Купала выйшаў праводзіць.
Праз дарогу спыніліся два польскія жаўнеры, заспрачаліся аб нечым.
― І дакуль гэтая апека будзе над намі? — буркнуў Бусел.і
― Праўда ваша, хлопцы… Вечна хто-небудзь і як-небудзь, а прыходзіў і нас апекаваў, хоць ліха нашага не забіраў. Быў маскоўскі цар, былі пасланыя ім земскі, ураднік, стражнік. Мы шчыра служылі ім, як нявольнікі. Пасля царскіх чыноў прыйшлі бальшавіцкія — не лепш ад сваіх папярэднікаў, прыйшлі і павялі сваю гаспадарку, а мы глядзелі і чакалі, што нехта прыпхнецца і бальшавікоў прагоніць. І прычакалі… ― Вераснёвы ветрык узнімаў-ускрыляў незашпіленыя скосы Купалавага плашча. — Прыйшлі немцы, бальшавікі ўцяклі, мы асталіся. Немец гаспадарыў… Мы сядзелі і чакалі… чакалі нейкага цуду. І дачакалі… Прыйшлі вось палякі, уцяклі саветы, камітэты і «чразвычайка», а мы ізноў сабе сядзім і чакаем. Праўда, мы, як гаспадары гэтай зямлі, мусім сядзець на ёй. Але як мы гаспадарым?.. Пройдуць гады, падрастуць сыны і ўнукі нашы і спытаюць нас тады: «Што зрабілі вы ў той бурны і векапомны час для сваіх нашчадкаў, для свайго краю?»
К такому запытанню трэба нам быць гатовымі…
На гэтымі развіталіся.
Праз тыдзень камандзіравалі ў менскую друкарню аднаго Сяргея Бусла — з матэрыяламі першага нумара і грашыма на яго выданне. Тысячу асобнікаў аддрукавалі хутка. Некалькі сігнальных кніжак Сяргей занёс у Беларускую хатку — Купалу (паэта там не заспеў).
У Слуцку «Наша Каляіна» разыходзілася хутка, і поспех не мог не радаваць хлопцаў. Натхнёныя, яны ўжо збіралі творы для другога нумара…
Купала з'явіўся на Захар'еўскай зацемна — затрымаўся на паседжанні Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэта (ЧБНК). Вакол Камітэта пачалі гуртавацца асноўныя сілы беларускага руху. Перабраліся ў Менск Аркадзь Смоліч, Францішак Аляхновіч, Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Шыла, са Смаленску — з бальшавіцкай няволі — вярнуўся Вацлаў Іваноўскі. У Менск пераехала і Беларуская Вайсковая Камісія (БВК).
Стомлены і хмуры, Купала зачыніўся ў сваім пакойчыку, запаліў лямпу. Моцна балела галава — як абцугамі хтось ціснуў скроні. Ён прылёг на канапку і заплюшчыў вочы.
Зноў гэтыя спрэчкі… Бальшыня эсэраў і сацыял-федэралістых адстойвалі безадкладнае выкананне Устаўных Граматаў БНР, заклікалі выступіць у адкрытай барацьбе супраць палякаў. Гэта бачылася Купалу самагубствам — на падрыхтоўку супраціву патрэбен быў час, сродкі, сілы. Хрысціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты, а таксама меншасць эсэраў і сацыял-федэралістых прапагандавалі патрэбу паступовага вырошчвання нацыянальных сілаў… Пакуль беларускі народ не будзе самаарганізаваны, датуль палітычнае адраджэнне Беларусі немагчымае ― пра гэта ведаў і Купала, але ж ён ведаў і пра небяспеку чакання, ды яшчэ ў такі час: не дадушыць польскі бот, дык нярымсціцца праглынуць ціхмянага суседа ўсходняму «брату»…
Але ж адзіны шыхт стварыць патрэбна было. На гэта настройвалі і Вацлаў Іваноўскі, і Кузьма Цярэшчанка (замест Алеся Гаруна, які ўзначаліў БВК, яго абралі старшынём Белнацкама), да гэтага заклікаў і ён, Купала…
Калі крыху адхлынуў боль, ён сеў за стол, расклаў пошту. У газэтах выбліснулі кніжкі «Нашай Каляіны». Купала здзівіўся хуткасці, з якой яны вылецелі ў свет — здаецца, толькі ўчора хлопцы-случакі былі ў яго…
Успомнілася раптам, як яны — маладыя апантанцы — выдавалі дзесяць гадоў таму «Нашу Ніву»… Няпросты 1909-ы. Рэдакцыйная кантора — як склад макулатуры… Дым ад жалезнай печкі, на якой гатавалася ежа…
«І пакутавалі, працавалі, аддавалі ўсё сваё здароўе, жыццё за беларускае вольнае слова, за сваю святую справу… Жылі — як і дзе папала ў падвалах, халодныя і галодныя, нажывалі сабе сухоты і іншыя галодныя-халодныя хваробы і да самае смерці не складалі зброі… ― Купала пабольшыў святло ў лямпе, зірнуў у ціхае начное вакно. — І вось на змену акрыляюцца новыя — маладыя і нястомныя — нашчадкі!» — Купала ўзяў аловак: «Кінутае здаровае зерне дарма не прападае, — пачаў пісаць хуткім лёгкім почыркам. — Сягоньня кожны, каму не атуманіла расійская і польская рэакцыя мазгоў, пачуе і зразумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваньнем сваёй незалежнай бацькаўшчыны!
Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!
Сягоньня ў нас творыцца армія, творыцца рукамі гэтай самай гарачай беларускай моладзі, ствараюцца па гарадох, мястэчках і вёсках беларускія нацыянальныя камітэты, усё рукамі той жа беларускай моладзі; нацыянальнае беларускае жыцьцё пачынае кіпець, палаць праўдзівым і жыватворным полымем… — Купала перагартаў перададзены часопіс, прайшоў да вакна, паглядзеў у высокае зорнае неба — і зноў пачаў пісаць: — Шмат прыкладаў паказваюць, як гэта наша моладзь пачынае сама па сабе, не раз абмацкам, нацянькі будаваць сваё роднае, светлае, народнае. Але што цікавейшае: перада мной ляжыць беларуская часопісь «Наша Каляіна». Выдана яна ў Слуцку! Слуцак — павятовы гарадок — куды яму, здавалася б, лезьці ў людзі!.. Аднак жа палез. Беларуская душа, як бачым, — жывучая, творчая, як яе ні заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца. Мала таго: гэта часопісь зьяўляецца органам беларускай нацыянальнай злучнасьці «Папараць-Кветка», каторая сваю чыннасьць пашырыла на ўвесь Слуцкі павет і нават далей, за яго межы… — і Купала яшчэ раз пасмакаваў гучанне добрай сімвалічнай назвы — «Папараць-Кветка»! Ад святога купальскага вогнішча. Ад абнаўляльнай надзеі… і, канешне ж, і ад яго, Купалы… — Гэта папраўдзе, як і ў песьні сьпяваецца: «А ў Слуцку на рыначку сталася праява!» Так, сябры, гэта вялікая праява! Адбудаваньне незалежнасьці бярэ ў свае рукі моладзь, паўстаючая з-пад Беларускай сялянскай страхі! Тым сама сваімі рукамі адбудуе сабе і сваім нашчадкам лепшую і сьвятлейшую будучыну. Набок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Усходу!..»