Выбрать главу

- Ану, марш сюды, шалапут! Хай толькi яшчэ раз пабачу цябе з якой галотаю!..

Нярэдка дзецi папускалi ў яе каменнем.

Здаралася, якая-небудзь панi кiдала ёй мядзяк-другi - малая ашчадна берагла тыя грошы.

Аднойчы - было дзяўчынцы тады адзiнаццаць гадоў, - праходзячы каля мясцовых могiлак, яна наткнулася на расплаканага маленькага Шукэ: сябрук украў у яго два лiярды. Слёзы малога панiчыка, аднаго з тых, якiх беднае ўяўленне абнядоленай жабрачкi малявала вечна ўсцешанымi i задаволенымi, страшэнна ўразiлi дзеўчанятка. Яна падышла да хлопчыка, а калi даведалася прычыну яго гора, высыпала яму ў прыгаршчы ўсе свае назбiраныя грошы - сем су; малы не здзiвiўся, узяў грошы, перастаў плакаць. У парыве шалёнай радасцi дзяўчынка пацалавала хлапчука. А той настолькi засяроджана разглядваў грошы, што нават не звярнуў на гэта ўвагi. Бачачы, што ён яе не адпiхае, не адбiваецца, дзяўчынка яшчэ раз аберуч прытулiла яго да сябе, пацалавала i кiнулася наўцёкi.

Што тварылася ў душы няшчаснай бадзяжкi? Чаму яна так прыкiпела да гэтага карапуза? Таму, што ахвяравала яму свой жабраваны скарб? Цi таму, што менавiта яму падарыла свой першы пяшчотны пацалунак? Каханне аднолькава таемна завалодвае i сэрцам дзiцяцi, i сэрцам дарослага.

Прамiнаў месяц за месяцам, а яна не магла забыць нi таго кутка могiлак, нi таго хлопчыка. У надзеi ўбачыцца з iм яшчэ раз яна пачала абкрадваць сваiх бацькоў, утойвала капейку пры ўсякiм зручным выпадку, аблiчвала iх то на рамонце крэслаў, то на куплi харчоў.

Другiм разам, калi яна прыехала ў нашы мясцiны, у яе ў кiшэнi мелася ажно два франкi, аднак ёй пашчасцiла ўбачыць маленькага аптэкара толькi здалёк, у акне аптэкi, дзе ён - такi акуратненькi, чысценькi - сядзеў памiж барвовым шарам i слоiкам з салiцёрам.

Заварожаная, узрушаная, зачараваная праменнасцю каляровай вады, бляскам зiхоткiх крышталiкаў, яна яшчэ мацней палюбiла яго.

Яго вобраз нязгасна жыў у яе душы, i калi яшчэ праз год яна выпадкова натрапiла на маленькага Шукэ за школай, дзе ён гуляў у шарыкi з сябрамi, яна кiнулася да яго, сцiснула ў абдымках i пацалавала так моцна, што ён перапалохаўся i залямантаваў. Тады, каб суцешыць хлапчаня, яна падала яму грошы: тры франкi дваццаць сантымаў - сапраўдны скарб, у хлопчыка ажно вочы акруглелi ад неспадзяванкi.

Ён схаваў грошы ў кiшэню i дазволiў дзеўчаняцi лашчыць сябе столькi, колькi яна хацела.

Чатыры гады запар яна аддавала яму ўвесь свой грашовы прыпас, якi ён ахвоча прысвойваў у абмен на пяшчотныя пацалункi. Мелася ў яе то трыццаць су, то два франкi, то ўсяго дванаццаць су (яна аж плакала ад пакуты i прынiжэння, але той год быў кепскi), апошнiм разам яна падарыла яму цэлы пяцiфранковiк вялiкую круглую манецiну, ён ажно засмяяўся ўсцешана, калi ўбачыў.

Цяпер толькi пра яго яна i думала; ён таксама з пэўнай нецярплiвасцю чакаў, калi яна прыедзе, а заўважыўшы, бег насустрач, i сэрца ў дзяўчынкi гатовае было выскачыць з грудзей.

Потым ён знiк.

Яго паслалi вучыцца ў каледж. Яна даведалася пра гэта з асцярожных роспытаў. Тады яна ўсялякiмi хiтрыкамi стала дамагацца, каб бацькi перамянiлi свой маршрут i прыязджалi сюды ў той час, як пачыналiся школьныя вакацыi. Каб спраўдзiць задуманае, спатрэбiўся цэлы год. I атрымалася так, што яны не бачылiся ажно два гады запар; калi ж сустрэлiся, яна ледзьве пазнала яго, гэтак ён перамянiўся, вырас, пахарашэў, паважнеў у мундзiрчыку з залатымi гузiкамi. А ён прыкiнуўся, быццам не бачыць яе, i ганарыста прайшоў мiма.

Яна праплакала два днi; з гэтага часу пакутам яе не было канца.

Яна прыязджала сюды штогод, iшла ў яго навiдавоку, не асмельваючыся павiтацца, а ён i вокам не вёў у яе бок. Яна кахала яго да самазабыцця. Мне яна сказала:

- У мяне гэта быў адзiны мужчына на свеце, пане доктар, iншых проста не iснавала.

Бацькi яе памерлi. Яна прадаўжала рабiць тое, што рабiлi пры жыццi яны пляла i рамантавала крэслы, толькi замест аднаго сабакi завяла страшных двух, дражнiцца з якiмi не асмельваўся нiхто.

Неяк пры вяртаннi ў наш пасёлак, да якога навек прыкiпела яе сэрца, яна ўбачыла маладую жанчыну, якая выйшла з аптэкi подручкi з яе каханым Шукэ. Гэта была яго жонка. Ён ажанiўся.

У той вечар яна кiнулася ў ставок на плошчы перад ратушай. Нейкi запознены гулец выцягнуў яе з вады i прынёс у аптэку. Шукэ-сын, у халаце, выйшаў агледзець небараку i, нiбыта зусiм не пазнаў яе, раздзеў, расцёр, потым груба сказаў: