— Aгe! Няма чаго! — Сарока апярэдзіла Ганніну мачыху, гатовую рынуцца ў бой, захапіла гаворку: — Добра ім камуну сваю рабіць було на ўсём гатовенькім! І дом гатовы, i ўсе друпя асновы! І хлявы, i свірні: жывіце, коні i свінні. Усё гатовенькае! І сад шчэ етакі! На цэлую вярсту сад!..
— І ўсе адно — толку з таго! — перабіла Сароку Ганніна мачыха. — Радасць з таго каму, як яно ўсё чужое! І хлеў — не твой! І свірань — не твой, i хата — чужая! І конікі, i кароўкі — усё чужое! Не возьмеш сам! І ўсё — па камандзе! Зрабі тое, зрабі другое — хочаш не хочаш! Як пры пане!
— Што па камандзе, то шчэ не страшно! Було б што есці, давалі б што ў рот несці! На ўсём гатовенькім, панскім — то легко! Да шчэ й з помаччу ад казны! Мало што пан аставіў здароў, дак шчэ й казна — коней ды кароў!
— Дак i ў калгас еты, казалі, помач даваць будуць! — ціха згадала худая, адны косці, Зайчыха.
— Памогуць! Дадуць калі крыхотку, дак патом забяруць пудам! Налог дзяржаве, скажуць!..
— Кеб сваё пры сабе, — зноў перабіла Сароку Ганніна мачыха, — дак можно було б шчэ падумаць! А то — сам усе дай ды дай ім! Дай ім — а ад ix табе, можа, дуля!
— A няўжэ ж што другое!..
— Алешніцкім памагаюць непагано, казалі! Коней прыгналі надысь добрых! З якогось заводу!.. Грошай даюць! І налог з ix не вельмі бралі…
— Aгe, памагаюць! Пакуль не запрагуць добра!
— У Глінішчах ускочылі, цяпер круцяцца, як ад заразы! Выпісацца хочуць каторыя, дак ix i слухаць не хочуць!
— Hi коней, ні зямлі не даюць назад! — уламалася мачыха. — Ідзі голы ў свет! Васіль, брат мой, упісаўся — дак каецца не перакаецца! А вярнуцца назад няма як!..
— Eтo i я чуў, тым часам, ад глінішчанскіх… — пацвердзіў дзед Дзяніс.
— A алешніцкія i туманоўскія — дзержацца! Дзержацца — i не бядуюць.
— Хто не бядуе, а хто — i бядуе, пра сваё добрае шкадуе! A толькі як хто ў пельку ўскочыў — дак канечне i нам? У ix свая, a ў нас свая галава!
— Ето правільно, — кіўнуў дзед Дзяніс, перакідваючы з рукі ў руку бульбіну, што пякла пальцы.
— Я думаю, як сабяруць шчэ на сход, так i рэзаць трэба: не хочам! Не пойдзем! — твар Ганнінай мачыхі быў рашучы, непахісны. — Хоць пяць, хоць дзесяць разоў сабіраць будуць! Усе адно рэзаць трэба: не хочам! Не жалаем!
— Не хочам! Так i сказаць трэба! — загаманілі жанкі.— Няма чаго тут! Не хочам i не хочам! І ўсё!..
Зайчыха i Дамеціха маўчалі, таілі сваё, асобнае. Але ix не заўважалі: іншыя жанкі былі поўныя сваёй рашучасцю, ад якой стала зноў лёгка, ясна на душы. Трывожыцца як бы не было чаго, усё проста было: не хочам! Не пойдзем, i ўсё!.. Стал i гаварыць весела, без запалу, пра розныя дамашнія дробязі.
6
Амаль у той жа час ля другога агню — непадалёк — сышлося некалькі мужчын. І групка была выпадковая, i выпадковы агонь, раскладзены маткай Алёшы Губатага. Вячэра ўжо скончылася, матка пайшла да воза ладавацца на ноч; сабіралася спаць i Алёшава сястра Арына, што дашкрабала чыгун ад прыгарэлага куляша, i сам Алёша, які нешта санліва плямкаў, бы іграючы. Тады прыйшоў Хоня. Звонкі Хонеў голас умомант абудзіў i Алёшу, i яго бацьку, што ўжо ў сне ссаў сваю векавечную люльку. За Хонем вельмі хутка прыбіліся жвавы Зайчык, пануры Міця-ляснік, ціхі, сумны Чарнушка. Ужо Зайчык i Хоня памеркавалі, чаго гэта паклікалі ў сельсавет Міканора, калі з цемры за агнём вырас Васіль, у белай кужэльнай адзежы, расхрыстаны, з вуздэчкай у руках. У святле ад агню добра акрэслівалася моцная, мужчынская шыя, загрубелы, абветраны твар, хіб неслухмяных, шорсткіх валасоў над закланочаным i лбом. За гэтыя гады валасы яго прыкметна пацямнелі, але, як i раней, пшанічна жаўцелі на кончыках — над самым ілбом i на скронях, яшчэ выгаралыя на летнім сонцы.
Васіль з хмурнаватым, цвёрдым позіркам, са стала", паважнай дужасцю ў рухах, пастаяў трохі, акінуў вачыма ўсіх, хто быў каля агню, падышоў бліжэй, стомлена апусціўся на траву. Усе глянулі на яго, прымоўклі на момант, сталі адно смаліць цыгаркі.
Першы заварушыўся Зайчык:
— Робіш, ліхо яго матары, а для каго — чорт лысы знае!..
Васіль нібы ўздыхнуў:
— Трава ж дабрэнная, як скажы ты!
— Калі тая вайна пачалася, такое сено добрае було… — успомніў чамусьці Алёшаў бацька, стаў зноў санліва ссаць люльку.
— Сено — годнае! — абазваўся звонка Хоня. — Дзякуй скажуць!
— Скажуць!.. — нібы пашкадаваў зноў Васіль.
Зайчык жвава заёрзаў:
— Чаго вы, хлопчыкі! У цябе дабрэннае, дык i ў мяне не паганае. Мой конь тваё з’есць, дак твой — маё! Адзінакая выгада!
— Не будзе ні твайго, ні майго! — прахрыпеў Міцяляснік.
— Aгe! Напужаў! — Зайчык узрадаваўся. — Такую здыхляціну, як у мяне, дзетачкі, я — хоць з кім! Заплюшчыўшы вочы!.. — Яшчэ весялей заёрзаў.— Тады ж Карча Халімончыка, братачкі, коні будуць усе адно як мае! Eтo — непагано, ей-бо!