Выбрать главу

Ганна сядзела на возе, над незачыненай труной, як бы абдымала яе рукой. Галава яе была схілена, сонца паблісквала ў шаўкавістых валасах, пасма якіх, непрыбраная, звешвалася на лоб. Вочы яе, сухія, гарачыя, нязводна глядзелі на малую: Верачка, блізкая i недасяжная, ляжала сярод валошак, пакладзеных Сцяпанам. Друпя суткі не зводзіла Ганна вачэй з роднага тварыка, не верыла, не магла згадзіцца, што неўзабаве тварык гэты мусіць назаўсёды знікнуць.

Яна не заўважала, як калёсы ехалі да могілак, ківаліся ў няроўных каляінах. Заўважыла толькі, што Верачцы ляжаць стала нядобра — ківае яе, водзіць яе туды-сюды. У адным месцы калёсы, аб’язджаючы яму, вельмі нахіліліся, i ў Ганны аж пахаладзела ў грудзях, калі ўхапіла, падтрымала Верачку: каб трохі — упала б, пабілася б балюча дачушка!

Каля могілак калёсы стал i. Мачыха ўзяла Ганну за плячо, гаворачы ласкавыя, суцешлівыя словы, мякка адарвала ад малой, памагла ступіць на зямлю. Павяла могілкамі, сярод старых i новых крыжоў, прышчаватых верб i разгалістых сосен. У зарасніку маладых акацый, між нізкага, густота галля, зеўрала ў цяністым прыцемку свежая яма з асыпанымі берагамі, чырванелі на ўзгорках пяску сыраватыя грудкі гліны.

Ганна рабіла ўсё як у бяспамяці, толькі вочы жылі, з нямой пяшчотай i скрухай гяядзелі, не адрываліся ад малой. Яна моўчкі стаяла з мачыхай, калі здымалі труну, ставілі на зямлю, калі поп казаў штосьці, моўчкі, паслухмяна падышла развітацца з малой. Прытулілася да тварыка, хвіліну паляжала побач, але, як мачыха ўзяла за плячо, паслухмяна паднялася. Калі ж бацька ўзяў вечка i хацеў накрыць дамавінку, з Ганны бяспамяць як бы спала рантам. Яна як бы ажыла, умомант, нібы пры бляску маланкі, убачыла пясок, гліну, цёмную зеўру ямы, убачыла, даўмела нанова, жахнулася — вырвалася з рукі мачыхі, поўная роспачы i нястрыманай сілы, з крыкам кінулася да труны:

— Не!

Яна упала на зямлю, абхапіла дамавіну, прынікла да малой. Шаптала, задыхалася ад гора, ад любасці:

— Не дам, не дам дочачку маю! Кветачку маю! Мальвачку маю!.. Не дам! Не дам! Вяргінечку маю, півонечку маю малую! Не дам! Не дам!!!

Яўхім хацеў падняць яе, але яна адштурхнула яго, упала на дамавіну зноў:

— Не дам! Не дам!!!

Тады падышоў да Ганны бацька, лагодна схіліўся:

— Ганно…

Яна зноў стала бязвольная — нема, незварушна глядзела, як накрылі века, што схавала, назаўсёды аддзяліла ад яе родны твар.

Калі бацька прыбіў века цвікамі, стары Глушак падцягнуў пад дамавіну з двух краёў вяроўкі. Стары i Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму.

— Апускай! Апускай! — сіпеў Сцяпану, спалоханаму, няўпраўнаму, стары. — Ці заснуў!..

З краю ямы цурчэў, асыпаўся пясок. Калі дамавіна легла на дно, Сцяпан спыніўся, не ведаючы, што рабіць з вяроўкай, — стары недавольна буркнуў, каб пусціў яе, выцягнуў, акуратна, дзелавіта зматаў…

— Кінь грудку на дамавіну! — шапнула Ганне мачыха, i яна ўзяла камячок, квола, без сілы выпусціла ўніз.

Пачула, як стукнуў камячок, адступіла i раптам ціха, без сілы аб’ехала на зямлю. Каб трохі, упала б — ледзь намаглася ўтрымацца. Бацька заўважыў, што ёй пагана, стаў побач, паклаў руку на плячо, быццам супакойваў, даваў сілу. Стукалі, стукалі грудкі, спачатку — моцна, гулка, потым — мякчэй. Яўхім кінуў некалькі жмень; Сцяпан ухапіў жалязняк, што тырчаў убаку, — як бы спяшаючыся кончыць усё, стаў сыпаць зямлю на дамавіну, хутка, без перадыху.

Неўзабаве на тым месцы, дзе была Верачка, гарбацілася толькі горка свежай зямлі ды тырчаў новы крыж.

Стары Глушак прымяў зямлю, падсыпаў, падраўняў, перахрысціўся. Момант пастаяў ціха, потым зірнуў так, нібы паказваў: от i ўсё, можна i вяртацца, памянуць нябожчыцу. Пакорліва, разважна прамовіў:

— Бог — даў, Бог — узяў…

Ён намерыўся ісці, калі Ганна раптам узнялася, ніжучы гарачым, шалёным позіркам, ступіла да яго.

— Ето — вы! Вы!..

Ён нельга сказаць каб збянтэжыўся, але стаў. ІІерахрысціўшыся, цярпліва пакруціў сухенькаю галавою: ашалела, дурная, — сама не ведае, што вярзе!

Падскочыла мачыха, хацела супакоіць. Але Ганна слова не дала сказаць ей, поўная крыўды, болю, нянавісці, гневу, што душылі яе, выдыхнула зноў зацята, люта:

— Вы! Вы! Загубілі донечку маю! Загубілі-і!!!

Стары кальнуў яе злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла!

Быць бы большай бядзе, калі б Глушачыха, што хвіліну назад стаяла над магілкай са слязамі, не заўважыла, як ад калёс нядобра, рашуча ступіў да бацькі Сцяпан. Кінулася да сына, уткнулася ў грудзі, утрымала — ледзь утрымала! У час умяшалася ў звадку i мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок, за акацыю. Загаманіла, затлуміла словамі.