Без меры давольны, тоненькім галаском захіхікаў; смяяўся які міг, раптам ускочыў, нецярпліва, гарэзна затупаў:
— A мо б шчэ, хлопчыкі, й жонкі абагульніць?! — Ён весела зіркнуў на Хоню, на Алёшу, фыркнуў смехам: — Штоб, скажам, маю старую — Васілю, а Васілёву Маню — мне! Прымерам — на тыдзень!
— Што б ты рабіў з ёй — пасля Васіля!.. — зарагатаў Хоня.
— Aгe! Што! Найшоў бы што, з маладой!.. Толькі — штоб ненадоўга! На тыдзень, не болей!..
Мужчыны, не зважаючы на Алёшаву сястру, з радасцю ўхапіліся за смешкі; маўчаў толькі Чарнушка, які за ўвесь вечар слова не выціснуў. Хоня i Міця сталі падбіваць Васіля на спрэчку, але ён толькі хмурыўся: знайшлі час плясці дурную гаворку! Свет, можна сказаць, ламаецца, а яны — хаханькі!
— Не будзе з етаго нічого! — сказаў панура, цвёрда, калі мужчыны сціхлі.
Зайчык пырснуў дурасліва:
— Унь, бач, хлопчыкі, не хоча мяняцца!
Васіль, поўны свайго клопату, зноў перамаўчаў яму.
— Як хто, а я — па-свойму! — Голас яго аж дрыжаў — так, чулася, хвалявала тое, што выказваў: — Я — сам па сабе! — Як канчатковае, непахіснае, адрэзаў: — Не пайду! Скажу: не! І ўсё!
У вачах, празрыстым, светлым, i карым, што глядзелі спадылба, з-пад хмурных броў, гарэла адна безбаязная ўпартасць. Быў так усхваляваны, што не адразу заўважыў, як падышоў к агню Нібыта-Ігнат, можна сказаць, прыяцель яго.
— Скажаш! А мо — падумаеш шчэ?! — як бы пакпіў Хоня. — Не трэба зразу так заракацца!
— Aгe! Скажу: не! — падхапіў з насмешачкай i Зайчык. — Скажаш! Скажаш, ды толькі, хлопчыкі, паслухаем — што! Як возьмуцца добра! Як стануць прасіць вельмі!
— Запяеш шчэ! — буркліва напрарочыў Васілю Міця.
— Не запяю! — Васіль заўважыў прыязны, падахвотлівы позірк Нібыта-Ігната, дадаў: — Сказаў i скажу!
— Усе скажуць, нібыто! — падтрымаў Ігнат.
Хоня міг маўчаў — не хацелася зноў заядацца з Хадосьчыным бацькам, — але не ўтрываў:
— Вы, дзядзько, за ўсіх не кажыце! У кажнаго свой язык е! Не аджавалі!
Ігнат зіркнуў на яго злосна:
— І ты за другіх — не вельмі, нібыто!
— Я за сябе кажу!
— І я, нібыто!
Усе ведалі, што Хоня заляцаецца да Ігнатавай Хадоські, жаніх, можна сказаць; але нікому i ў галаву не прыйшло падсмяяцца цяпер са спрэчкі абодвух.
Зайчык зноў насеў на Васіля:
— От адбяруць голас ды прыпаяюць, як Халімончыку, цвёрдае заданне!
— Не прыпаяюць! Няма такога закону!
— Знайдуць! — прароча запэўніў Міця.
Васіль не думаў сыходзіць з пазіцыі: гатоў быў на ўсё.
— A i прыпаяюць — усе адно!
— Што — усе адно?
— Усе адно! Як такое — што жыць, што не — усе адно!
— Жыць будзеш! — звонка заявіў Хоня. — Нідзе не дзенешся! І ў калякціў пойдзеш!
— Не пайду!
— Пойдзеш! Усе пойдуць! І ты са ўсімі!
— Пойдзеш! Пойдзеш, дзетачкі! — падтрымалі Хоню Міця i Зайчык.
— Не пайду! — Васіль запыніўся: як даказаць яшчэ сваю рашучасць, непахіснасць сваю. — Калі на тое — не прывязаны тут!
— У свет пойдзеш? Кінеш усё?..
Васіль перамаўчаў. Што тут сказаць: i так ясна.
— І чаго ето страшыць так калякціў еты! — падумаў уголас Хоня. — Жывуць жа людзі ў калгасах! Унь алешнікаўцы ці туманоўскія! Багато хто — дак лепей як дасюль!
— Бандарчук з Алешнікаў — дак смяяўся: нічого, весялей шчэ, кажа, у купе! — памог Хоню Алёша.
— Весялей i лягчэй: жнейку з Мазыра унь прыгналі! Насенне адборнае, сартавое выдзелілі. Нарады з воласці прыйшлі ўжэ…
— Ну, от i ідзі ў еты свой рай! А мы, нібыто, так пажывем! Нам i так непагано!
Хоня стрымаў сябе. Міця, не здзіўляючыся, не судзячы, адзначыў проста:
— Хоня гатоў ужэ хоць цяпер…
— Пайду.
Хоня зацягнуўся, прымоўк раздумліва; не тоячыся, пашкадаваў:
— Я-то гатоў, а старая ўсё божкае… Баіцца…
— Дзіва што! — заступілася за Хоневу матку Арына.
Зайчык узрадаваўся, хіхікнуў:
— А мая, родненькія, не! Сама рвецца ў калякціў! І дабра не шкода ёй, што нажылі!..
— Якое там у цябе дабро!
— Aгe! Якое! A дзеці! Усіх хоць зараз гатова абагульніць!
— От ето — сазнацельная! — пахваліў Алёша.
Мужыкі пасмяяліся трохі i зноў замоўклі. Маўчалі доўга, адно смакталі цыгаркі. Дзіўны быў настрой: i гаварыць не хацелася, i не хацелася разыходзіцца. Як бы не ўсё было сказана, а гаварыць ніхто не мог.
Васіль i Нібыта-Ігнат, як i ў друпя разы, падаліся ад агню ўдваіх. Калі дайшлі да Васілёвага надзелу, сталі, Ігнат сказаў, бы мудрасць: