Не ўстаў, а ўскочыў — першым — Алесь: ― Сцёпа!.. Ці ты?! — і ажно рот раскрыў.
А Сцёпа — старэйшышы Гаўрылевічаў — сполашна ўздрыгануўся, у вочы Алесю зазірнуў, Астроўскага й Лістапада падазрона агледзеў: ― Я, як бачыш…
…Да пары да часу ціхмяна сядзелі Гаўрылевічы пры маці. З'абозілі палякі ў іх кабана, праўда, пазней маркі ўзамен выдалі — за што на рынку зерня прыкупілі.
«Мона жыць, — шамкала старая Гаўрылевічыха. — Што той парсюк… Вунь пярэсты з жыватом пакутаваў, апруцянеў — і ніхто й капейчыны не даў. А так — па-людзку… Бяды тае, што сабе гадавалі…»
А бальшавікі не праз паўмесяца і першацёлку іхнюю да воза прычапілі. І дулю з макам наўзамен… Паперчыну выпісалі, а з яе адной карысці, што за хлеў схадзіць… А да ўсяго і саміх братоў вербаваць у чырвонае войска пачалі. Загад, маўляў, такі… Гаўрылевічыха толькі малодшага і здолела адбараніць: хваравіты, ды і за маці старой догляд жа патрэбен. А вось Сцяпана браць мусілі. Тады толькі й клюнула яго бяда-гора. Склаў торбу — і збег ноччу з хаты. Кабыліцу, Алесем падораную, не забыў… Лес вялікі, і пад кустом да зімы цёпла, гэта ж не кулі ў лоб чакаць… Да ўсяго послух пайшоў, што палякі зноў чырвоных гоняць. А там — і закруцілася, і павяло: з «лесавікамі» стрэўся, жыткі вольна-хмельнай глытнуў — і да смаку прыйшлася, як у пельку ўсмактала. А чаму і не: гэта ж не гной кідаць і не нэндзы маткі старой выслухоўваць, з братам таўчыся. Захацелася чаго — толькі затворам лясні… І пітва, і харчу, а далей — і дзевак гвалтам паспрабаваў. А напрыканцы лета абклалі іхнюю хеўру, што ледзь не да Белавежы дайшла — і бальшавікі, і мужчыны, што ў міліцыю сабраліся. Разбягацца мусілі. І вось, урэшце, Сцёпа да Булак-Балаховіча прыбіўся, выслужваўся, пры штабе быў — што прынесці, знайсці, падаць…
Другая палова хаты, куды ўвайшлі, была чыста вымецена. На нізкіх падаконніках вазоны стаялі, вышытыя чырвоным па беламу невялікія фіранкі скразняком на вуліцу выпіхнула — адно акно аткрытым было. Каля печы — аграменная канапа, абцягнутая чорнай скурай — «бацька» ледзь не з-пад Брэста вёз яе за сабой. На канапе скамечаная мапа. Пасярод пакоя — стол просты, ахінуты няроўна абрусам. Хлеб, вараная бульба, сала, кілбаса, цыбуліны, гляк малака, бутэлька трохкутная скраю, чаркі. Пад абразамі — зброя згрувашчана…
― Дык, кажуць, слуцакі мяне просяць… — хітравата агледзеў — ужо як селі за стол — гасцей «бацька»-генерал, маладжавы, невялікага росту, чарнява-попельныя валасы ажно ільсніліся ад нядаўняй укладкі (вадой, пэўна, змочаныя). Ап'янелым Алесю чамусь здаўся, хоць усе толькі ледзь прыгубілі з налітага.
― Пан генерал, — Астроўскі адклаў відэлец, нагу на нагу закінуў, Балаховічу ў вочы ўпіўся: — Дазволь напачатку агулам пра ўсё… Наша Случчына, як далёка вядома, — жытніца ўсяе губерніі Менскай, цяпер паралізавана. Чырвоная армія адступіла, польская ўвайшла… А тут гэтая дамова ад 12 кастрычніка… Слуцак наш абязлюдзеў, няпэўнасць адна… Рассекчы ўсе праблемы ймкнецца Нацкамітэт Случчыны. Ды, самі разумееце, у ізаляцыі з'арыентавацца цяжка. Таму… — Астроўскі азірнуўся на Юрку і Алеся, крыху зніякавеў — ці не гаворыць лішняга, і працягнуў відавочна «закругляючыся»: — …таму і выправілі нашага старшыню Нацкама ў Вільню і Варшаву па інфармацыю, а нас вось — балазе якраз палкоўніка Паўлоўскага стрэлі (і кашлянуў, убачыўшы, як бровы Балаховіча ўзняліся — пэўна ж, ужо ведаў пра «геройства» свайго пасланца)… Нас, значыць, да вас на перамовы адкамандзіравалі…
― Так-так, — Балаховіч ускочыў і зноў сеў. — Так…
― Нацкамітэт, — казаў Астроўскі, ― адчувае, прызнаемся, ціск паланафілаў і антыбальшавікоў. Многія гатовы нават узначаліць збройную абарону Случчыны і спасылаюцца на неафіцыйныя запэўніванні польскіх уладаў пра дапамогу зброяй… Нацкамітэт рыхтуе дэкларацыі…
― Польскае камандаванне абяцае застацца на Случчыне пакуль не арганізуецца там свая нацыянальная ўлада, — дадаў Лістапад і зірнуў на Астроўскага. Той выцягнуў з кішэні газэту і разгарнуў: — Вось тут… — пастукаў даланёй па калонках тэксту, — надрукавана Рыжская дамова… Згодна з першым пунктам яе абодва бакі прызналі прынцып самавызначэння і незалежнасці Украіны і Беларусі. Адстаяць яго — вось наша галоўная мэта.
Балаховіч зноў устаў, уздыхнуў:
― А вы часам не былі настаўнікам? — і карычнева-шэрыя зрэнкі яго бліснулі.
― Да апошняга часу быў дырэктарам Слуцкай гімназіі… ― Астроўскі здзівіўся нечаканаму пытанню.
― Я ж бачу… Бы лекцыю чытаеце… Ну добра, добра. Канешне, беларусы павінны кіраваць у сваім доме. І каб сталася так, маё войска не шкадуе ні сілаў, ні крыві… Хутка мы рушым уверх па Прыпяці. На Мазыр і Тураў. Калі слуцакі падтрымліваюць мяне — разам біцца будзем. Нашым і Слуцак стане. А там, — Балаховіч адышоў да акна, прыгладзіў даланёй і без таго добрапрычасаныя валасы, — а там і да Менску недалёка! Зрэшты, якія вашыя сілы?