Чаканне яе таміла душу. Але зіхала i грымела ўсё наводдаль, нібы навальніцы хацелася больш памучыць яшчэ, падыходзячы. Няхутка набліжаліся бліскавіцы, паволі раслі, мацнелі грамы, a ўсё ж падступаліся, гразіліся. Вось ужо сталі заходзіць збоку, як бы акружаць. Вецер таксама нібы цешыўся людскім неспакоем — то ўціхаў на хвіліну, то налятаў з новым шалам, біў вільгаццю i холадам. Старыя даўно не спалі, гнуліся побач з Ганнаю, хрысціліся на кожны бляск, кожную грымоту.
У водбліску маланак Вераччын тварык здаваўся белым-белым, без крывіначкі. Малая таксама не спала, але вочы, ледзь расплюшчаныя, глядзелі неяк безуважна, як бы поўныя сваёй турботы.
— Не бойся… Ето Ілля катаецца… Ілля-прарок… — туліла малую, ласкава i трывожна шаптала ёй Ганна. — Ён добры… Ён малых не чапае… Ён толькі здаецца такі — страшны… A напраўду ён — добры… Добры…
І ў громе чула, як цяжка, часта дыхае Верачка, — хоць словам, хоць чым-небудзь хацела памагчы малой!
Ужо блізка да раніцы прарваўся, загуў вакол дождж — спорны, але нядоўгі. Калі ж ён сціх, бліскала i грымела далека.
Раніцай усё паравала. Усё балота было як у дыме, прасветленым сонечнай яснасцю. Блішчала зоркамі раса на траве, вада на дубах, на кустах лазы. Усё, здаецца, зіхцела, зычыла радасць.
Дзень ішоў пагодны. У сонечнай весялосці Глушакі хутка як бы забылі нра бяду: косы Сцяпана i Яўхіма ўядаліся ў мокрую траву са смакам, Глушачыха i Халімон, нібы памаладзелыя, разварушвалі i разварушвалі копы, пераварочвалі рады. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам i падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е.
У Ганны ж граблі валіліся з рук. Раз-пораз кідала ix і, стомленая, важкая ад бяссоння i трывогі, праставала да дубка, да калыскі: усё чакала, што Верачцы палягчэе. А дачушцы было горш i горш. Дыхала часцей i цяжэй, аж задыхалася.
За ёй падышоў, пастаяў са спачуваннем каля Ганны, каля малой Сцяпан. Не сказаў нічога, толькі ўздыхнуў, патупаў да воза, падняў біклагу напіцца. Падбегла, пабедавала старая, але праз хвіліну кінулася да грабель, баючыся трапіць на Халімонаў гнеў. Падышоў быў на момант i Яўхім. Ганна чакала, што падтрымае неяк, параіць што-небудзь — ёй так патрэбны былі цяпер добрае слова, падтрымка, — але Яўхім адно прамовіў:
— Перахварэе — здаравей будзе…
Поўная адзінокасці i непадзеленай трывогі, Ганна раптам кінулася да сваіх. Калі бацька, уткнуўшы кассё ў купіну, у змакрэлай на грудзях i пад пахамі сарочцы, стаў побач, яна пачула сябе малою, бездапаможнаю, ледзь утрымалася, каб не заплакаць. Але не заплакала.
З дзіцячай надзеяй i давер’ем павяла мачыху i яго да Верачкі.
— Абы гарлавой не було, — сказала мачыха, прыгледзеўшыся да малой, якая аж роцік раскрыла, хапаючыся дыхаць. Яна як бы пашкадавала Ганну: — Але, здаецца, не павінно…
У гэты момант Ганна чула ў ёй сваю добрую, шчырую маці. У горы яны раптам сталі блізкімі i родным i…
Бацька параіў Ганне:
— Як не палягчэе, трэба па знахарку…
— У Юравічы трэба, — адгукнуўся Андрэй Руды, спрактыкавана зазіраючы пад полаг. Ніхто не заўважыў, калі ён падышоў, i ніхто не ведаў, як ён мог дачуцца, што тут можа спатрэбіцца яго парада, але ніхто i не здзівіўся таму, што ён тут, што ён раіць. Ці многа было ў Куранях спраў без Андрэевых парад. — У Юравічы, — паўтарыў ён павучальна. — Доктар Янушкевіч там е такі. Та-скаць — свяціло на ўвесь свет. У Мозыры знаюць…
— Можно i к дохтару, — згадзіўся бацька. — Коні ў Яўхіма добрыя, умент занясуць i ў Юравічы…
— Занясуць-то занясуць, — пакруціла з нейкай загадкай мачыха. — A толькі — ці на дабро… Знахарка — дзело пэўнае… Усякі знае…
— Цемната наша! Выдумляем чорт знае што! — Андрэй стаў гарачыцца. Горача сказаў Ганне: — Едзь, не сумнявайся! Ад любой хваробы ўраз вылечыць! Толькі, следавацельно, штоб не позно прыехала!
Стары Глушак, які таксама падышоў, слухаў, адгукнуўся строга:
— Не апознімся, калі трэба будзе!
Было чуваць, стары ледзь хаваў злосць на Рудога: прыпёрся, настаўнік галапузы, уткнуў свой нос! І на Чарнушкавых глядзеў не вельмі каб ветліва, i Ганнай быў недавольны: сама рабіць не робіць ды яшчэ ўсякіх падказчыкаў водзіць!
І Чарнушкі i Руды, чуючы гэту Глушакову непрыхільнасць, хутка пачалі моўчкі, няёмка разыходзіцца. Адна Ганна не паддалася вяленню старога, як бы нават i не лічыла вяленне гэтае вартым увагі: жыла толькі сваёй трывогаю, якая была вышэй за ўсё, адна меркавала i загадвала, што рабіць.
Паспрабавала накарміць малую, але тая грудзей не ўзяла. Захінуўшы полаг, поўнячыся неспакоем, рашучая, Ганна падалася не да грабель, а да Яўхіма, што занята вымахваў перад сабой касою. Стала перад ім, колючы сухімі, нядобрымі вачыма, выціснула, як бы патрабавала: