя польскія часткі. Жаўнеры, сярод якіх бачыў шмат вусачоў, ― у навюткай вопратцы, боты й папругі шляхоцка зіхцелі, твары спакойныя і ўпэўненыя. Уразіла найперш вялікая колькасць артылерыі. Зрэшты, не… За войскам па выбітай вулцы прарыпелі фурманкі з правіянтам і паходным начыннем (коламі, вёдрамі, рыдлёўкамі). А ўпрэжаны ў іх былі коні невядомае пароды — аграмадныя цяжкавозы з доўгімі вушамі. З «валавікоў» найбольш распаўсюджанымі былі на Случчыне цяжкія ардэны. Для кавалерыйскіх вайсковых частак сяляне (пераважна ў Семежаве, Бокшыцах і хутарах пад Пагостам) гадавалі — на продаж — і коней расавай пароды. А тут — невядомыя даўгавухія лашакі, што цягнулі гарматы. І дзед, седзячы наўздалёк і стараючыся не паказваць сваёй узрушанасці (нават калі тарахцелі два танкі), тых коней прапусціць не здолеў — прыліп, як хлапчук, да вакна і толькі цмокаў: «Такія паўдня плуга цягаючы не ўзмакрэюць…»
І, выглядаючы апошнюю фурманку, скінуў з падаконніка вялікі вазон альвасу…
Падобны праход, толькі немцаў у 1918 годзе, пабачыць дзед не здолеў: моцна хварэў і амаль месяц не злазіў з печы. Нямецкае войска акупавала Беларусь напрыканцы лютага. Па старой Варшаўцы — на Бабруйск (частка — на Менск) ішлі праз горад стройныя калоны зялёна-пыльнага колеру — пад стальнымі шлемамі. Доўга грукаталі па ледзяной брукаванцы аўтамабільныя абозы, аграмадныя артылерыйскія паркі з гарматамі, раўлі танкі і браневікі; машыны, вымаляваныя ў ламаныя лініі кідкіх колераў, везлі пантоны — цэлыя масты для пераправаў. Невысока над дамамі правуркаталі некалькі ваенных аэрапланаў…
Не зважаючы на беднасць краю, немцы пачалі збіраць з насельніцтва кантрыбуцыю — аграмадная жалезная машына патрабавала і аграмадных затратаў! Прайшоў перапіс гаспадаркі, і сялянства, паверыўшы салодкай агітацыі, пусціла было чуткі: немцы адбяруць у тых, у каго многа, і перададуць бедным. Аднак выйшла зусім па-іншаму. Інтэнданцтва зацвердзіла падатак: ад кожнай куры належала здаваць у абоз па два яйкі ў тыдзень, ад кожнай каровы — пэўную колькасць фунтаў масла за месяц, ад кожнага парсюка — пэўную частку сала, з кожнай дзесяціны зямлі — вось столькі збожжа. Праз некаторы час немцы пачалі разлічвацца за ўсё маркамі…
Ды толькі Алесь быў упэўнены, што ні аграмадзіны-гарматы, ні браневікі не змаглі б тады здзівіць дзеда — як тыя польскія цяжкавозы з доўгімі вушамі!..
― Можа, пану кавы? — да рэальнасці змусіла вярнуцца сцюардэса, стрункая, сінявокая. З неўтаймоўнымі кудзяркамі на шчоках.
Ён доўга няўцямна ўзіраўся ў яе вочы, адганяючы памарак успамінаў, і нечакана мовіў па-беларуску:
― Ды якая, дачушка, мне ўжо кава… Ці не прынесла б якіх-небудзь газэт пачытаць? — і, заўважыўшы неразуменне, паўтарыў, апамятаваўшыся, тое ж па-ангельску…
Сцюардэса адразу ж падала некалькі свежых — яшчэ пахкіх фарбаю — выданняў і наструнілася йсці далей, да суседняга раду:
― Гэта ўсё?
― Яшчэ… Яшчэ скажыце, калі ласка, як вас завуць?
― Ева ― яна зноў ветліва ўсміхнулася…
Беларуская моладзь ідзе
І зноў з глыбокіх спратаў ягонай памяці абудзілася-выйшла даўнішняе: вялікая зала гімназіі, «папараць-кветкаўская» «Паўлінка» (ці не па алюзіі першынец ― Паўлінка з першароднаю Еваю наплыла?). Андрэй Бараноўскі заліхвацкім Быкоўскім быў, Марыя Стагановіч — Паўлінкаю. Яны ж — Алесь і Люда — сядзелі ў кутку на самай апошняй лаве. Яшчэ днём Люда назбірала ў парку букецік апалых кляновых лістоў — дзіўнага палымяна-ружовага колеру — і, нібы веерам, зрэдку адганяла і яго, занадта гаварлівага, узбуджанага…