У час вайны з Гданьскам Батура наняў некалькі соцень шатляндзкіх пехацінцаў, вядомых у той час па ўсёй Эўропе за сваю адвагу і выносьлівасьць. Яны былі ўзброены мушкетамі або характэрнымі шатляндзкімі пікамі, якія адзначаліся шырокім вастрыём, доўгімі двувострымі мячамі і штылетамі. Большасьць зь іх пасьля гданьскай вайны засталася ў Польшчы і была выкарыстана ў баявых дзеяньнях з Масковіяй.
Батура пастанавіў разбудаваць і казацкую пяхоту, павялічыўшы яе да палка колькасьцю 530 запароскіх казакоў. Аднак перадусім ён зрабіў стаўку на вугорскую пяхоту з Вугоршчыны, Трансыльваніі і Славакіі. Ужо на каралеўскую каранацыю ён прывёў з сабой 600 гайдукоў. Вугорская пяхота была арганізаваная ў палкі, падзеленыя на роты па 100 жаўнераў, аднак яны ня мелі такога разгалінаванага штабу, як аналягічныя нямецкія адзінкі. Узбраеньне вугорскіх пехацінцаў нічым не адрозьнівалася ад аснашчэньня польскай пяхоты.
Батура атрымаў у спадчыну ад Жыгімонта Аўгуста досыць добрую артылерыю, таму не было патрэбы праводзіць большыя зьмены ў тым родзе ўзброеных сілаў. Галоўным цэнтрам вытворчасьці і захоўваньня гарматаў спачатку быў Кракаў, у якім знаходзіўся арсэнал і працавала каралеўская людвісарня. Астатнія людвісарні і арсэналы дзейнічалі ў Львове і Вільні, а Жыгімонт Аўгуст стварыў вельмі багаты арсэнал у Тыкоціне.
На чале арсэналаў стаялі каптэнармусы, якія кіравалі пушкарамі і цэлым шэрагам рамесьнікаў. Больш за тое, артылерыйскае абсталяваньне знаходзілася ў большасьці польскіх і літоўскіх замкаў, а складалася яно зь цяжкіх калюбрын і фэльшлянгаў, сярэдніх фалькон і квартышлянгаў, а таксама лёгкіх фальканэтаў і сэрпэнтынаў. На паходы бралі ўжо значную колькасьць гарматаў, напрыклад, на пазвольскі ў 1557 г. — 68, на радашкавіцкі ў 1567 г. — каля 100.Перавозка такой вялікай колькасьці гарматаў патрабавала вялізнай колькасьці вазоў, коней і валоў. Каб цягнуць адну толькі фэльдшлянгу, што страляла ядрамі вагай 7 фунтаў, было неабходна 6 коней. Наступныя дванаццаць везьлі на двух вазах запас ядраў і пораху. За апошняга зь Ягайлавічаў вазы і запрэжкі наймаліся разам з вазьніцамі. Карыснай інавацыяй стала ўвядзеньне Батурам т. зв. «скарбовых запрэжак», што пастаянна ўтрымліваліся дзяржавай на патрэбы артылерыі.
За Жыгімонта Аўгуста ў склад артылерыі ўваходзілі аддзелы вайсковай інжынэрыі. Спачатку яны перавозілі толькі абсталяваньне, неабходнае для будоўлі ўмацаваных лягераў і абложных працаў. Падчас лівонскай вайны распаўсюдзіўся таксама звычай перавозіць абсталяваньне, патрэбнае для будовы мастоў.
Яшчэ большы націск на вайсковую інжынэрыю Батуру давялося зрабіць падчас арганізацыі маскоўскіх кампаній.
Варта згадаць таксама, што апошні зь Ягайлавічаў наймаў на службу капэрскі флёт, які змагаўся з т. зв. «нараўскім суднаходзтвам», запушчаным на загад Івана IV падчас вайны за Лівонію. У 1570 г. кароль распачаў пабудову свайго флёту, аднак бескаралеўе, якое неўзабаве настала, прывяло да занядбаньня гэтай вельмі каштоўнай ініцыятывы. Хоць Батура падчас вайны з Гданьскам зьвяртаўся па дапамогу капэраў, аднак яны былі разьбіты гданчанамі і датчанамі і не адыгралі ніякай ролі ў новай вайне з Масковіяй.
У другой палове XVI ст. на землях Рэчы Паспалітай адбыўся значны прагрэс ў разьвіцьці фартыфікацыяў. Распаўсюдзілася ў той час т. зв. «бастэйная сыстэма», якая характарызавалася пабудовай нізкіх, шырокіх вежаў, прыстасаваных для вядзеньня артылерыйскага агню. У 60-я гг. XVI ст. на землі Рэчы Паспалітай пачала пранікаць яшчэ больш сучасная сыстэма бастыённых фартыфікацыяў, якія характарызаваліся высунутымі для вядзеньня наступальных дзеяньняў бастыёнамі пяцікутнай формы. Аднак на ўсходніх межах дзяржавы пераважалі традыцыйныя драўляна-земляныя фартыфікацыі ізьбічнай канструкцыі, якія ня вельмі адрозьніваліся ад ужо апісаных маскоўскіх замкаў. Такую сыстэму ўмацаваньняў мела большасьць гарадоў і крэпасьцяў Полаччыны.
Вайскаводцам усіх узброеных сілаў у дзяржаве быў кароль, які карыстаўся дапамогай гетманаў. У другой палове XVI ст. гетманская пасада яшчэ не была пажыцьцёвай, таму часамі манарх прызначаў вайскаводца на кожны чарговы ваенны паход. У Кароне ўжо вылучыліся пасады вялікага гетмана, палявога і прыдворнага. Вялікі гетман выконваў функцыю міністра вайны і не заўсёды кіраваў непасрэднымі баявымі дзеяньнямі. Палявы гетман камандаваў кварцяным войскам, а прыдворны — скліканым пэрыядычна прыдворным войскам. Калі кароль не прызначаў ніводнага зь іх вайскаводцам ваеннага паходу, даручаючы гэтую функцыю камусьці іншаму, яго таксама называлі гетманам, хоць ён меў мала агульнага з гетманскай пасадай. У Літве вялікі гетман спачатку быў вайскаводцам канкрэтнай ваеннай кампаніі, аднак зь цягам часу пераняў усе адміністрацыйна-судовыя справы, зьвязаныя з войскам. Яго наступнікам быў палявы гетман, а ў 60-я гг. XVI ст. зьявіўся таксама лівонскі гетман і адміністратар.