― Вярніце іхняе… Нельга так, чужое ўсёткі…
― Што?! — скрывіўся галоўны ўпаўнаважанец. — Можа і ты захацеў? ― і вінтоўку руляй да яго наставіў.
І штось нібы наноў абарвалася ў Міцьку. Уваччу бліскаўка прабегла, як пры катаваннях мінулых. І здалося, што не чырвонаармеец перад ім, а жандар той з кірмаша… Сціснуў кулакі Міця — і наперад пасунуўся:
― Так нельга, чуеш?!
І тут стрэл гухнуў, пырснуў пыл да Міціных ног. Перапалоханая цялушка ўбок скочыла, калёсы тузанула, а другі вайсковец (не чакаў такога, стаяў на калёсах і пакурваў зухавата) на драўляныя білы гохнуўся. Толькі Міця нібыта й не чуў нічога — злосна на галоўнага развёрсніка сунуўся. А той затворам лязгаць пачаў, ды другі раз стрэліць Міця не даў яму — так тузануў за рулю, што той вінтоўку з рук і выпусціў.
І тады ўжо Міця з перазараджанай вінтоўкай закамандаваў над двума бяззбройнымі… Нажытак хутаранцу вярнуў, а развёрснікаў, звязененых, у спачынак свой адвёў (каня з падводай на хутары кінуў). Пасадзіў у зямлянку, а каб не збеглі — вакно (яно і дзвярыма было) бараною жалезнай накрыў, наверх валуноў наўсцягваў. Вінтоўку ў дупле схаваў.
З таго часу і стаў былы каваль канваірам. І чым больш люцелі і запалохвалі яго вязні, тым больш злаваўся і ён, прыгразіў нават быў: «Будзеце крычаць — зусім ламаччам завалю, каб не чуў ніхто, і ні вады, ні харчу ад мяне не атрымаеце!»
І пачаў з таго часу Міця праўды сілай шукаць. Прыехалі праз месяц у ваколіцу ягоную два коннікі — у войска Булак-Балаховіча заклікаць сялян, конны полк збіраць. І не да спадобы яму, Міцю, прыйшліся: у выпіўку кінуліся, за дзеўкамі цёгаліся. А тут яшчэ і хлопца з суседняй вёскі пабілі, за непавагу да «бацькі» іхняга. Бацька-бацькам, яго, канечне ж, паважаць трэба. Вось і ў яго быў некалі бацька. Але ж ці біў калі-небудзь каго-кольвек праз яго Міця? І — «Нельга так!» вырашыў. Падпільнаваў парачку залётную, абяззброіў, звязаў — і ў турму, рукамі сваімі зробленую…
А праз дзень залётнікі з развёрснікамі люта біцца пачалі — ледзь не да смерці. І давялося тады Міцьку развесці іх па розных «камерах». У недалёкай строме вяскоўцы даўно капалі гліну, і такіх нораў нарабілі, што схавацца ў іх можна было. Вось у адну з іх, самую шырокую, і пасяліў Міця залётнікаў, уваход ямы невылазна заваліў.
«А крычаць будзеце — прыстрэлю!» — прыстрашыў, хоць, вядома ж, у чалавека ніколі не нацэліўся б нават.
…― А я вас ведаю! — па-дзівацку ўсміхнуўся, калі да яго падышлі Алесь з Юркам. — А вы мяне?
― Вядома ж! Як не пазнаць… Здароў будзь, пане Жалязовіч, — і Алесь руку працягнуў, ― а Міця шыю выцягнуў, бровы нахмурыў, выдыхнуў нездаволена, і тады Лістапад на падмогу паспяшаў:
― Хто ж Міці Бубы ня ведае! Ну, чаго насупіўся? Здароў, кажам…
І ажывіўся тады Міця, падскочыў нават:
― Х-ха, ведаеце, ведаеце!
І адвёў ён іх да «турмы», расказаў па дарозе ўсё, як мог — збіваючыся, паўтараючы-шамкаючы:
― Я ж бо й адпусціў бы іх… ды ж баюся… О-го! Падпільнуюць, і мяне ў турму… Біць будуць. А за што ж Міцю біць? Га?! А есці ж ім давай! Ого! А дзе ж набрацца?
І вырашылі Алесь з Юркам вызваліць зняволеных. А каб гнеў іхні на Міцю не выйшаў, дамовіліся мінісцэнку разыграць: пакажа Міця месца турмы сваёй — і сойдзе куды-небудзь. А яны быццам знячэўку на турэмнікаў напоруцца…
Так і зрабілі. Адразу з зямлянкі развёрстнікаў выпусцілі — худых, змарнелых. Смурод наўкол…
«Як вы гэта сюды патрапілі?» — дзівіліся-пыталі.
«Ды на банду наскочылі…» — апраўдваліся тыя.
Падзякавалі й падаліся сваіх шукаць. Адзін з іх, малодшы па гадах, з вухам прастрэленым, накульгваў толькі моцна…
Так і з кар'ера залётнікаў вызвалілі. Ішлі нібыта, гаварылі гучна — і пазвалі з-пад зямлі іх… Праўда, ледзь завал здолелі раскідаць… Пазнаёміліся нават. Адзін зусім маладжавы, ледзь не ўзросту іхняга. Другі — чарнявы, з носам вострым — расшчодрыўся пры знаёмстве, адкрыўся (даведаўшыся, што адзін з «выратоўцаў» — сябра Нацкама павета):